Егіпецкі сцэнар у Беларусі? Калі і магчымы, то гэта толькі павялічыць уплыў Расеі


Учора ў Егіпце войска вырашыла навесці парадак у краіне і арыштавала прэзідэнта Мэгэмэда Мурсі. Паколькі беларускай апазіцыі змяніць уладу не ўдаецца ўжо амаль дваццаць гадоў, магчыма, варта спадзявацца на айчынных вайскоўцаў? Давайце пабачым.

Розныя войскі

Аляксандр Алесін, фота belsat.euАляксандр Алесін, фота belsat.euВайсковы аналітык Аляксандр Алесін даволі скептычна паставіўся да падобнага сцэнару ў Беларусі.

“Егіпет – маладая ў дэмаграфічным сэнсе краіна, дзе асноўны прыбытак ідзе ад турызму, у выніку працоўных месцаў усім не хапала. А індустрыялізацыя і развіццё прамысловасці не былі прыярытэтам як для Хосні Мубарака, так і для “Братоў-мусульманаў” на чале з Мурсі, якія занялі ягонае месца”, – тлумачыць адмысловец.

Калі ты не заняты ў турыстычным бізнесе, а іншую працу знайсці цяжка, куды ідуць амбітныя маладыя людзі? Правільна – у войска. Паводле спадара Алесіна, вайскоўцы ў Егіпце – найбольш аўтарытэтная частка кіроўнай эліты, гэткая арыстакратыя. Менавіта з імі звязваюць надзею тыя, хто расчараваўся ў палітыках.

Беларусь, наадварот, – даволі старая нацыя, а моладзь мае магчымасць знайсці працу, хай і нізкааплатную. Хто шукае лепшай долі – едуць у Расею або Еўропу. Але галоўная розніца ў войску.

“Беларуская армія традыцыйна арыентуецца на Расею, таму калі будуць нейкія такія падзеі, то будуць спробы і з Расеі на сітуацыю неяк паўплываць, паправіць, каб вярнуць стабільнасць дзяржаве, якая прыкрывае Расею з Захаду”, – кажа Алесін.

Да таго ж у Беларусі проста няма такога выбуховага матэрыялу, які быў у Егіпце, – каб ён з’явіўся, трэба было б, каб спынілася ўся прамысловасць, бо толькі тады вайскоўцы могуць задумацца пра тое, каб узяць справы ў свае рукі. Праўда і тады армія ніколі не наважыцца на падобныя дзеянні. Нават у Егіпце вайскоўцы не ўмешваліся ў сітуацыю, пакуль не было сабрана 17 мільёнаў подпісаў супраць Мурсі.

А што было б, калі б?..

Але ўявім, што шматвектарная палітыка ўладаў давяла краіну да кропкі, і вайскоўцы ўзялі справы ў свае рукі.

“Армія таксама стварыла б пераходны тэхнічны ўрад, які правёў бы выбары. Такі ўрад меў бы перад сабою галоўную задачу – выйсце з крызісу, і разлічваць на фінансавае падтрыманне мог бы перадусім з боку Расеі. Сцэнар, калі б была арыентацыя на Захад, мне здаецца не рэальным. Бо армія ў нас традыцыйна арыентуецца на Расею, і ўладу яна б аднаўляла з дапамогаю Расеі ды пры падтрыманні фінансавым і матэрыяльным”
, – прыходзіць да высновы эксперт.

То бок, спачатку пераходны ўрад, затым – узмацненне ўплыву Расеі, чарговыя “элегантныя перамогі” на выбарах, і тады ўжо сапраўдная інтэграцыя з усходнім суседам.

Тым часам у Егіпце войска вяртае на пасады звольненых ісламістамі чыноўнікаў, і хоць афіцэры сцвярджаюць, што армія бароніць усіх грамадзянаў, – відавочна, што ў краіне адбыўся вайсковы пераварот. Армія прыслухалася да большасці грамадзянаў, якія не жадалі ператварэння краіны ў ісламісцкую дзяржаву.

Калі ж вы збіраліся правесці адпачынак у ценю пірамідаў, то прынамсі беларускія тураператары небяспекі не бачаць. Але раяць не ехаць у Каір – войска ўсцяж наводзіць парадак у сталіцы.

У. Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары