Прадпрымальнікі пратэстуюць і перамагаюць


Прадпрымальнікі цэнтральнага рынку Пінску сёння абвесцілі забастоўку. Яны пратэставалі супраць уступлення ў дзеянне з 1 ліпеня тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу на тавары лёгкай прамысловасці. Пінскіх пакупнікоў на рынку сёння сустракалі зачыненыя гандлёвыя павільёны.



ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:

“Ну, вось яны сёння не выйшлі. Якая выгода? Для каго? Для чаго? Яны ж не атрымаюць угандлявання”.

“Людзі не набылі патрэбных тавараў, якія хацелі сёння набыць. Шмат хто змарнаваў свой час, дарма прыехаў на рынак”.

“Няхай бастуюць, гэта ж нічога не дасць. Няхай бастуюць. Як пастанавілі, гэтак і будзе”.

Але ж забастоўка дала плён. Сёння стала вядома, што ва ўрадзе разглядаюць магчымасць адтэрмінаваць на год уваходжанне ў сілу тэхнічнага рэгламенту. Гэта значыць, што прадпрымальнікі, якія гандлююць вопраткаю, бялізнаю ці абуткам, нейкі час змогуць працаваць спакойна. Бо ў выніку ўваходжання зменаў у сілу большасць з іх страцілі б працу.

{movie}Пратэстуюць і перамагаюць (21.06.2013) |right|11301{/movie}

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, РГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:

“Наступствы – гэта закрыццё рынкаў, гандлёвых цэнтраў. Бо 99 % прадпрымальнікаў з 1 ліпеня будуць па-за законам”.

Паводле Анатоля Шумчанкі, дакументу, які б сведчыў пра перанясенне тэрміну ўступлення ў сілу тэхнічнага рэгламенту для ІП, ён пакуль не бачыў. Але чыноўнікі далі зразумець, што гатовыя пайсці на гэта, бо іншага шляху няма. Пратэсты прадпрымальнікаў супраць тэхрэгламенту да Пінску ўжо прайшлі ў Гародні і Віцебску. Іншыя гарады могуць таксама далучыцца.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, РГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:

“Ужываць тэрмін “спалохаліся”, “не спалохаліся”… Проста ўлады разумеюць, што акцыі пратэсту ў цяперашнім становішчы – гэта не на руку ім. А хто гэта можа зрабіць? “Перспектыва” можа зрабіць”.

Калі індывідуальным прадпрымальнікам амаль удалося на год адтэрмінаваць уступленне тэхрэгламенту, дык, напрыклад, уласнікам прадуктовых крамаў пра гэта застаецца толькі марыць. З 1 ліпеня ўжо дакладна ўступіць у сілу рэгламент пра бяспеку харчовай прадукцыі. Некаторыя пазіцыі, напрыклад, мяса і малако, з яго былі выключаныя, але на большасць дзеянне новага дакументу ўсё ж будзе распаўсюджвацца.

ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, РЭСПУБЛІКАНСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА:

“Кулінарыя, кандытарскія вырабы, любыя гатовыя стравы, сыравіна нейкая. Напрыклад, нават адварылі буракі і паставілі ў краму – цяпер нельга”.

Пра адтэрмінаванне харчовага тэхрэгламенту гаворкі пакуль няма, і наўрад ці гэта здарыцца. Значыць, з 1 ліпеня названыя тавары з крамаў могуць знікнуць.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў