Гандляркі ў Берасці скардзяцца, што не могуць глядзець «Белсат»


Жыхары Берасця распавялі пра свае праблемы падчас сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі на мясцовым аўтарынку.

Самыя актыўныя былі гандляркі. Яны падымалі такія праблемныя пытанні, як недасканалае медычнае абслугоўванне, нізкая якасць рамонту дарогаў, замаруджванне з рэалізацыяй пагаднення пра Малы памежны рух.

Разам з тым гаворка вялася пра складанасці ў атрыманні незалежнай інфармацыі. “Шмат хто казаў, што змест дзяржаўных тэлеканалаў не задавальняе, а на шляху незалежнай інфармацыі ставяцца перашкоды. Гэтак, згадвалі свежы закон, які абцяжарвае ўсталяванне спадарожнікавых антэнаў, каб глядзець той самы “Белсат”. Адзначалася, што ў канфліктных сітуацыях цяжка дзеяць, бо мясцовыя ўлады не падкантрольныя, не абраныя. Можна было б вырашаць праблему праз суд, але каб ён быў незалежны”, – паведамляе сайт руху “За свабоду”.

5 і 6 чэрвеня кіраўнікі Партыі БНФ, кампаніі “Гавары праўду!” і руху “За свабоду” пачалі сустрэчы з насельніцтвам Беларусі на тэму правядзення “Народнага рэферэндуму”. Яны прайшлі ў Белаазёрску і Берасці.

З жыхарамі Берасця размова адбылася на мясцовым аўтарынку. “Людзі актыўна падыходзілі, нягледзячы на тое, што нам замінала адміністрацыя рынку. Дырэктар рынку быў супраць здымак сустрэчы журналістамі ды выклікаў міліцыю. Тым не менш, людзі цікаўна падыходзілі, шмат хто пазнаваў Аляксандра Мілінкевіча”, – распавёў першы намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Таксама ўдзел у сустрэчы ўзялі Андрэй Дзмітрыеў і Аляксей Янукевіч.

АК, belsat.eu, паводле рух.by

Стужка навінаў