Каб разгрузіць склады, трэба звальняць працаўнікоў? (Інфаграфіка)


Больш за 82 % гатовых прамысловых вырабаў беларускіх прадпрыемстваў паводле стану на 1 траўня застаецца на складах. Такую крытычную лічбу апошні раз зафіксавалі ў 2009 годзе. Але і цяпер склады ўсцяж працягваюць запаўняцца.



У 2009 годзе на складах назапашвалася 80–90 % сярэднемесячнай вырабленай прадукцыі. Потым сітуацыя пачала паляпшацца. У 2011–2012 гадах, паводле звестак Міністэрства эканомікі, на склад трапляла ўжо 50–55 % прамысловых вырабаў. Паводле інфармацыі Белстату, раптоўнае пагаршэнне сітуацыі на складах адбылося менавіта сёлета. Калі на 1 студзеня 2013 года складскія запасы былі 56,5 %, то ўжо ў лютым – 67,9 %, у сакавіку – 75,2 %, траўні – 82,4 %.

Паралельна з запаўненнем складоў падае і прыбытак у прамысловасці. У першым квартале 2013 года прыбытак прамысловых прадпрыемстваў зменшыўся на 44,4 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га.

Прадстаўнікі ўладных структураў ужо прызнаюць, што праблема палягае ў імкненні выконваць планы, а таксама ў нізкай канкурэнтназдольнасці прадукцыі.

«Асноўная прычына вялікай колькасці запасаў па-ранейшаму – выпуск прамысловымі прадпрыемствамі аб’ёмаў прадукцыі, не забяспечаных адпаведнымі аб’ёмамі замоваў на ўнутраным і вонкавым рынках, недастатковая канкурэнтназдольнасць асобных відаў айчыннай прадукцыі», – паведамляў Нацбанк у сваім аналітычным аглядзе на пачатку сакавіка.

Адзінае выйсце – звальняць?

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што 82,4 % тавараў на складах – гэта сур’ёзны паказнік: «Рост таварных запасаў азначае выпуск лішкаў прадукцыі. У эканамічнай тэорыі гэта называецца крызісам адноснай перавытворчасці. Мы маем усе прыкметы гэтага крызісу».

Эксперт патлумачыў, што прамысловым прадпрыемствам трэба прыпыняць вытворчасць, адмаўляцца ад выпуску састарэлых тавараў, звальняць лішнюю працоўную сілу, а частку накіроўваць у вымушаныя адпачынкі. Эканаміст параіў таксама праводзіць распродаж прадукцыі па зніжаных коштах.

Леанід Заіка кажа, што ўсе краіны ў той ці іншы перыяд сутыкаюцца з крызісам перавытворчасці, але галоўнае – каб улады не рабілі выгляду, што крызісу няма. «Калі падвесці рысу, то трэба сказаць, што тут варта прафесійна ажыццяўляць рэструктурызацыю беларускай эканомікі. Гэта – самае галоўнае, што робяць у час такога крызісу. Той, хто не вытрымае канкурэнцыі, – зачыніцца… Калі збанкрутаваў вытворца амерыканскіх аўтамабіляў «Гамэр», ніхто там не панікаваў, амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама не плакаў усенародна… Гэта – эканоміка, там гэта разумеюць…”, – зазначае Леанід Заіка.

Лагічна, што, калі б улады Беларусі скарысталіся з парадаў спадара Заікі, у краіне падвысіўся б адсотак беспрацоў’я. Але эканаміст перакананы, што гэта – не праблема, бо людзі знойдуць сабе працу, калі не на радзіме, то ў Расеі. «Цяпер у нас – свабодная эканамічная прастора і свабодны рух працоўнай сілы».

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў