ААН заступілася за гомельскага актывіста


Камітэт ААН правоў чалавека прызнаў факт парушэння ўладамі Беларусі правоў Андрэя Аляшкевіча на свабоду распаўсюджання інфармацыі.

Праўда, на пастанову давялося пачакаць амаль 5 гадоў. У 2008-м Аляшкевіч распаўсюджваў улёткі пра сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Гомлю. Міліцыянты затрымалі яго, а суд прызнаў вінаватым і аштрафаваў за распаўсюд інфармацыі пра несанкцыянаванае мерапрыемства. Аляшкевіч палічыў, што гэткім чынам улады парушылі яго канстытуцыйнае права на распаўсюджанне інфармацыі, і з дапамогаю праваабаронцы Леаніда Судаленкі паспрабаваў аспрэчыць дзеянні міліцыі і пастанову суда. Гомельскі актывіст прайшоў усе судовыя інстанцыі ў Беларусі, але безвынікова.

У выніку спадар Аляшкевіч звярнуўся ў Камітэт ААН правоў чалавека, які прызнаў: дзяржава парушыла яго грамадзянскае права. Камітэт рэкамендаваў уладам Беларусі выплаціць актывісту ўсе панесеныя страты ды цягам 90 дзён апублікаваць гэтую пастанову ў дзяржаўных медыях.

“Але ўсё ж самым галоўным дасягненнем Андрэя Аляшкевіча можна лічыць тое, што міжнародныя эксперты рэкамендавалі ўраду Беларусі змяніць нормы дзяржаўнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь у свой час падпісала», – падкрэсліў спадар Судаленка.

На жаль, пастанова камітэту ААН носіць выключна рэкамендацыйны характар, таму і перамога Аляшкевіча застанецца з большага маральнаю.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў