Будучыня маладых беларусаў – за мяжою ў якасці бізнесоўца ці фермера?


Ажно 39 % беларусаў без ваганняў адправілі б сваіх дзяцей і ўнукаў навучацца за мяжу, вынікае з сацыялагічнага даследавання, праведзенага цэнтрам «Люстэрка-Інфа» адмыслова на замову «Белсату».

Амаль 30 % не ўпэўненыя, але разважаюць пра магчымасць для дзяцей адукоўвацца за мяжою. Толькі 9 % грамадзянаў – за навучанне сваіх нашчадкаў у Беларусі, а 14 % мяркуюць, што, хутчэй, не жадалі б для сваіх дзяцей замежнай адукацыі.

Якія прафесіі вам найбольш падабаюцца?

Бізнесоўца, індывідуальныя прадпрымальнікі ды фермеры – такіх прафесій для сваіх дзяцей жадалі б ажно 27 % апытаных. Столькі ж беларусаў хоча, каб іх малодшыя сямейнікі сталіся кваліфікаванымі працаўнікамі – інжынерамі, выкладчыкамі ды рабочымі-адмыслоўцамі. Крыху менш (22 %) набралі творчыя прафесіі: мастак, праграміст, журналіст і г. д. Каб іхныя дзеці сталі дзяржаўнымі службоўцамі – чыноўнікамі, вайскоўцамі ды міліцыянтамі – жадаюць 13% жыхароў Беларусі.

Іншыя варыянты адказаў кшталту «хачу, каб стаў добрым чалавекам» або «пакідаю выбар дзіцяці» набралі 2 % галасоў.

Пра «кроўнае»

Ажно 38 % беларусаў, адказваючы на пытанне «ці не баіцёся вы захоўваць грошы ў беларускіх банках», адказалі: захоўваць няма чаго і паслугамі банкаў не карыстаемся. Давяраюць беларускім банкам толькі 15 %, баяцца несці туды грошы – 12 % апытаных. Вагаецца ў станоўчы бок 25 %, у адмоўны – 32 %.

Каму аддаць дзяржаўны набытак?

27 % апытаных перакананыя, што беларускія прадпрыемствы мусяць застацца ўласнасцю дзяржавы. Сярод рэшты існуе меркаванне, што заводы найлепш прадаць беларускім інвестарам (22 %), а таксама еўрапейскім (21 %). За продаж прадпрыемстваў расейскаму боку выступаюць 17 %, а продаж беларускай маёмасці кітайцам падтрымліваюць 4 %.

Пра справядлівасць і суды

Большасць беларусаў, якія ўзялі ўдзел у даследаванні, з недаверам ставіцца таксама да беларускіх судоў: 17 % увогуле не спадзяюцца на справядлівы суд, а 32 % – хутчэй не, чымся так. Толькі кожны дзясяты апытаны пайшоў бы ў суд з лёгкаю душою і перакананнем, што там усё шчыра. 25 % схіляюцца да таго, што беларускі суд хутчэй справядлівы, чымся не.

Ці вялікая ў нас карупцыя?

11 % рэспандэнтаў ацанілі дзяржаўную сістэму Беларусі як надзвычай карумпаваную. Для 23 % беларусаў карупцыя даволі высокая, а для 27 % – на сярэднім узроўні. Толькі для 5 % карупцыя ў Беларусі адсутнічае. Пятая частка апытаных (20 %) не маюць ніякага меркавання пра ўзровень карумпаванасці ў Беларусі.

Сацыялагічны цэнтр «Люстэрка-Інфа» з 29 сакавіка да 17 красавіка на замову «Белсату» апытаў 3 тыс. жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзентатыўнасці, паводле ўстановы, не перавышае 0,6 %.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары