У Бабруйску збіраюцца знішчыць старую мазаіку – першы такі твор у горадзе


Старую бабруйскую мазаіку знясуць разам з корпусам гарадской лякарні, на сцяне якой яна знаходзіцца. Па меркаванні чыноўнікаў, мазаіка «не мае мастацкай каштоўнасці», піша 1387.by. Тым часам гэта першае мазаічнае пано, што з’явілася ў Бабруйску, да таго ж зробленае прафесійным мастаком.

Першая мазаіка ў г.Бабруйску на лякарні ім.У.Марзона, якой цяпер пагражае знішчэнне.
Фота: 1387.by

У Бабруйску пад знос ідзе стары хірургічны корпус гарадской лякарні ім У.Марзона. Будынак сапраўды ўжо даўно ў заняпадзе. Ён выглядае і матэрыяльна, і маральна састарэлым. Бабруйцы, якім даводзілася праходзіць там лячэнне, распавядалі пра жахлівыя ўмовы ў палатах. Відавочна, што рамонт ці новы будынак тут патрэбныя даўно. Аднак на фасадзе старога корпуса, які выходзіць на вуліцу Гогаля, знаходзіцца твор манументальнага мастацтва – першая мазаіка ў Бабруйску.

Аўтар мазаікі – мастак Сямён Абрамаў. Cтварыў ён яе ў 1968 годзе, працаваў у адзіночку. Твор і сёння ў выдатным стане. Сюжэт мазаікі – без савецкай ідэалогіі, прысвечаны выключна медыцыне.

«Зносяць усё і не задумваюцца, – казаў раней мастак. – Гэта знак нашага часу».

Сямён Абрамаў распавядаў парталу 1387.by, што мазаіка на лякарні – не першы ягоны твор у Бабруйску, які знішчаецца.

«Без усялякай патрэбы знішчылі маю мазаіку ў сталовай прафілакторыя «Шыннік», – прыгадвае Сямён Абрамаў. – Яна на сцяне там была, пра яе шмат пісалі ў газетах. Але потым яе проста зафарбавалі, і я тады даведаўся пра гэта абсалютна выпадкова ад працаўніка шыннага камбіната. Але гэта ўжо даўно было».

Мастак казаў, што мазаіку магчыма ўратаваць – можна было б зняць з будынку і перанесці.

«Але хто гэта будзе рабіць? – задаваў рытарычнае пытанне Абрамаў. – Гэта вельмі дорага. Лягчэй новую зрабіць».

Каментар
У Беларусі задумалі зносіць хрушчоўкі. Што з імі не так і чаму лепш не зносіць
2023.11.06 08:10

Новую мазаіку мастак таксама быў бы гатовы зрабіць для новага корпусу лякарні, калі б на гэта быў запыт. Сямён Абрамаў прыгадваў пра дзве сваіх мазаікі, эскізы якіх ён намаляваў, але яны так і не былі рэалізаванымі – у горадзе не знайшлося для іх месца.

«Шмат гадоў таму гарадскія ўлады абяцалі мне знайсці месца, але яно так і не знайшлося. А цяпер і тым больш уладам гэта не патрэбна, – казаў спадар Абрамаў. – Я да мінулага мэра звяртаўся з ініцыятывай адкрыцця мастацкага музею ў будынку былога Дому афіцэраў, і подпісы прыкладаў. Тлумачыў, што таго музею, які ўжо ёсць, мала для Бабруйску. Я падчас асабістай сустрэчы казаў, што бабруйскія мастакі абяцаюць падарыць па залі сваіх лепшы прац для такога музею. Але потым у афіцыйным адказе выканкам мне патлумачыў, што на такі праект няма грошай. Чыноўнікі не хочуць браць на сябе клопат аб развіцці культуры і мастацтва ў нашым горадзе, бо адчуваюць часовасць свайго знаходжання на пасадах. Я некалі быў у Францыі ў гарадку з шасцю тысячамі насельніцтва. Дык там ёсць мастацкі музей на тры паверхі. А што ёсць у нас на 200-тысячны горад?».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў