Ад Ірада да ірадаў

Гісторыя пра тое, як падчас дзікунскага ўварвання хамасаўцаў на тэрыторыю Ізраілю з асаблівай жорсткасцю былі забітыя як мінімум 40 дзяцей і немаўлятаў, а самыя целы малых яшчэ і замінаваныя, – разарвала сэрца.

Асабістыя рэчы, у тым ліку дзіцячы вазок, заўважаныя на дарозе побач з аўтамабілем праз некалькі дзён пасля масавага пранікнення баевікоў «Хамасу» з сектару Газа, непадалёк кібуцу Кфар-Аза на поўдні Ізраілю. 10 кастрычніка 2023 года. RONEN ZVULUN / Reuters / Forum

Спачатку чакалі, што гэта абвергнуць, але з’явіўся рэпартаж карэспандэнтаў агенцтва Reuters, якія былі на месцы трагедыі і бачылі ахвяраў на ўласныя вочы.

Забівалі малых у ложках, знішчалі таксама іхных маці, бацькоў, бабуль і дзядуляў. Кідалі гарматы альбо расстрэльвалі ва ўпор. Гэта здарылася ў кібуцы Кфар-Аза. Кібуц у Ізраілі – сельскагаспадарчая камуна, аналаг калгасу, дзе права на маёмасць агульная пры забяспечанай роўнасці ў працы і ўжыванні.

Рэпарцёры Reuters Мааян Любэл і Эмілі Роўз (Maayan Lubell, Emily Rose) пішуць, што калі журналісты ішлі па дарожках Кфар-Аза, у паветры стаяў цяжкі пах трупаў. Генерал-маёр Цагалю Ітай Выруб, які ўдзельнічаў у зачыстцы пасялення ад баевікоў, прызнаўся, што «такога за сваё 57-гадовае жыццё не бачыў ніколі». І вымавіў: гэта не вайна, гэта бойня.

«Забітыя ізраільцяне і баевікі «Хамасу» ляжаць на тэрыторыі кібуцу сярод абвугленых дамоў, раскіданай мэблі і падпаленых аўтамабіляў, пакуль ізраільскія жаўнеры ходзяць ад дому да дому, каб сабраць целы загінулых. Вы бачыце дзяцей, маці, бацькоў у іхных спальнях. Тэрарыст заходзіў і абсалютна без ніякіх ваганняў расстрэльваў іх ва ўпор», – распавядае карэспандэнт Reuters.

«Гэта сапраўдная бойня, гэта тое, чаго я не бачыў ніколі ў сваім жыцці», – прамаўляе генерал Выруб.

Ізраільскі тэлеканал i24 News паведаміў таксама, што некаторым немаўлятам адсякалі галовы ці іншыя часткі целаў, якія потым яшчэ і замінавалі.

Брытанская кансерватыўная газета The Telegraph надрукавала фота па-зверску забітага баевікамі «Хамасу» дзіцяці. Подпіс быў такі:

«Гэта самае складанае, што мы калісьці публікавалі. Калі мы пішам пра такое – нас калоціць. Мы не былі пэўныя, ці варта гэта паказваць, але вырашылі: кожны мусіць ведаць, што здарылася».

Забойцы дзейнічалі без перашкодаў. Ёсць версія, што яны заходзілі ў дамы ў форме ізраільскай паліцыі ці вайскоўцаў. Як і тады, калі расстрэльвалі ўдзельнікаў музычнага фестывалю раніцай 7 кастрычніка. І там былі пярэваратні ў ізраільскім абмундзіраванні.

Гора, трагедыя, жудасць. Дзетазабойства хоць і ўскалыхнула ўвесь свет, але не стала цэнтрам увагі. Тое, што знішчаецца будучыня планеты, сёння аказалася не надта актуальным. Больш цікавіла рэакцыя палітыкаў у розных кутках зямлі: хто з іх на чыім баку. Дзеці – што, яны гінулі, гінуць і будуць дачасна сыходзіць з жыцця не толькі падчас вайны. Ды не толькі ва Украіне, Расеі, Ізраілі альбо сектары Газа.

Каментар
«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы
2023.10.08 21:28

Але тут адбываецца наўмыснае і мэтанакіраванае знішчэнне немаўлятаў, ды яшчэ з асаблівай жорсткасцю, якое не назавеш рытуальным. Гэтае дзікунства, якое, аказваецца, магчымае і ў XXI стагоддзі, адразу стварыла асацыяцыю з часам нараджэння Ісуса Хрыста і адаслала ў той біблейскі час, калі на зямлі кіраваў цар Ірад I Вялікі. Яго апісвалі як «жорсткага вар’ята, які забіў сваю сям’ю і мноства рабінаў», згадвалі як злога генія юдэйскай нацыі, гатовага на любое злачынства ва ўгоду ўласным неабмежаваным амбіцыям. Імя ягонае стала сімвалам праклёну.

У хрысціянскай традыцыі гэты перыяд называецца ледзь не самым трагічным. Мяркуецца, што больш як за 2000 гадоў таму правіцель Юдэі Ірад загадаў забіць усіх хлопчыкаў ва ўзросце да двух гадоў у горадзе Віфлееме, каб папярэдзіць з’яўленне свету Ісуса Хрыста, у якім Ірад бачыў свайго самага рэальнага канкурэнта ва ўладзе.

Паколькі ён не ведаў, дзе і калі з’явіўся на свет маленькі Ісус, то вырашыў для надзейнасці знішчыць усіх тых, сярод каго мог быць Збаўца.

Загінулі тысячы дзяцей, як гаворыцца ў апісанні гэтых трагічных падзеяў у адзіным сведчанні, што дайшло да нашых дзён, – Евангеллі ад Матфея.

Не цяжка ўявіць, што падобнае магло напраўду адбывацца, паказваючы ступень пачварнай перакуленасці, скажонасці быцця гэтага свету, які меў і мае дагэтуль патрэбу ў прыходзе Збаўцы, як указваецца ў рэлігійных хрысціянскіх крыніцах.

Баевікі не толькі забіваюць малых. Ёсць сведчанні, што хамасаўцы забралі з сабою нават шасцімесячнае дзіця. Навошта, з якой мэтай? Адкуль падобнае і ў нашыя дні? Выключна ад дзікунства ў галовах, ад, вобразна кажучы, забітасці мозгу ідэалогіяй сучаснага свету, якая ў розных краінах падаецца па-рознаму. У закаранелых мусульманскіх рэжымах – да фанатычнага служэння Алаху з легітымным забойствам няверных.

У больш цывілізаваных краінах, але з не меншай аўтакратычнай уладаю, – да ідэалогіі супрацьстаяння міфічнаму ворагу да самай смерці. Чытаю інфармацыю: «Емен мабілізуе вайскоўцаў на падтрымку Палестыны» і бачу на відэа, як у шэрагу дарослых са зброяй крочыць маленькі хлопчык. Ён таксама нясе з сабою зусім не цацачны аўтамат. Што ў галаве ў гэтага дзіцяці? На што яго рыхтуюць дарослыя? Ці ёсць нейкія сямейныя каштоўнасці ў тым жа Емене альбо Іярданіі, Іране, Сірыі, Палестыне? Ці надаюць там дзецям з маленства школу жыцця самадастатковага, адукаванага, інтэлігентнага?

Французскі прапаведнік хрысціянскай веры, тэолаг, палеміст і пастар часу пратэстанцкай рэфармацыі Жан Кальвін (Jean Calvin) стварыў сістэму хрысціянскага багаслоўя, праз якую сцвярджаў яшчэ ў XVI стагоддзі:

«Мы заўсёды мусім памятаць, што ў д’ябла ёсць свае дзівосы».

Джордж Оруэл у рамане «1984» падкрэсліваў: «Вайна – гэта спосаб разбіваць ушчэнт, распыляць у стратасферы, тапіць у марской бездані матэрыялы, якія маглі б палепшыць народу жыццё і тым самым урэшце зрабіць людзей больш разумнымі». Але ці трэба гэта таталітарным уладам, якія падтрымалі жудасныя падзеі ў Ізраілі? Мараль іншая: выгадаваць байца, які будзе бездакорна выконваць кожнае заданне начальніка: забіваць, дык забіваць; гвалціць, дык гвалціць; красці, дык красці. Адначасова з гэтым усё навокал разбураць і руйнаваць.

Ізраільскія сілавікі ў Сдэроце, Ізраіль. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Тэлеграм-канал «Кабінет пісьменніка» бачыць гэта так: «Чым займацца маладым хлопцам у краіне, у якой з дзяцінства ім праціраюць да бляску знутры чарапную каробку з нейкім ідэалагічным дзікунствам, і яны бачаць, што больш-менш нармальныя грошы ў сваім гаротным рэгіёне можна зарабляць толькі ў шэрагах баевікоў?» Правільна: усё сваё кароткае жыццё бегаць у красоўках і з аўтаматам ды люта ненавідзець увесь свет за гэтую несправядлівасць.

Дзяцей у Беларусі цяпер нашпігоўваюць памяццю пра Другую сусветную вайну. Хаця, вядома, ім гэта абсалютна не зразумела. Ды і што згадваць пра тое, што было 80 гадоў таму, калі перад вачыма сучасная вайна з такімі ж бязлітаснымі дзеяннямі агрэсараў, такімі ж шматлікімі ахвярамі і разбурэннямі. Кажуць, што тады была Вялікая Айчынная вайна. А як называць цяперашнюю, ва Украіне? Дзе нашыя, а дзе вораг? Як разабрацца? І ці ўвогуле задумваюцца яны пра гэта. Спадзяюся, што так. Тым больш, калі бацькі адэкватныя. І тады ёсць надзея, што нацыя не згіне, не распусціцца ў сучасным свеце бяздушнасці і хлусні.

Гісторыі
«Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна». Вайна ў Ізраілі – вачыма яго жыхароў
2023.10.11 09:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў