Захаванне ініцыятывы расейцаў на ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 798-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім кірунку сілы абароны краіны адбілі шэсць атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Бераставое і Копанкі ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Большая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца на суседнім ліманскім кірунку, дзе яны прынамсі 21 раз атакавалі каля Новаягораўкі, Грэкаўкі, Макееўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама каля Цернаў на поўначы Данецкай вобласці, але паўсюль не дасягнулі поспеху.

Тым часам аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што самыя ЗСУ вярнулі раней страчаныя пазіцыі на ўсходзе ад сяла Ямпалаўка (каля Цернаў).

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ застаецца і на бахмуцкім кірунку, дзе яны цягам содняў прынамсі 33 разы атакавалі каля Белагораўкі, Верхнякаменскага, Раздолаўкі, Спірнага, Часавага Яру, Клішчыеўкі і Андрэеўкі. Пры гэтым найбольшая інтэнсіўнасць баёў па-ранейшаму лакалізуецца ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ прасоўваюцца з поўначы ад трасы Т-0504 у бок каналу Северскі Данец – Данбас, імкнучыся атачыць мікрараён на ўсходзе Часавага Яру (аддзелены ад асноўнай часткі гораду каналам).

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што на ўсходніх ускрайках Часавага Яру войскі РФ палепшылі свае пазіцыі. Таксама яны маюць невялікія тактычныя поспехі каля Клішчыеўкі.

Між тым праўкраінскі «Говорять Снайпер» сцвярджае, што пад Клішчыеўкай праціўнік прасунуцца не здолеў. У гэты ж час самыя ЗСУ замацаваліся на пазіцыях каля Багданаўкі (на паўночным усходзе ад Часавага Яру).

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы ціснуць з захаду ад раней захопленага аднайменнага гораду. Генштаб ЗСУ фіксуе не менш за 33 атакі праціўніка каля населеных пунктаў Архангельскае, Керамік, Сокал, Уманскае, Сямёнаўка, Яснабродаўка і Няйталава.

У Deepstate гавораць, што расейцы цалкам занялі сёлы Керамік і Новакалінавае на паўночным фланзе кірунку, в таксама прасунуліся ў бок Новааляксандраўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што цяпер войскі РФ актыўна рухаюцца з боку сяла Ачарэтына да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, якая з’яўляецца адной з галоўных лагістычных артэрыяў на Данбасе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На навапаўлаўскім кірунку працягваюцца баі ў Краснагораўцы, дзе расейцы намагаюцца абысці з флангаў тэрыторыю мясцовага цагельнага заводу – пакуль без істотных поспехаў.

Далей на поўдзень па фронце войскі РФ ціснуць у ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Парасковіеўка.

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што апошні населены пункт быў цалкам заняты Узброенымі сіламі РФ. Цяпер расейцы праводзяць зачыстку і замацоўваюцца на новых пазіцыях.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Генштаб ЗСУ піша пра няўдалыя атакі праціўніка каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае.

Між тым у Deepstate фіксуюць прасоўванні УС РФ ва Ураджайным.

Самыя вайскоўцы РФ заяўляюць аб сваім прасоўванні на адлегласць да 400 метраў на ўчастку фронту шырынёй каля 1,5 кіламетра ў ваколіцах сяла Новаданецкае. Таксама яны гавораць пра поспехі каля Ураджайнага і Старамаёрскага.

У Запарожскай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, Узброеныя сілы РФ атакавалі каля сёлаў Работына і Белагор’е (вайскоўцы гораду Арэхаў), але поспеху не дасягнулі.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ выбілі ўкраінцаў з паўночных ускрайкаў Работына, вымусіўшы іх адступіць у суседняе сяло Капані.

У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў, але істотных зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Агляд
Сітуацыя ва Украіне: актывізацыя баёў у Работыне і баі за востраў Нэстрыга
2024.04.30 17:08

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў