«Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна». Вайна ў Ізраілі – вачыма яго жыхароў


Ужо некалькі дзён жыхары Ізраілю жывуць у стане шоку з жаданнем пакараць «Хамас». Мы паразмаўлялі з некаторымі з іх, каб даведацца, што там цяпер адбываецца. Нашыя суразмоўцы – жыхарка Іерусаліму Сара Гольцбэрг і грамадскі актывіст Барыс Балтэ, які цяпер у прыфрантавой зоне.

Ізраільскі салдат трымае выратаванага сабаку, займаючы пазіцыю каля бамбасховішча ў кібуцы Кфар-Аза на поўдні Ізраілю. 10 кастрычніка 2023 года.
Фота: RONEN ZVULUN / Reuters / Forum

«Мы той народ, які вайна аб’ядноўвае»

Сара Гольцбэрг жыве ў Іерусаліме, займаецца адукацыяй дзяцей.

«Але апошнія тры дні мы нічым не займаемся – ваюем. Кожны робіць тое, што можа ў гэтай сітуацыі. Хтосьці пайшоў ваяваць і абараняць сваю краіну, хтосьці збірае гуманітарную дапамогу для дзяцей, якія ўцяклі з поўдня, хтосьці збірае пайкі для рэзервістаў. Усе арганізоўваюцца, і я веру, што мы справімся. Але ў нас паміраюць дзеці, жаўнеры. Яны заходзяць у Газу і гінуць – і гэта вялікая трагедыя», – кажа спадарыня Сара ў размове з «Белсатам».

Ваенныя дзеянні ў Ізраілі пачаліся рана ранкам у святочны дзень: у суботу, напрыканцы вялікіх святочных канікулаў, калі ўсе былі максімальна расслабленыя.

«Гэта быў шок. Мы збіраліся адправіцца ў сінагогу на малітву і святкаванне Торы. Ранкам я расплюшчыла вочы і пачула сірэну. У Іерусаліме такое здараецца вельмі рэдка. Але нам паказалі, што мы таксама можам зрабіцца ўдзельнікамі жахлівых падзеяў – палову суботы пратрымалі ў напружанні», – узгадвае нашая суразмоўца.

Цяпер у Іерусаліме ціха. Ён у аранжавай зоне, таму горад не працуе і ёсць пэўныя абмежаванні: зачыненыя ўсе ўстановы, у тым ліку адукацыйныя, нельга збірацца ў адным памяшканні больш чым 50 асобам, а на вуліцы – больш чым дзесяцярым. Гэтыя абмежаванні звязаныя з тым, што за паўтары хвіліны ад моманту, як пачне гучаць сірэна, людзі мусяць дабрацца да найбліжэйшага бяспечнага месца, і таму нельга, каб дзесьці назапашвалася шмат людзей. У горадзе адкрытыя вялікія крамы, дзе можна набыць прадукты, але іх няшмат, у асноўным усё закрытае. На вуліцах вельмі шмат паліцыі і хуткай дапамогі.

Днямі служба тылу папрасіла сабраць набор, які дазволіць жыхарам Іерусаліму спакойна заставацца ў бяспечным месцы да 72 гадзінаў. У спіс неабходнага ўвайшлі:

– запас вады (3 літры на чалавека на дзень) на 72 гадзіны;

– запас сухіх і кансерваваных прадуктаў;

– асвятленне або ліхтарык на батарэйках;

– сродкі атрымання абвестак і абнаўленняў – рацыя, якая працуе ад батарэек і партатыўных акумулятараў для мабільных тэлефонаў;

– лекі, аптэчка першай дапамогі;

– асабістыя дакументы, грошы;

– усё неабходнае для немаўлятаў і хатняй жывёлы.

Гэтая просьба выклікала ажыятаж у крамах: людзі змялі ўсё з паліцаў.

«Краіна ў шоку. Адбылася каласальная трагедыя, пра якую складана не проста гаварыць, а нават думаць. Цяжка падабраць словы… У нас шмат зніклых людзей, у асноўным гэта маладыя людзі, у нас шмат байцоў, якія загінулі ці зніклі. Сітуацыя напружаная. Усе разумеюць, што пагроза ідзе з поўначы. З Газай мы паціху разбіраемся, а вось поўнач – гэта Ліван і «Хізбула», Іран са сваім падтрыманнем тэрарыстаў. Адзін з кіраўнікоў Палестынскай аўтаноміі ў найбліжэйшыя дні збіраецца ехаць да Пуціна, таму, мяркую, без рукі Масквы, расейскага падтрымання тут таксама не абышлося.

У першы дзень вайны па Ізраілі выпусцілі 5 тысячаў ракет. У мінулую ваенную аперацыю ў 2014 годзе, калі адбываліся вельмі моцныя бамбаванні, такая колькасць ракетаў была выпушчаная за ўсю аперацыю, якая цягнулася цягам тыдня-двух. Лічбы кажуць самі за сябе. Тэрарысты могуць атрымаць дзясяткі тысячаў ракетаў з тэрыторыі Ірану. Цяпер яны проста зайшлі ў наш дом праз адчыненыя брамы і забілі дзяцей і жанчын. У іх адна мэта – сцерці з твару зямлі габрэяў», – кажа спадарыня Сара.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Вялікім болем адгукаецца трагедыя, якая адбылася 7 кастрычніка на фестывалі электроннай музыкі «Supernova». На яго з’ехаліся тысячы маладых людзей, фэст праходзіў у пустэльні побач з мяжою сектару Газа і быў прымеркаваны да габрэйскага свята Сукот. Там у суботу адбыўся адзін з першых нападаў баевікоў «Хамасу». На тэрыторыі фестывалю валанцёры знайшлі не менш за 260 целаў, шмат маладых людзей выкралі і адвезлі ў якасці закладнікаў у Газу.

«Я гадую сваіх дзяцей, каб навучыць іх музыцы, мастацтву, мовам, даць ім адукацыю. Яны ж гадуюць сваіх дзяцей, каб забіваць габрэяў. У мяне двое дзяцей, а колькі дзяцей у адной сярэдняй арабскай сям’і? Так, гэта выглядае як нянавісць, але… Гэта страшная трагедыя. Моладзь, гэтых яшчэ дзяцей з фестывалю проста палівалі аўтаматным агнём.

Маме дзяўчыны, якую вывезлі ў Газу, пазванілі з тэлефона гэтай дзяўчыны і сказалі, што яе дачка ў іхных руках, яны яе згвалцяць і заб’юць. Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна», – падкрэслівае наша суразмоўца.

Паводле яе, цяпер шмат людзей у Ізраілі хоча помсты, але ёсць і тыя, хто падтрымлівае тэрарыстаў. У гэтыя дні на вуліцу выйшла невялікая колькасць ізраільцянаў, якія хацелі падтрымаць жыхароў Газы.

«Грамадства жадае пакараць «Хамас», вайскоўцы робяць сваю справу»

Яшчэ адзін наш суразмоўца – Барыс Балтэ. Грамадскі актывіст, мысляр, ён у гэтыя дні ў прыфрантавой зоне пад абстрэламі.

«Калі я з навін даведаўся, што «Хамас» прарваў мяжу з Ізраілем, панікі не было, але быў шок ад таго, што яны зрабілі гэта і што шмат людзей захапілі ў палон – такога ніколі не было. Шок пасля перарос у стан дэпрэсіі – як такое наогул магло адбыцца?» – распавядае Барыс у размове з «Белсатам».

Асабістыя рэчы, у тым ліку дзіцячы вазок, заўважаныя на дарозе побач з аўтамабілем праз некалькі дзён пасля масавага пранікнення баевікоў «Хамасу» з сектару Газа, непадалёк кібуцу Кфар-Аза на поўдні Ізраілю. 10 кастрычніка 2023 года.
Фота: RONEN ZVULUN / Reuters / Forum

Паводле яго, цяпер у краіне з боку левых гучаць закіды ў бок ізраільскіх уладаў, якія гэта дапусцілі. З боку правых гучаць думкі, што меў месца сабатаж паводле прынцыпу «чым горш, тым лепш», каб у народзе выбухнуў недавер да ўлады. Ствараецца незалежная камісія са складу аўтарытэтных асобаў (грамадскіх дзеячаў, бізнесоўцаў і іншых), якія будуць аналізаваць дзеянні ўладаў і вайсковага кіраўніцтва ў гэтай сітуацыі. Наш суразмоўца не выключае: магчыма, пасля прэзентацыі вынікаў у краіне адбудуцца палітычныя перамены.

«У палон да тэрарыстаў трапілі жыхары памежных паселішчаў, гарадоў, куды прарваліся гэтыя бандыты. Яны ўчынілі там сапраўдны генацыд. Кадры адтуль вельмі страшныя.

Дакладна невядома, колькі людзей трапіла ў палон, ёсць розныя лічбы і звесткі. Выклікае сапраўдны боль тое, як родзічы шукаюць цяпер сваіх родных. Яны давалі прэс-канферэнцыі ў эфіры розных тэлеканалаў. Але настрой у людзей баявы. Людзі ідуць на вайну. Вядома, што ўжо шмат загінулых, вялікая колькасць з іх – жаўнеры, міліцыянты, супрацоўнікі службы бяспекі. У баі з бандытамі цяжка паранены генерал Раман Гофман – начальнік навучальнага цэнтру сухаземных войскаў, які родам з беларускага Мазыра. Цяпер ён у шпіталі, стан ягоны стабілізаваўся», – кажа Барыс Балтэ.

Ён заўважае: у людзей па ўсёй краіне шок, пануе жаданне адпомсціць, пакараць «Хамас».

«Але гэта эмоцыі. Вайсковая справа – такая рэч, дзе трэба падыходзіць з халоднай галавою. Цяпер галоўная задача – выгнаць бандытаў, якія ўсё яшчэ застаюцца на тэрыторыі Ізраілю. У асноўным іх выгналі з гарадоў і паселішчаў, куды яны ўварваліся ў першыя дні. Асноўныя баі там спыніліся. Але ёсць невялікія групы, якія захаваліся, і трэба іх знайсці і знішчыць», – падсумаваў наш суразмоўца.

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

Саша Гоман belsat.eu 

Стужка навінаў