Эдуарду Бабарыку могуць дадаць год зняволення


З крыніцаў «Белсату» стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу. Гэтым разам яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Пакаранне – год пазбаўлення волі.

Эдуард Бабарыка падчас суда. Менск, 5 ліпеня 2023 года.
Фота: sb.by

Эдуард Бабарыка адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску, яго пакаралі 8 гадамі зняволення. З улікам часу ў СІЗА Эдуарду Бабарыку застаецца правесці за кратамі каля 4,5 года. У выпадку, калі ён будзе прызнаны вінаватым паводле арт. 411 КК РБ, агульны тэрмін ягонага зняволення павялічыцца на адзін год.

18 ліпеня 2020 года Эдуарда Бабарыку затрымалі разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Эдуарда абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў») і арт. 130 («Распальванне варожасці»). Суд пакараў яго пазбаўленнем волі на 8 гадоў.

Беларускія праваабаронцы заклікаюць выдаліць з Крымінальнага кодэксу Беларусі арт. 411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»), згодна з якім палітычным вязням працягваюць тэрміны зняволення за найменшыя дысцыплінарныя правіны.

Эдуард Бабарыка можа яшчэ абскардзіць дзеянні адміністрацыі калоніі, але практыка апошніх гадоў сведчыць, што такія дзеянні не маюць перспектывы.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў