Праваабаронцы тлумачаць, чаму дысцыплінарныя парушэнні не павінныя выклікаць крымінальную адказнасць


Беларускія праваабаронцы будуць дамагацца выдалення з Крымінальнага кодэксу Беларусі артыкула 411 (злоснае непадпрадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), згодна з якім палітычным вязням працягваюць тэрміны зняволення за найменшыя дысцыплінарныя правіны.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Белсат

Заява зарэгістраваная ў ААН

Юрысты праваабарончага цэнтру «Вясна» збіраюцца дамагацца выдалення 411-га артыкула з Крымінальнага кодэксу РБ пры пасярэдніцтве спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Як адзначылі самі праваабаронцы, іхны зварот ужо зарэгістраваны, далей спецдакладчык можа направіць зварот да беларускага ўраду «з просьбай патлумачыць сітуацыю па артыкуле 411 КК».

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гэты артыкул выкарыстоўваецца для ціску на палітзняволеных, якія знаходзяцца ў турмах. Згодна з іхнымі дадзенымі, на сённяшні дзень не менш за 55 палітвязняў былі ўжо асуджаныя і пераведзеныя на турэмны рэжым, а яшчэ 28 чалавек абвінавачваюцца па 411-м артыкуле.

Сярод тых, да каго быў прыменены гэты артыкул, згадваюцца імёны Змітра Дашкевіча, Паліны Шарэнды-Панасюк, Алега Яфрэменкі, Вікторыі Кульшы.

Асноўныя праблемы з артыкулам 411 КК

«Белсат» звязаўся з праваабарончым цэнтрам «Вясна» і распытаў, чым на сённяшні дзень з’яўляецца артыкул 411 і чаму варта дамагацца яго скасавання.

«Артыкул 411 прадугледжвае крымінальную адказнасць за пэўную колькасць дысцыплінарных правапарушэнняў падчас адбывання крымінальнага пакарання, – кажа Святлана Галаўнёва, юрыстка Праваабарончага цэнтру «Вясна». – І адна з асноўных праблем тут тое, што, па сутнасці, колькі б не было дысцыплінарных правапарушэнняў, яны колькасцю не могуць складаць нейкае крымінальнае парушэнне, бо гэта практыка нейкага сярэднявечча і ў цывілізаваным свеце недапушчальная».

Дысцыплінарная адказнасць можа быць больш або менш жорсткай, кажа Святлана Галаўнёва, але крымінальная адказнасць з-за таго, што чалавек парушае шмат дробных правілаў, наступаць не можа. У крымінальнай адказнасці «іншыя ўласцівасці», яна накладвае «нашмат больш сур’ёзны адбітак» і на лёс чалавека, і на наступствы.

Наша суразмоўніца падкрэсліла, што праваабаронцы сталі звяртаць увагу на прымяненне гэтага артыкула з дзвюх прычын: па-першае, з-за таго, што ён стаў інструментам ціску на палітзняволеных, а па-другое, таму, што практыка прымянення гэтага артыкулу «вельмі закрытая»: усё адбываецца ў межах папраўчай установы, і ні ў кога па-за межамі гэтых устаноў няма разумення таго, як праходзяць гэтыя працэсы. «Бо калі мы ўжо бяром крымінальную адказнасць, то добра было б бачыць, як гэтыя дысцыплінарныя пакаранні былі накладзеныя, за што, ці была ў чалавека магчымасць эфектыўна аспрэчыць кожнае дысцыплінарнае правапарушэнне».

Такога роду крымінальная адказнасць не стасуецца са стандартамі справядлівага судовага пасяджэння і паўторнага пакарання за адно і тое ж дзеянне, кажа юрыстка «Вясны», гэта асноўныя гарантыі прэзумпцыі невінаватасці і справядлівага суду.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не выпраўляецца

Святлана Галаўнёва адзначае, што ў праваабаронцаў няма вялікіх спадзяванняў на тое, што беларускія ўлады змогуць адмяніць гэтую адказнасць, але трэба «падсвечваць гэтыя выпадкі і збіраць больш інфармацыі пра іх, звяртаць увагу на такія выпадкі», паказваць міжнароднай супольнасці, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не выпраўляецца.

Што да рэакцый беларускага рэжыму на спробы праз міжнародныя арганізацыі паўплываць на прававую сітуацыю ўнутры нашай краіны, то, як сцвярджае наша суразмоўніца, «адкрытых рэакцый» з іх боку не бывае.

«Але калі мы можам ціснуць на нейкія аанаўскія структуры, спецдакладчыкаў, Вярхоўны камісарыят па правах чалавека, то тады яны бачаць праблему як істотную і пачынаюць яе даносіць ужо ў камунікацыях з беларускімі ўладамі, бо ўсё ж такі камунікацыі працягваюцца. Канечне, не будзе нейкіх публічных рэчаў, і «Беларусь Сегодня» не напіша, што пасля звароту нейкага спецдакладчыка беларускія ўлады вырашылі штосьці змяніць у практыцы ці ў заканадаўстве адносна гэтага артыкулу, але гэта прынамсі можа дапамагчы неяк знізіць узровень выкарыстання гэтага артыкула», – адзначае юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна».

Акрамя таго, лічыць Святлана Галаўнёва, у доўгатэрміновай перспектыве ўсё яшчэ ёсць надзея пабачыць нейкія пазітыўныя змены, і ад спробаў паўплываць на гэта ніколі нельга адмаўляцца.

Гісторыі
«Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі». 1000 дзён за кратамі: правілы жыцця журналісткі Кацярыны Андрэевай
2023.08.12 08:10

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў