У Тбілісі падчас разгону пратэстаў затрымалі 63 асобы. Нязгодныя плануюць новыя акцыі


У ноч з 30 красавіка на 1 траўня ў сталіцы Грузіі былі затрыманыя 63 удзельнікі акцыяў супраць закону аб замежных агентах. Пра гэта паведамляюць «Новости Грузии» са спасылкай на звесткі МУС.

Разгон пратэстаў у Тбілісі.
Фота: newsgeorgia.ge

Мінулай ноччу грузінскі спецназ некалькі разоў распачаў спробу разгону, але мітынгоўцы шторазу вярталіся на праспект Руставэлі. Супраць дэманстрантаў былі ўжытыя вадамёты, пярцовы спрэй, слезацечны газ, гумовыя кулі.

Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі за ноч некалькі разоў патрабавала ад МУС спыніць разгон мірнай акцыі. У выніку каля 04:30 раніцы спецназ адступіў, пакінуўшы праспект Руставэлі пратэстоўцам.

Тым не менш, былі затрыманыя 63 асобы. Усе яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням паліцыі. Намеснік міністра ўнутраных справаў Аляксандр Дарахвялідзэ заявіў, што акцыя ля парламенту «набыла гвалтоўны характар» і яе ўдзельнікі супрацьстаялі паліцыі словамі і фізічна. Паводле яго, пацярпелі шэсць паліцыянтаў. Колькасць пацярпелых удзельнікаў акцыі ён не назваў.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, 30 красавіка і 1 траўня з акцыі каля заканадаўчага органу ў розныя медычныя ўстановы былі пераведзеныя 11 пацярпелых, у тым ліку праваахоўнікі. Частка пацярпелых выпісаная і пакінула клініку, паведамляе «Грузия online».

Сярод тых, хто пацярпеў ад дзеянняў спецназу, як паведамляецца, старшыня апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» і дэпутат парламенту Грузіі Леван Хабеішвілі, асабістая прадстаўніца экс-прэзідэнта краіны Міхэіла Саакашвілі Сафо Джапарыдзэ, амерыканскі адвакат Тэд Джонас.

У сувязі з фактамі ўжывання празмернай сілы ў дачыненні пратэстоўцаў Адмысловая следчая служба расследуе магчымае злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі праз гвалт.

Пратэсты і абмеркаванне законапраекты працягваюцца

1 траўня парламент Грузіі працягне разглядаць законапраект аб замежных агентах у другім чытанні. Згодна з ім плануецца стварыць рэестр НДА і медыяў, «якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы» – у тым ліку ЗША і Еўрапейскага Звязу. У парламенце ўведзены адмысловы рэжым бяспекі.

Перад парламентам зноў плануюцца акцыі пратэсту. Чакаецца, што сёння да іх далучацца жыхары рэгіёнаў Грузіі. Некаторых вязуць партыі, якія падтрымалі пратэсты. Іншыя едуць самі – жыхары Тбілісі праз сацсеткі прапаноўваюць ім ежу і дах над галавой.

Тым часам хакерская групоўка «Anonymous» пагражае адпомсціць грузінскай паліцыі за жорсткі разгон акцыі пратэсту ў Тбілісі.

Нагадаем, спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» у Грузіі ёсць аналагам расейскага закону аб «замежных агентах». Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе дакумент. Яна абвінавачвае кіроўную партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Hавiны
У Тбілісі паліцыя выкарыстала супраць пратэстоўцаў вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ
2024.04.30 23:23

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў