Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Сваякі загінулага байца палка «Азоў» каля выставы «Полк «Азоў» – анёлы Марыупалю» падчас святкавання Дня абаронцаў Украіны ў Кіеве, Украіна, 14 кастрычніка 2022 г.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступаць у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, намагаючыся цалкам ачысціць рэгіён ад расейскіх войскаў. Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што ЗСУ ўдалося вызваліць населеныя пункты Пішчанае, Бераставое і Табаеўка, таксама ISW піша пра ўкраінскія атакі ў ваколіцах Крахмальнага, Арлянкі і Катляраўкі. Такім чынам ЗСУ намагаюцца выйсці да гораду Сватава і абысці яго з поўначы.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што ЗСУ працягваюць атакаваць расейскія пазіцыі на лініі населеных пунктаў Кіслоўка – Першатраўнева.

Тым часам дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч прызнаў, што сітуацыя ў Харкаўскай вобласці застаецца складанай, бо расейцы паспелі перакінуць сюды мабілізаваных, а яшчэ каля 20 тысяч вайскоўцаў застаюцца на тэрыторыі Белгародскай вобласці РФ.

На стыку Данецкай і Луганскай вобласцяў украінскія вайскоўцы назапашваюць сілы на лініі Торскае – Тэрны, а таксама наступаюць на Новасадовае. ISW паведамляе, што на гэтай частцы фронту расейскія войскі чакаюць вялікага наступу ЗСУ.

У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці працягвалі наступаць расейскія войскі. Генеральны Штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Вопытнае, Вясёлае, Невельскае, Адрадаўка, Іванград і Бахмут. Аналітыкі ISW адзначаюць прасоўванне расейцаў у кірунку Бахмуту, але не знаходзяць пацверджання захопу імі Іванграду і Вопытнага. У гэты ж час прарасейскія крыніцы пішуць, што ЗСУ невялікімі групамі пакідаюць Бахмут, апасаючыся атачэння.

На Запарожскім участку фронту сітуацыя па-ранейшаму застаецца адносна спакойнай.

У Херсонскай вобласці Збройныя сілы Украіны наступалі з плацдарму на левым беразе ракі Інгулец у бок Ішчанкі і Бязводнага. «Рыбарь» мяркуе, што далей ЗСУ нанясуць удар адначасова на двух участках – у ваколіцах Цярновых Подаў і Праўдзіна. Украінскі Генштаб паведамляе пра расейскія атакі на Новую Каменку і Сухі Ставок.

Выданне «Financial Times» піша, што ўкраінцы могуць адваяваць сам Херсон і правы бераг Дняпра ўжо на наступным тыдні, пры гэтым Аляксей Арэстовіч прагназуе, што для гэтага можа спатрэбіцца да паўтара месяца.

Генштаб ЗСУ падсумоўвае, што за содні ўдалося знішчыць каля паўтысячы расейскіх вайскоўцаў, такім чынам, агульныя незваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 64,3 тысяч асобаў.

Інстытут вывучэння вайны паведамляе, што першыя вядомыя ахвяры сярод мабілізаваных выклікалі крытыку ў бок расейскага камандавання. ISW, спасылаючыся на прарасейскія крыніцы, піша, што праз дрэнную падрыхтаванасць сярод мабілізаваных адзначаюцца вялізныя страты, якія да лютага 2023 года могуць дасягнуць 10 тысяч асобаў забітымі і каля 40 тысяч параненымі.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што так званая частковая мабілізацыя ў РФ мае завяршыцца цягам двух тыдняў, пры гэтым ужо атрымалася мабілізаваць 222 тысячы асобаў з запланаваных 300.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў