«Каліф на гадзіну». Ці доўгім будзе кар’ерны век у новага міністра сельскай гаспадаркі і харчавання

Аляксандр Лукашэнка зноў памяняў міністра. Цяпер у сферы, якую лічыць роднай. Чарговым кіраўніком Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Сяргей Барташ. У тым, што папярэдні міністр Ігар Брыло не прапрацаваў і паўтара года, Лукашэнка часткова вініць і сябе:

«Сам сабе наракаю на гэта: у нас у Беларусі як заўжды. То засушыць, то залье. Таму трэба было рыхтавацца… і ў гэтых умовах харчовую бяспеку запэўніваць».

Міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ.
Фота: kobrincity.by

Але ці так важна і тэрмінова было мяняць міністра на гэтым фронце гаспадаркі (а ў нас цяпер усюды фронт)? Папярэдняга – Ігара Брыло, якога летась у лютым прызначалі 18-м ад 1994 года міністрам сельскагаспадарчай галіны, – Лукашэнка рэкамендаваў як надзейнага гаспадарніка: «Тут ты ўжо прыжыўся, ведаеш сельскую гаспадарку і разумееш, нават ідэалагічна разумееш правільна. Асабіста я некалькі разоў імкнуўся цябе праверыць – скажу шчыра: я не знайшоў паводле сваіх крытэрыяў нейкіх недахопаў на сённяшні дзень».

Цяперашні міністр – Сяргей Барташ, які, паводле Лукашэнкі, быў абраны з некалькіх кандыдатураў, – заслужыў такую характарыстыку:

«У Вас прыстойны жыццёвы шлях. Вельмі важна, каб міністр абавязкова папрацаваў кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства… Вы як чалавек патрыятычны рашэнні прэзідэнта ўспрымаеце правільна…»

Лукашэнка не ўпершыню мяняе міністраў сельскай гаспадаркі на пераправе. Гэта значыць, што засявае адзін, а збіраць ужо даручана іншаму. Але зноў аўрал: «На пасаду чалавек не ўвойдзе, а ўскочыць, бо часу на раскачку няма ад слова «зусім».

Дзіўна, але самая вялікая міністэрская чахарда адбывалася і ўсцяж адбываецца менавіта ў сферы, якую Лукашэнка лічыць роднай. За гады кіравання Лукашэнкі Сяргей Барташ стаў ужо 19-м міністрам сельскай гаспадаркі.

Аб’ектыўна згадаем, што, паводле Белгідрамету, сёлетні травень стаўся самым засушлівым у Беларусі ажно ад 1945 года. Прызначаючы Барташа на пасаду міністра, Лукашэнка згадаў і гэта:

«Лета нас падвяло: 45 дзён без дажджоў. Шмат палегла на захадзе. У цэнтры і на ўсходзе травы падгарэлі. А цяпер бурна пайшлі ў рост, бо залевы».

Лукашэнка ведае, што некалькі апошніх дзён у поле нельга было ўлезці, тэхніка і людзі прастойвалі. Але такое ўражанне, што на сёлетні ўраджай ён ужо махнуў рукою і лічыць, што самае галоўнае – гэта пасеў азімых. Прычым ранняга тыпу. Каб хутчэй пачынаць збіраць налета ў паўночнай, Віцебскай вобласці. Ужо дзесьці ў сярэдзіне ліпеня (сёлета гэта адбылося 10 жніўня), як у паўднёвых частках краіны. Пра гэта Лукашэнка казаў і падчас візіту на Берасцейшчыну 1 жніўня гэтага года:

«Жорсткае маё патрабаванне – пасеяць раннія культуры ў паўночных раёнах, каб раней пачаць прыбіраць. Гэта азімы ячмень, азімы рапс. Вызвалім палі – раней пасеем азімыя».

Міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ (у цэнтры).
Фота: БелТА

Падчас наступнага візіту – пераезду на Гарадзеншчыну, у памежны Бераставіцкі раён – Лукашэнка працягнуў павучанні, якія ўжо сапраўды надакучылі сваім надзвычай знаёмым наратывам. Вось сітуацыя, якая вынікала з размовы пра насенне. Сарты зерня на зялёны корм, на сілас, то бок для жывёлы – усе беларускія, з добрай тэхналогіяй узвядзення і ладнай ураджайнасцю. Толькі ўжо на збожжа, то бок для хлеба, для людзей – купляем імпартнае, гібрыды. Таму што ў іх, аб’ектыўна, ураджайнасць вышэйшая.

«Трэба працаваць, трэба працаваць з навукоўцамі, трэба іх варушыць», – адказаў Лукашэнка на 30-м годзе ў якасці «лідара нацыі». «Калі браць паводле азімых культураў, то жыта – гэта нашыя гатункі, а азімы ячмень, пшаніца – больш імпартная селекцыя, – уключыўся ў размову былы міністр аховы здароўя і кандыдат медычных навук, ужо амаль два гады як старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік. – Прадуктыўнасць у іх, як ні круці, вышэйшая».

Гэтак сама, як і з тэхнікаю. «Машына добрая, – кажа Каранік пра камбайн «Палессе GS 2124», самую сучасную машыну ў лінейцы тэхнікі вытворчасці «Гомсельмашу» з магутнасцю рухавіка 530 к. с., – але будзем дапрацоўваць. Добрая тэхніка, але яе проста трэба давесці да ладу». Пры гэтым камбайн «Палессе GS 2124» упершыню працаваў у полі (у Баранавіцкім раёне) яшчэ ў 2019 годзе. І колькі яшчэ часу трэба, каб ён паводле характарыстык і эфектыўнасці не саступаў хаця б расейскаму «ACROS 530», запушчанаму ў вытворчасць «Ростсельмашам» яшчэ ў 2004 годзе, ніхто не скажа. Можа, таксама 20 гадоў, каб «давесці свой камбайн да ладу»? А ў гэты час іншыя пойдуць яшчэ далей. Тым не менш, прыйдзецца дарабляць менавіта гэты камбайн, бо, як прызнаўся Лукашэнка на прадпрыемстве «Алекшыцы», машына стваралася менавіта на ягонае даручэнне, як замена імпартнаму.

Ці ўдасца новаму міністру падмануць вонкавыя абставіны, а таксама прыроду – будзем, як кажуць у Адэсе, паглядзець. Пакуль усё выглядае так, што Сяргей Барташ прыйшоў часова. Нават не крызісны менеджар, а проста чарговы аддадзены Лукашэнку чыноўнік, якому трэба пазаймаць пэўны перыяд гэтую пасаду.

Яшчэ дзесяць гадоў таму, у 2013 годзе, эканаміст Леанід Злотнікаў меў магчымасць адкрыта крытыкаваць усю гэтую сістэму.

«Трэба спачатку прааналізаваць колькасныя паказнікі, а затым – якасныя. Калі браць першыя, то за апошнія 10 гадоў сапраўды павялічылася ўраджайнасць збожжавых культураў. Але калі параўноўваць з перадавымі краінамі, то нашая прадукцыйнасць прыкладна ў два разы меншая. Ды нават і гэтыя станоўчыя зрухі дасягнутыя занадта высокім коштам. За апошнія 10–12 гадоў [на 2013 год. – Заўв. аўтара] інвестыцыі ў сельскую гаспадарку склалі 40 мільярдаў долараў. Вядома, інвестуецца і, напрыклад, у сельскую гаспадарку ў Нямеччыне. Але там на адзін гектар плошчы ўносяць мінеральных угнаенняў у два разы меней, а ўраджайнасць – у два разы вышэйшая. Кармоў на адзін цэнтнер прывагі там таксама патрабуецца ў два разы меней. То бок аддача беларускіх інвестыцыяў у сельскую гаспадарку вельмі нізкая».

Паводле Леаніда Злотнікава, калі мы хочам, каб нашае насельніцтва траціла менш на харчаванне, то трэба адкрыць межы для імпарту. Бо любая абарона свайго рынку ад імпарту паніжае ўзровень жыцця насельніцтва.

Ілюстрацыйны здымак. Аляксандр Лукашэнка падчас «бітвы за ўраджай».
Фота: BelTA / TASS / Forum

Іншы беларускі эканаміст, які спецыялізуецца ў тым ліку на тэме сельскай гаспадаркі, Яраслаў Раманчук, ужо сёлета ў траўні вельмі жорстка прайшоўся па ведах і здольнасцях Лукашэнкі.

«У яго чатыры ўлюбёныя сельгаскультуры – і бульбы там няма. Азімы ячмень (менавіта азімы), лубін, гарох і лён… Трэба быць глыбокім псіхіятрам, каб знайсці ў гэтай чацвёрцы нейкую логіку, тлумачэнне… Шукаць камерцыйнага сэнсу ў аграрнай чацвёрцы Лукашэнкі не трэба. Гэта яўна не пра грошы. Падаткаплатнікі заплацілі за аграрны эксперымент… больш за 70 мільярдаў долараў за час кіравання [памятаеце, у 2013-м Леанід Злотнікаў казаў пра 40 мільярдаў долараў? – Заўв. аўтара]. На гарызонце выхаду на бясстратнасць няма».

Спадар Раманчук лічыць, што для Лукашэнкі вельмі важна выглядаць як профі: клапатлівы земляроб, кармілец народу, захавальнік традыцыяў ды абаронца харчовай бяспекі. Гэта ўсё для людзей з «блізкімі да нулявых ведамі пра эканоміку, з паралізаваным прапагандай крытычным мысленнем і заплылым успамінамі пра «слаўнае савецкае» мінулае мозгам».

Як на мяне, то тут дадаць абсалютна няма чаго. Адзінае – цікава, колькі Лукашэнка пратрымае на пасадзе новага міністра. У гісторыі былі выпадкі, калі кіраўнікі сельскагаспадарчай галіны змяняліся вельмі актыўна нават цягам аднаго года (трое – у 2003-м, двое – у 2012-м). Так што, Сяргей Барташ, у добры шлях!

Меркаванні
Ці зможа рэжым імпартазамясціць культуру?
2023.08.13 09:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў