«Спосаб выказаць спачуванні». Збор памяці Алеся Пушкіна ў пяць разоў перавысіў мінімальную суму


Збор памяці мастака Алеся Пушкіна абвесцілі ўвечары 12 ліпеня. Планавалі сабраць мінімальна 2500 еўраў, але сума ахвяраванняў перавысіла 14 тысячаў. Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры, што зладзіла збор, сказаў «Белсату», што гэта голас падтрымання тых, хто шануе Алеся Пушкіна.

Алесь Пушкін ля касцёлу ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёну ў траўні 2015 года.
Фота: Ex Mihalenko / Facebook

Збор трывае на сайце праекту «GetDonate». У сярэднім людзі пералічваюць 30 еўраў, самае буйное ахвяраванне – 500 еўраў.

Грошы збірае Беларуская рада культуры. Іх атрымае сям’я закатаванага за кратамі Алеся Пушкіна. Таксама сродкі выдаткуюць на ўпарадкаванне творчага набытку мастака.

Як сказаў «Белсату» кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, гэтыя ахвяраванні – голас падтрымання тых, хто шануе Алеся Пушкіна.

«Гэта спосаб людзей адрэагаваць, спосаб сказаць, што мы спачуваем, хочам падтрымаць. Вельмі шмат людзей, якія ведалі Алеся, ведалі сям’ю, зараз за мяжою, не маглі быць на пахаванні, не маглі прыехаць і невядома, калі змогуць прыехаць. Натуральна, большасць тых, хто ахвяруе, за мяжою. Гэта такі голас падтрымання тых, хто шануе Алеся, ведае яго прыватна або ў справах», – адзначыў Будкін.

Ён заўважыў, што максімальную суму збораў не вызначалі: колькі людзі ахвяруюць, столькі і атрымаюць сваякі. «Усе грошы будуць на асобным рахунку, і потым будзем размаўляць, якім чынам і куды іх пусціць, каб гэта пайшло мэтава», – растлумачыў суразмоўца «Белсату».

Сяргей Будкін канстатаваў, што шмат беларусаў, якія цяпер у Беларусі, «не могуць заданаціць, але моцна перажываюць з гэтай нагоды і таксама спачуваюць».

Рэпартаж
«Апошні перформанс». Беларусы нясуць знічы і кветкі да муралу з выявай Алеся Пушкіна ў Варшаве
2023.07.12 00:49

Збіраць грошы будуць прынамсі да нядзелі, 16 ліпеня, пакуль на YouTube ідзе стрым памяці Алеся Пушкіна:

«Учора ўвечары запусцілі стрым, дзе сабралі тыя матэрыялы, якія яму прысвечаныя, відэа ягоных перформансаў, дакументальныя фільмы, у тым ліку паказаныя на «Белсаце», канцэрт на ягонае падтрыманне, калі ён яшчэ быў жывы, калі беларускія музыкі прысвяцілі яму свае песні».

Будкін папярэдзіў, што запіс стрыму ў адкрытым доступе не захаваецца – паглядзець можна толькі да канца выходных:

«Стрым да нядзелі, пасля будзе недасяжны. Там шмат аўтарскага кантэнту, мы ўзялі дазвол аўтараў ды праваўладальнікаў на трохдзённы стрым, і ў архіве яго не будзе».

Алесь Пушкін у 2016 годзе.
Фота: Ales Pushkin / Facebook

Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў гарадзенскай лякарні. Паведамлялася, што ў яго была прабадная язва. Паводле неафіцыйных звестак, Пушкіна можна было б выратаваць, калі б яго своечасова шпіталізавалі.

Мастак адбываў 5-гадовы тэрмін нібыта за «глумленне з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванне варожасці». Вырак агучыла суддзя Алена Шылько, пракурорам на працэсе быў Аляксандр Кароль.

Летась івацэвіцкі суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым.

Алесю Пушкіну было 57 гадоў.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў