Раніцай 14 лютага гарадскі аўтобус, які перавозіў пасажыраў, загарэўся. Кіроўца сам патушыў агонь, і ніхто не пацярпеў. Кіраўнік аўтапарку прызнаў, што аўтобус мае ступень зносу 100 %, піша выданне «Жодзінскія навіны».
А 7:20 раніцы 14 лютага на прыпынку «Культтавары» ў Жодзіне загарэўся гарадскі аўтобус. Прычынаю здарэння сталіся тармазныя калодкі, якія замкнула, і яны моцна нагрэлі тармазны барабан. Кіроўца своечасова зарыентаваўся і папрасіў пасажыраў пакінуць салон, а сам патушыў агонь. У выніку ніхто не пацярпеў.
«Гэты транспартны сродак паступіў да нас з іншага аўтапарку. МАЗ-103 зроблены ў 2010 годзе, і на сёння яго знос складае 100 %. Але праз недахоп рухомага складу мы яго часта рамантуем і часам выводзім у горад, каб закрыць лінію», – пракаментаваў сітуацыю начальнік аўтакалоны аўтапарку № 18 Сяргей Белякоў.
Раней у Жодзіне былі выпадкі ўзгарання ў аўтобусах. Летась праз замыканне ў праводцы загарэўся аўтобус МАЗ 2008 года выпуску. Тады транспартны сродак згарэў ушчэнт. Пра пацярпелых не паведамлялася.
Алена Аляксандрава belsat.eu