Партрэты Давыда Гарадзенскага і Тадэвуша Касцюшкі – у кожны ваенкамат!


У Менску выйшаў набор плакатаў «Палкаводцы і военачальнікі зямлі беларускай».

28 вайскоўцаў – ад князя Усяслава Полацкага да Камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі СССР генерал-маёра Васіля Маргелава – упершыню сабраныя пад адною вокладкаю.

«Амаль ува ўсіх вайсковых частках – палкаводцы савецкіх часоў расейскай гісторыі, – зазначае аўтар ідэі падпалкоўнік запасу Віталь Чырвінскі. – Масква калісьці надрукавала, распаўсюдзіла, так гэтыя плакаты і вісяць. Быццам свайго нічога няма».

Віталь Чырвінскі пачаў працу над плакатамі пра слаўных беларускіх вайскоўцаў яшчэ падчас службы. Крытэры, паводле якіх асобы ўключаліся ў набор, такія: гістарычная асобы нарадзілася на тэрыторыі сучаснай або этнічнай Беларусі, маюць беларускае паходжанне і бралі ўдзел у баявых дзеяннях на камандных пасадах.

«Увогуле, у маім спісе палкаводцаў і военачальнікаў зямлі беларускай – больш за 250 персаналіяў. Гэта будзе мой наступны праект», – падзяліўся Віталь Чырвінскі.

Кожны плакат вытрыманы ў залатым і чырвоным колерах, аздоблены рамкаю ў выглядзе калосся і дзіды. У першы набор увайшлі князь Усяслаў Полацкі, Давыд Гарадзенскі, князі Вялікага княства Літоўскага Альгерд і Вітаўт, князь Андрэй Полацкі, военачальнік і дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага Міхаіл Глінскі, Канстанцін Астрожскі, Юрый Радзівіл, Мікалай Радзівіл «Руды», Рыгор Хадкевіч, Ян Караль Хадкевіч, Януш Радзівіл, Павал Ян Сапега, Тадэвуш Касцюшка, генерал-ад’ютант і вайсковы міністр Іван і Мікалай Сухазанеты, генерал Міхаіл Чарняеў, генерал-фельдмаршал Іосіф Гурка, галоўнакамандуючы Беларускай народнай арміі падчас Першай сусветнай вайны Кіпрыян Кандратовіч, ваенны і палітычны дзеяч Станіслаў Булак-Булаховіч, генерал-маёр, кіраўнік Белага руху ў Сібіры Сяргей Вайцахоўскі, генерал-маёр, Герой СССР Леў Даватар, віцэ-адмірал Валянцін Дрозд, генерал арміі Аляксей Антонаў, маршал, Герой СССР Іван Якубоўскі, маршал авіяцыі, Герой СССР Сцяпан Красоўскі, генерал арміі, Герой СССР Іосіф Гусакоўскі, генерал-маёр Васіль Маргелаў.

Прэзентацыя набору плакатаў адбудзецца ў Менску 7 траўня ў кнігарні «Логвінаў» а 19 гадзіне.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары