«Спонсарам беларускага рэжыму Іран не будзе». Што атрымае Лукашэнка ад візіту ў Тэгеран?


Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Іран з двухдзённым візітам. Падчас перамоваў з кіраўніцтвам ісламскай рэспублікі прагучалі шматабяцальныя і аптымістычныя заявы пра «нарасціць таваразварот» і «пашырыць супрацу». «Белсат» згадаў, чым скончыліся ранейшыя беларуска-іранскія праекты, і спытаў экспертаў, ці варта цяпер чакаць прарыву ў двухбаковых дачыненнях.

Прэзідэнт Ірану Ібрагім Раісі і Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі падпісання мемарандума аб узаемаразуменні ў Тэгеране, Іран, 13 сакавіка 2023 г.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Летась тавараабарот паміж Беларуссю ды Іранам вырас утрая ў параўнанні з 2021-м і склаў крыху болей за $100 млн. У дзяржаўным маштабе – капейкі. За апошнія 10 гадоў найлепшы вынік, паводле Белстату, паказаў 2017-ы, калі краіны нагандлявалі на $154,2 млн. Найменшым тавараабарот быў у 2020-м: усяго $24,7 млн. Самым выгодным для Беларусі (калі быў самы вялікі экспарт у Іран) стаў 2011 год, тады зарабілі амаль $130 млн.

У лепшыя часы Беларусь прадавала Ірану багата калійных угнаенняў, цяжкавікоў, хімічных валокнаў, шын, прадукцыі дрэваапрацоўкі, касметыкі. Адтуль вазілі садавіну, гародніну, арэхі, прадукты з мукі і крухмалу, імуналагічныя прэпараты, дываны, тканіну і нафтапрадукты.

Раней краіны не раз распачыналі гучныя сумесныя праекты, якія не менш гучна правальваліся. Бадай, самай запамінальнай стала гісторыя з вытворчасцю аўтамабіляў Samand. Выпуск на заводзе «Юнісон» пад Менскам наладзілі ў 2006-м, а спынілі – у 2013-м. Нават тагачасны віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка прызнаваў, што іранскія машыны ніхто не хоча купляць, бо яны дарагія і ўстарэлыя.

Іранскі аўтамабіль «Саманд», што выпускалі ў Беларусі.
Фота: drom.ru

У 2011 годзе была спроба сумеснай здабычы нафты ў Іране. Вытворчасць распачалася ў лютым, а ўжо ў жніўні праект разваліўся. Беларусаў абвінавацілі ў парушэнні кантракта праз меншыя, чым дамаўляліся, аб’ёмы здабычы. Да таго ж «Беларуснафта» тады трапіла пад амерыканскія санкцыі праз супрацу з іранцамі.

У тым жа 2011 годзе іранская кампанія атрымала права збудаваць на месцы Чэрвеньскага рынка ў Менску шматфункцыянальны комплекс. У 2013-м гандляроў перасялілі ў Лошыцу, а новы аб’ект на месцы старога Чэрвеньскага не дабудавалі дагэтуль. Участак у іранцаў адабралі.

У 2010 годзе іранскія інвестары распачалі будаўніцтва комплексу «Магніт Менску» на праспекце Незалежнасці. Абяцалі здаць праз 4 гады, аднак нешта пайшло не так. У леташнім снежні аб’ект займеў новых гаспадароў, цяпер ужо дзяржаўных, дабудаваць плануюць да канца года.

Праект комплексу «Магніт Менску».
Фота: «Менск-Навіны» / minsknews.by

Бадай, адзіным паспяховым беларуска-іранскім праектам стаў лагістычны цэнтр «Прылессе» ля Шабаноў.

Падчас цяперашняга візіту ў Тэгеран Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Ірану ствараць сумесныя высокатэхналагічныя вытворчасці, казаў, што, аб’яднаўшы высілкі, краіны могуць быць вельмі карыснымі адна адной, разам з прэзідэнтам ісламскай рэспублікі падпісаў «дарожную карту ўсебаковай супрацы да 2026 года». А кіраўнік Ірану Эбрагім Раісі, у сваю чаргу, заявіў аб гатовасці падзяліцца з Лукашэнкам досведам жыцця пад санкцыямі.

«Роднасць душ душыцеляў пратэстаў»

У паездкі Лукашэнкі ў Тэгеран некалькі мэтаў, растлумачыў «Белсату» палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі: збыць беларускія тавары, папіярыцца і «выгуляць свой Boeing». Аналітык згадаў і канспіралагічную версію пра тое, што палітык нібыта плануе «дамаўляцца наконт зброі для Расеі».

«Вядома, што Расея выкарыстоўвае іранскія дроны ва Украіне, трэба ёй болей гэтых дронаў, дык вось у Беларусі нібыта могуць наладзіць вытворчасць і ў Расею пастаўляць. Гэта не выключана, але для Ірану вялікай розніцы няма, ці наўпрост у Расею гэтыя «Шахеды» пастаўляць, ці праз Беларусь, таму што абодва рэжымы – і крамлёўскі, і рэжым Лукашэнкі – аднолькава таксічныя: рабіць большае плячо дастаўкі вялікага сэнсу няма», – мяркуе Класкоўскі.

Ён адзначыў, што Лукашэнка зацікаўлены ў іранскіх ракетных тэхналогіях, бо марыць пра дальнабойныя снарады, а ў Тэгерану адпаведныя распрацоўкі існуюць.

«У сваю чаргу, Іран таксама цікавіцца нейкімі беларускімі распрацоўкамі ў гэтай галіне. Медыі пісалі, што ў свой час іранцы нават пасадзілі некалькі амерыканскіх беспілотнікаў пры дапамозе нібыта беларускай тэхнікі. Тут узаемны абмен можа быць карысным для абодвух рэжымаў», – сказаў эксперт.

Беспілотнік побач з іранскай ракетай падчас 44-й гадавіны Ісламскай рэвалюцыі ў Тэгеране, Іран, 11 лютага 2023 г.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Пры гэтым, хутчэй за ўсё, паводле ягонага меркавання, Лукашэнка паляцеў у Іран за рынкам збыту беларускай прадукцыі. Да таго ж ісламская рэспубліка – багатая на вуглевадароды краіна, і ў гэтай галіне верагодна нейкая супраца:

«Некаторыя аглядальнікі нават мяркуюць, што ў пэўнай ступені іранскі рынак можа замяніць страчаны рынак Украіны. Іран сам знаходзіцца пад санкцыямі, таму ён зведвае тэхналагічны голад, там не хапае элементарных тавараў, і шырспажыву, і прамысловых вырабаў. Сапраўды тут ёсць пэўныя перспектывы пашырэння паставак самых розных беларускіх тавараў у Іран».

Гэтым візітам, як і нядаўнімі паездкамі ў Зімбабвэ, ААЭ ды Кітай, Лукашэнка таксама спрабуе паказаць, што ён не ізгой, кажа суразмоўца «Белсату»: «Усяму свету дэманструецца, што нібыта ніякай ізаляцыі няма, хоць зразумела, што насамрэч гэта ўсё перакос у бок дачыненняў з такімі найперш недэмакратычнымі аўтарытарнымі рэжымамі. І што да аўтарытарызму, да здушэння масавых пратэстаў, да непрымання Захаду – тут Лукашэнка з іранскімі аятоламі адчувае роднасць душ».

Класкоўскі назваў замежныя паездкі Лукашэнкі спробай займець вонкавую шматвектарнасць, хай сабе і непаўнавартасную ды ўсечаную, і збалансаваць занадта вялікі ціск Расеі на Менск:

«Высілкі робяцца ў гэтым плане, але тут ёсць аб’ектыўныя бар’еры: і канкурэнтаздольнасць шэрагу відаў беларускай прадукцыі не вельмі высокая, і плячо дастаўкі вялікае. І ўвогуле – адна рэч дэкларацыя пра намеры, а іншая – рэалізацыя. Тым болей што Іран сам пад санкцыямі, і гэты чыннік абмяжоўвае двухбаковыя дачыненні».

«Іран не выратуе»

Візіт Лукашэнкі ў Іран нагадвае рэкламную кампанію, «глядзіце, я таксама актыўны, запатрабаваны на міжнароднай арэне», кажа ў каментары «Белсату» гісторык Яўген Красулін.

«У папярэднія гады былі кпіны ў бок Лукашэнкі, маўляў Святлана Ціханоўская сустракаецца з сусветнымі лідарамі, шмат ездзіць, яе запрашаюць, а Лукашэнка безвылазна сядзіць, адзіны маршрут – гэта толькі Масква і Сочы. Тут ён вырашыў неяк прадэманстраваць сваю знешнепалітычную актыўнасць і запатрабаванасць», – адзначыў Красулін.

Ён не чакае ад гэтай паездкі ніякіх прарыўных эканамічных вынікаў. Кажа, што займацца канкрэтнымі праектамі – не языком малоць:

«Спроба двух краінаў не зусім, скажам так, паўнавартасных у сваіх эканамічных мадэлях і магчымасцях, не можа даць нешта такое жыццяздольнае. Таму і да цяперашніх дарожных мапаў варта ставіцца скептычна. Наўрад ці будзе нейкі плён».

Суразмоўца «Белсату» не выключыў, што краіны прыдумаюць нейкія ўзаемавыгадныя праекты кшталту транзіту калійных угнаенняў, аднак агулам Тэгеран не выратуе, бо ў самога грошай няма:

«Спонсарам беларускага рэжыму Іран не будзе, бо ў яго з 2016 года трываюць пратэсты, выкліканыя зніжэннем узроўню жыцця праз тыя ж санкцыі. І, уласна, чым могуць падзяліцца рэжымы, дык гэта досведам барацьбы з незадаволенымі».

Красулін адзначыў, што вандроўкі па дальняй дузе наўрад ці дапамогуць Лукашэнку знайсці замену ўкраінскаму рынку, які закрыўся разам з пачаткам вайны, і хоць неяк паменшыць залежнасць ад Крамля.

«Ён ідзе па бліжэйшых саюзніках і партнёрах Расеі. А ў вачах таго ж Кітая Беларусь – васал Расеі, і я не думаю, што Кітай за спінаю Масквы будзе нешта рабіць, каб узмацніць Беларусь і дазволіць ёй супрацьстаяць Расеі. У Лукашэнкі карціна свету такая, што без Расеі ён не ўяўляе сябе, Расея для яго – цэнтр свету», – падсумаваў Красулін.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў