МЗС Беларусі выступіла са спецыяльнай заявай у сувязі з выбарамі ў Тайвані


Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ да падвядзення афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Тайвані выступіла з заявай у падтрымку Пекіна.

Здание Министерства иностранных дел в Минске
Будынак Міністэрства замежных спраў. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У заяве МЗС падкрэсліваецца, што Беларусь «цвёрда падтрымлівае прынцып «аднаго Кітая», які зʼяўляецца залогам стабільнасці і ўстойлівага развіцця ўсяго рэгіёну».

«У сувязі з гэтым лічым законнымі і легітымнымі шматгадовыя намаганні кіраўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі па захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны.

Уважліва сочым за сітуацыяй, якая разгортваецца вакол выбараў на кітайскім Тайвані. Любыя дзеянні трэціх сілаў, накіраваныя на ўздзеянне на выбарчы працэс – недапушчальныя і дэструктыўныя.

Катэгарычна асуджаем таксама ўсе іншыя спробы ўмяшання вонкавых гульцоў ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў», – падкрэслілі ў МЗС.

Хто маецца на ўвазе пад «трэцімі сіламі», у заяве не тлумачыцца.

Расея аналагічным чынам пракаментавала выбары ў Тайвані. Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава падкрэсліла, што Тайвань «зʼяўляецца неадʼемнай часткай Кітая», таму Масква выступае супраць незалежнасці Тайваня «ў якой бы там ні было форме».

«Спробы асобных краінаў выкарыстоўваць выбары на Тайвані з мэтай аказаць ціск на Пекін і разгайдаць сітуацыю ў праліве і ў рэгіёне ў цэлым контрпрадуктыўныя і заслугоўваюць шырокага асуджэння з боку сусветнай супольнасці», – заявіла расейская дыпламатка.

Нагадаем, 13 студзеня ў Тайвані адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагае кандыдат ад кіроўнай партыі Лай Цындэ (Уільям Лай). Лай з’яўляецца вельмі нязручным для Кітаю палітыкам, бо ён выступае за скарачэнне залежнасці ад Пекіну і збліжэнне з іншымі краінамі. Гэта, на думку Лая, мусіць застрахаваць Тайвань ад кітайскага ўварвання.

Каментар
На прэзідэнцкіх выбарах у Тайвані перамагае нязручны для Кітаю кандыдат
2024.01.13 16:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў