Ліхтар у кішэні. Разлічвацца карткаю давядзецца з пашпартам?


Эканамічная статыстыка не цешыць. Аднак новаўвядзенні, якія прапаноўвае дзяржава, найчасцей тычацца не рэформаў і спосабаў зарабіць болей, а чарговых формаў фінансавага кантролю за тымі сродкамі, якія яшчэ застаюцца ў гаманцах беларусаў. Дайшла чарга і да банкаўскіх картак, пры карыстанні якімі кожны раз давядзецца даказваць, што яны вашыя.

У крамах неўзабаве беларусам давядзецца даставаць ля касы не толькі гаманец, але і асабістыя дакументы. Міністэрства гандлю супольна з Нацбанкам плануюць узмацніць кантроль за правядзеннем безнаяўных гандлёвых аперацыяў з выкарыстаннем плацежных тэрміналаў. Калі перакласці на простую мову, чыноўнікі хочуць забавязаць пакупнікоў, якія жадаюць разлічыцца карткаю, паказваць прадаўцу свой пашпарт. Ці ёсць у гэтым сэнс і патрэба?

{movie}Ліхтар у кішэні (09.03.2013)|right|9607{/movie}

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Натуральна, што пры гандлі ўраздроб, калі невялікія трансакцыі праводзяцца, то пра які кантроль можа ісці гаворка? Хто бачыў чаргу ў касу, той разумее. А калі гаворка вядзецца пра буйныя пакупкі буйнымі сумамі, то, вядома ж, патрэбная ідэнтыфікацыя асобы, але не ва ўсіх выпадках. Найчасцей такія ўгоды не адбываюцца з малазнаёмымі людзьмі”.

Сістэматызацыя і кантраляванне безнаяўных аперацыяў адбываецца ва ўсім свеце. У шэрагу заходніх краінаў распрацоўваюць дактыласкапічную сістэму, пакліканую ўсе аперацыі звесці да спраўджвання адбіткаў пальцаў. Не рэдкае высвятленне асобы і пры набыцці тавараў на буйную суму. Эканаміст Міхал Залескі цвердзіць: раўняцца на Захад не выпадае, бо там робяць усё, каб мінімізаваць напружанні для пакупніка…

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Калі б мне сказалі, што перад паходам у краму трэба разувацца ў гігіенічных мэтах, і давалі б зменны абутак, то я перастаў бы хадзіць у тую краму, бо мне лянота нагінацца. Таксама і тут: гэта адштурхне людзей не з-за складанасці, а папросту з-за сваёй нязручнасці і недарэчнасці”.

Дзеля пацверджання або зняпраўджання словаў эксперта “Аб’ектыў” выйшаў на вуліцы Менску, але не сустрэў аніводнага ахвотніка паказваць на касе свой пашпарт.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Гэта нязручна, па-першае. А па-другое, шмат жанчын аддаюць свае карткі мужу або дзецям”.

“Гэта непатрэбныя захады, якія прыніжаюць чалавека”.

“Да прыкладу, віза: робіцца віза – забіраюцца дакументы”.

“Не заўсёды пры сабе ёсць дакументы”.

“А раптам гэта картка жонкі? Ну, няма ў цябе сродкаў і сваёй карткі! А жонцы, да прыкладу, дрэнна, і ёй трэба ў краму схадзіць – яна не можа!”

“Гэта і касірам – непатрэбны дадатковы клопат”.

“Гэта абсалютнае трызненне! Такога анідзе ў свеце няма!”

“Гэта дадатковы час будзе займаць: і наш, пакупнікоў, і прадаўцоў!”

У тым ліку і час тых чыноўнікаў, якія таксама карыстаюцца банкаўскімі карткамі. Той час, які замест кантролю можна было б выдаткаваць на рэформы.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў