Парыж. Беларускі надпіс "Я кахаю цябе" сярод 311 прызнанняў на розных мовах


Украінцы і расейцы, аднак, сваймі прызнаннямі ў каханні “пераплюнулі” ў сталіцы Францыі ўвесь свет.



Парыж называюць горадам закаханых. Рамантычна правесці час, наведаць парыжскія кавярні ды кабарэ, прызнацца адно аднаму ў каханні ў сталіцу Францыі прыязджаюць пары з усяго свету. Адна з новых славутасцяў Парыжу – Сцяна кахання на Манмартры. На муры плошчаю 40 квадратных метраў на сінім фоне белымі літарамі напісаныя прызнанні ў каханні на 311 мовах, у тым ліку, амаль у самым цэнтры, па-беларуску: «Я кахаю цябе». На сцяне можна прачытаць таксама словы на курдскай, бакскай, правансальскай, каталонскай мове і, нават, на мове індзейцаў наваха. Існуюць таксама надпісы шрыфтам Брайля для невідушчых і на мове знакаў.

Нягледзячы на тое, што на сцяне прысутнае прызнанне па-расейску, нехта дапісаў яшчэ шэраю фарбай на падмурку: «Я люблю тебя». Яшчэ больш экспрэсіўна нехта выказаў свае пачуцці на ўкраінскай мове, таксама пад сцяною на фундаменце. «Я кохаю тебе» напісанае чырванню, значна большымі літарамі, чымся расейскі надпіс.

У 1992 годзе кампазітар і музыкант Фрэдэрык Барон задумаў, падобна персанажу рамана Жуля Вэрна, які аб’ехаў вакол свету за 80 дзён, здзейсніць ўласнае кругасветнае падарожжа, сабраўшы прызнанне «Я кахаю цябе» на 80 розных мовах. Ён папрасіў свайго малодшага брата напісаць гэтую фразу па-французску. Потым звярнуўся да суседа-іспанца, потым – да знаёмага партугальца, пасля – да расейца і гэтак далей. З гэтаю мэтаю ён наведваў нават замежныя амбасады. Сабраўшы 1000 надпісаў «Я кахаю цябе» на больш як 300 мовах, Фрэдэрык Барон звярнуўся да сваёй знаёмай мастачкі Клэр Кіто, якая валодала мастацтвам ўсходняй каліграфіі, з прапановаю прыдумаць дызайн для надпісаў. У выніку іх супрацы на свет з’явіўся праект сцяны, на якой зазіхацелі надпісы на разнастайных мовах. Праект вельмі спадабаўся архітэктару Даньелю Булоню, які паспяхова ўвасобіў яго ў жыццё, узвёўшы твор сучаснага мастацтва.

14 лютага, у Дзень усіх закаханых, каля сцяны здзяйсняецца сімвалічны акт – выпусканне белых галубоў, што, як лічыцца, мусіць яшчэ мацней з’яднаць закаханых і ўзмацніць іхныя пачуцці.

{movie}Сцяна кахання на Манмартры|right|9166{/movie}

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў