У «справе Варламава» – 353 пацярпелыя


У судзе Ленінскага раёну Менску пачалося слуханне крымінальнай справы вядомага беларускага мадэльера Аляксандра Варламава. Яго вінавацяць у махлярстве і крадзяжы ў асабліва буйных памерах, ухіленні ад падаткаў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Дастаўлены ў залу суда 57-гадовы Варламаў выглядае пастарэлым, цяжка перасоўваецца, ходзіць з кіем. Паводле сястры мадэльера, ён перанёс тры аперацыі на пазваночніку, у дзень арышту Варламаву далі III групу інваліднасці.

Матэрыялы справы складаюць 147 тамоў. У якасці сведак дапыталі больш за 800 асобаў. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы. Паводле следства, агульная матэрыяльную шкода, якую нанёс сваймі дзеямі Варламаў, складае больш за Br 1 млрд 200 млн.

Памылкі бухгалтэрыі ці махлярства?

У пачатку 2012 года ў Следчым камітэце, каментуючы хаду расследавання крымінальнай справы Варламава, паведамілі, што мадэльер абвінавачваецца ў тым, што атрымліваў ад бацькоў няпоўнагадовых дзяцей, якія бралі ўдзел у паказах мод за мяжою, грошы на праезд і пражыванне, хоць гэтыя выдаткі фінансаваліся з бюджэту і сродкаў БДУ.

Даведка «Белсату»
Аляксандр Варламаў – дырэктар ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былы мастацкі кіраўнік цэнтру сучаснага стылю і моды «Universum models» упраўлення справаў культуры БДУ, былы намеснік старшыні арганізацыйнага камітэту рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальнік Цэнтру моладзевай моды БДУ.

Варламава ўзялі пад варту 20 траўня 2011 года. Тады ж у абарону арыштаванага выступілі яго расейскія калегі, якія заявілі, што не вераць у карыслівыя намеры Варламава. «Правядзенне глабальных праектаў надзвычай затратнае, не заўсёды паддаецца дакладнай бухгалтарскай справаздачнасці і, магчыма, былі пралікі праз некампетэнтнасць бухгалтэрыі», – заявіла ў інтэрв’ю прэзідэнт дабрачыннага фонду «Русский силуэт» Таццяна Міхалкова

Сярод іншага, сцвярджае следства, Варламаў мог прысвоіць больш за € 120 тыс. і каля Br 310 млн. Яшчэ да свайго затрымання куцюр’е неаднаразова казаў, што дзяржава нічым не дапамагала фестывалю, і за сваю працу ён нават не атрымліваў заробку. Праз медыі ён звяртаўся да Лукашэнкі з просьбаю разабрацца ў сітуацыі, аднак рэакцыі з боку кіраўніка краіны не было.

МЛ, павдоле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары