«Трэба рыхтаваць закон аб люстрацыі». Што думаюць пра завочныя суды фігуранты справы «Чорнай кнігі Беларусі»


12 снежня Менскі гарадскі суд пачаў разбор крымінальнай справы, заведзенай супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі» (ЧКБ). Гэты працэс не мае прыкладаў у сусветнай практыцы судаводства, бо ён – завочны: абвінавачаных няма ні ў судовай зале, ні ў Беларусі, а іх удзел у разглядзе справы праз інтэрнэт – пад забаронай. Як ставіцца да такіх судоў і якія могуць быць наступствы? Паразмаўлялі з абвінавачанымі ў справе Янінай Сазановіч і Вольгай Высоцкай.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», справу разглядае суддзя Наталля Бугук. Фігуранты справы – Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая – знаходзяцца за межамі краіны. Іх падазраюць у адміністраванні Telegram-каналу «Чорная кніга Беларусі» і вінавацяць у незаконных дзеяннях у дачыненні персанальных звестак (ч. 3 арт. 203-1 КК) і ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130). КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны спіс».

«Не спрашчаць працу злачынцам»

«Хвілін 10 таму спрабавала патэлефанаваць адвакату – ён скінуў званок, таму не ведаю што там адбываецца», – распавяла «Белсату» адна з абвінавачаных у справе Вольга Высоцкая.

Вольга Высоцкая.
Фота: прыватны архіў. Здымак прадастаўлены гераіняй публікацыі

Атрымаўшы інфармацыю пра пачатак працэсу, яна выказала жаданне ўдзельнічаць у ім дыстанцыйна. Даслала ў Менскі гарадскі суд некалькі хадайніцтваў, у якіх, у прыватнасці, прасіла аб адхіленні прызначанага ёй дзяржаўнага адваката, каб бараніцца самастойна. Аднак ёй адмовілі ва ўдзеле ў працэсе онлайн. Размовы з адвакатам Аляксандрам Ціханюком таксама былі безвыніковыя.

«Яны не чакалі таго, што хтосьці будзе дамагацца ўдзелу ў працэсе. Чакалі, што будзем яго проста ігнараваць і таму зараз не ведаюць, як сябе паводзіць. Думалі вынесці прысуд за зачыненымі дзвярыма. Бо зразумела, што я не маўчала б, калі б удзельнічала ў судзе», – тлумачыць Вольга Высоцкая.

Вольга вырашыла дамагацца свайго ўдзелу ў працэсе, таму што не лічыць сябе вінаватай і не хоча, каб усё адбывалася ў закрытым рэжыме. Апроч таго, актывістка мяркуе, што, калі нічога не рабіць, гэта «спрашчае працу злачынцам».

«Цяпер ужо ясна, што ўдзельнічаць наўрад ці атрымаецца. Яны не скажуць табе: добра, далучайцеся онлайн. Але трэба дамагацца ўдзелу і не спрашчаць працу злачынцам. Чым менш мы робім, тым прасцей ім. Дамагацца важна і таму, каб потым абараняцца на міжнародным узроўні, каб пісаць скаргі і фіксаваць парушэнні правоў чалавека», – выказвае меркаванне Вольга Высоцкая.

«Троху не там селі…»

Іншую пазіцыю выказала ў дзень суду яшчэ адна фігурантка справы – былая рэдактарка «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч. Яна лічыць, што завочныя суды ў межах «спецыяльнага справаводства» трэба ігнараваць.

«Навошта даваць ім прагляды і навошта іх легітымізаваць? Навошта даваць ім тое, чаго яны хочуць? А яны хочуць, каб мы на гэта рэагавалі: ой, нас там судзяць, божухна, жах які! Я лічу, што не трэба ім гэтага даваць, каб яны падсілкоўваліся нашымі эмоцыямі ці страхам», – мяркуе Яніна Сазановіч.

Між тым, Яніна Сазановіч кажа, што паважае выбар Вольгі Высоцкай, якая спрабуе дамагчыся ўдзелу ў працэсе. Яніна мяркуе, што абвінавачаных не дапускаюць да ўдзелу, бо рэжым вельмі баіцца выцякаў інфармацыі.

Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч, былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі». 29 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

«Я ўпэўненая, што ў гэтай справе вельмі шмат будзе агучана рэальных прозвішчаў сведак з таго боку. І яны разумеюць, што мы гэта проста так не пакінем. Яны баяцца, што гэтая інфармацыя стане вядомая нам і мы яе будзем выкарыстоўваць так, як мы яе выкарыстоўваем. Што апублікуем звесткі, дадамо ў спісы і архівы, каб у свабоднай Беларусі ўжо над імі правесці судовыя працэсы», – кажа Яніна Сазановіч.

Яна абяцае зрабіць адмысловы выпуск пра суддзяў, якія працавалі на гэтых завочных судах, і пра адвакатаў, якія бралі ў іх удзел. Прозвішча свайго адваката на гэтым працэсе Яніна не ведае.

«Але мне скінулі фотаздымак, і гэта нейкі крынж! Ну я не ведаю, што гэта за адвакаты такія, і ў мяне толькі адзін каментар на гэты конт: яны троху не там селі – ім трэба было б адразу сесці пару метраў убок – адразу за краты», – жартуе Сазановіч і прызнаецца, што не сочыць за хадой працэсу.

«Забраўшы грамадзянства, не забяруць маю беларускасць»

Яніна не выключае, што так званы суд у выніку не толькі агучыць для яе турэмны прысуд, але і пазбавіць грамадзянства Беларусі. Да гэтага ставіцца спакойна. Кажа, што беларускі пашпарт, які будзе сапраўдным яшчэ колькі гадоў, ніхто ў яе фізічна не адбярэ.

«Я спадзяюся, што міжнародная грамадзянская супольнасць на гэта неяк адрэагуе. Дапаможа ў атрыманні дакументаў іншай краіны. Можа ААН нешта прыдумае, таму што гэта беспрэцэдэнтная справа з такімі судамі. Не для таго, каб сказаць, што мы »вельмі заклапочаныя«, а канкрэтная справа, каб дапамагчы нам, калі яны паспрабуюць нашыя пашпарты дадаць у спіс «Інтэрполу» ці нешта такое», – гаворыць Яніна Сазановіч.

Пашпарт грамадзяніна Беларусі.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У сваю чаргу, Вольга Высоцкая кажа, што ёй цікава нават не які будзе прысуд, а калі яго агучаць («Колькі яны праседзяць: адзін дзень ці некалькі»). Што да магчымага пазбаўлення грамадзянства, дык Вольга мяркуе, што гэта асабліва нічога не зменіць для тых, хто жыве за мяжой.

«Забраўшы грамадзянства, яны не забяруць маю беларускасць. Я не перастану быць беларускай. І гэта не зменіць мой статус за мяжой. Мяне не прывязуць у Беларусь і не пасадзяць за краты, каб там катаваць. І гэта насамрэч – іх справа. Кожная паперка з нашай справы ад іх – гэта ўсё матэрыялы іх справы. Таму хочаце – рабіце. І я, на жаль, не магу вас спыніць зараз фізічна. Але пазней… Я думаю, яны ведаюць якая адказнасць іх чакае», – кажа Вольга Высоцкая.

Яна звяртае ўвагу на тое, што беларускія дэмакратычныя лідары не робяць ніякіх публічных захадаў у справе завочных судоў, якія распачаліся ў Беларусі. У публічнай сферы не гучаць заявы пра тое, што гэта нелегітымныя суды і чыняцца яны для запалохвання тых, каго могуць асудзіць. Актывістка лічыць, што неабходна як найхутчэй узяцца за распрацоўку закону аб люстрацыі.

«А гэта трэба прамаўляць, і прамаўляць гэта для замежнікаў, паказваць, наколькі гэта нелегітымна. Мала таго што людзей саджаюць і катуюць у Беларусі дык намагаюцца яшчэ такім чынам судзіць завочна, адбіраць маёмасць.

І трэба рыхтаваць законапраекты, каб потым было чым адмяняць гэтыя рашэнні. І нарэшце – распрацоўваць законапраект аб люстрацыі. Каб усе, хто датычны да гэтых выракаў, ведалі дакладна, што іх чакае», – выказала меркаванне Вольга Высоцкая.

Беларусаў на сёння могуць судзіць завочна паводле 48 «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў. Новаўвядзенні ў закон даюць магчымасць канфіскоўваць маёмасць беларусаў, якія пакінулі краіну, і пазбаўляць іх грамадзянства. Наступны завочны суд пачнецца праз тыдзень – 19 снежня. Ягонымі фігурантамі – завочна – будуць спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў