Што зменіць пастанова ААН аб рэабілітацыі расстралянага Кавалёва?


Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў: падчас працэсу над Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым, расстралянымі вясною за тэракт у менскім метро, былі парушаныя правы падсудных. Міжнародная арганізацыя прапанавала Беларусі рэабілітаваць пакараных смерцю.

Любоў Кавалёва, маці аднаго з расстранялых, адзначыла, што з гэтай нагоды яна мае супярэчлівыя пачуцці: «Вядома, радасна на душы, але таксама балюча, што пастанову прынялі пасля пакарання, пасля забойства сына».
На думку жанчыны, пастанова ААН утрымлівае прызнанне таго, што ўвесь працэс у справе тэракту ў менскім метро быў несправядлівы.

Самае галоўнае ў пастанове ААН, паводле Любові Кавалёвай, – гэта сцверджанне парушэння права ейнага сына на жыццё і справядлівы судовы разгляд.

{movie}Любоў Кавалёва і Раман Кісляк у “Гарачым каментары”|right|7685{/movie}Што менавіта зменіць рашэнне ААН?

Абавязковасць выканання пастановаў ААН, паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, вынікае з абавязку Беларусі выконваць міжнародныя рашэнні: «Камітэт ААН зрабіў выснову, што былі парушаныя правы чалавека, то бок быў парушаны міжнародны пакт, і, натуральна, правы мусяць быць адноўленыя і скампенсаваныя».

Праваабаронца мяркуе, што «аргументы родзічаў асуджаных хлопцаў цяпер падмацаваныя пастановаю кампетэнтнага міжнароднага органу». І хоць праз сістэму міжнароднага права цяжка прымусіць нейкую краіну выканаць пэўную пастанову, але праваабаронца ўпэўнены, што ўрэшце ўдасца пераканаць улады Беларусі прынамсі ў будучыні не рабіць такіх памылак.

Любоў Кавалёва падкрэсліла, што бальшыня беларусаў не верыць у вінаватасць ейнага сына: «Цягам усяго суда я чула ад людзей толькі добрыя словы. Ніколі яны не назвалі хлопцаў тэрарыстамі… Цяпер я змагаюся за сумленнае імя майго сына і за тое, каб больш не паўтараліся падобныя выпадкі, каб адмянілі смяротнае пакаранне».

Любоў Кавалёва і Раман Кісляк паведамілі, што намерваюцца ініцыяваць змены ў заканадаўстве, скіраваныя на поўную адмену ў Беларусі смяротнага пакарання.

belsat.eu

Стужка навінаў