КДБ знайшоў у Жыткавіцкім раёне выбухоўку і міны


Працаўнікі УКДБ па Гомельскай вобласці і УУС Гомельскага аблвыканкаму ля аднаго з населеных пунктаў у Жыткавіцкім раёне знайшлі дзве схованкі з выбуховымі рэчывамі.

Як паведамілі ў прэс-групе УКДБ па Гомельскай вобласці, у адной з схованак былі толавыя шашкі і дэтанатары: 52 шашкі масаю 200 г кожная, 69 – масаю 400 г, агульнаю магутнасцю 38 кг у тратылавым эквіваленце, і 100 дэтанатараў. Усё гэта знішчылі сапёры.

Як высветлілі аператыўнікі, у пэўным месцы тутэйшыя жыхары нярэдка знаходзяць сляды незаконных раскопак, якія вядуць так званыя чорныя капальнікі.

Далейшы пошук дазволіў вызначыць асобу жыхара Менскай вобласці 1994 года нараджэння, якога затрымалі работнікі аднаго з рыбгасаў за незаконную лоўлю рыбы. У затрыманага ў кішэні курткі знайшлі толавую шашку з такою ж маркіроўкаю, што і шашкі, знойдзеныя ў Жыткавіцкім раёне. Затрыманы паведаміў, што ўзяў адну шашку з выпадкова выяўленага ім складу «ў якасці сувеніру».

Падчас аператыўна-следчых дзеянняў у вышэйназваным месцы працаўнікі КДБ знайшлі яшчэ адну схованку, у якой былі 143 толавыя шашкі масаю 70 г кожная, агульнаю магутнасцю 10 кг у тратылавым эквіваленце, 10 ручных гранатаў РГ-42 і 5 супрацьпяхотных мінаў. Выбухованебяспечныя прадметы таксама знішчаныя сапёрна-піратэхнічнаю групаю.

Праводзіцца праверка. Прызначылі выбуховатэхнічную экспертызу. Паводле яе вынікаў прымуць рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы.

belsat.eu

Стужка навінаў