«Жыве Беларусь»: ад нацыянальнага лозунгу да «калабарацыянісцкага вітання»


Выспяванне воклічу «Жыве Беларусь!» напачатку ХХ стагоддзя сталася прыкметаю ўзрастання нацыянальнай свядомасці ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Усведамлення ёю, што на пэўным кавалку зямлі жыве не проста нейкая этнаграфічная маса «мужыкоў», якія «голыя павінны згінуць», а жыве цэлы народ, зямля якога называецца «Беларусь». Адным з тых, хто зрабіў гэтае «адкрыццё» ўласна для сябе і заявіў аб тым на ўвесь свет, быў 25-гадовы Іван Луцэвіч, які ўвайшоў у нашую гісторыю як Янка Купала.

«Гэта крык, што жыве Беларусь!»

У 1905 годзе Янка Купала становіцца сведкам рэвалюцыі, якая паставіла на мяжу існавання агромністую Расейскую імперыю. Малады паэт піша верш «Мужык», які цяпер вывучаюць на занятках па беларускай літаратуры. Галоўнае ў ім – апошнія радкі пра крык з прарочымі словамі пра родны народ:

«І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! – бо я мужык!»

Жалейка. Зборнік вершаў Янкі Купалы. 1908 Крыніца: Нацыянальная Бібліятэка Беларусі.

Рэвалюцыя 1905-1907 гадоў дала жыхарам «турмы народаў» надзею. Янка Купала быў у ліку тых, хто засведчыў, што яго народу «гараваць надаела ўвесь век» і ён хоча «Людзьмі звацца». Таксама ён нарэшце ўсвядоміў, што ж за «крык» падступаў да яго грудзёх у тым жа вершы «Мужык» – «Гэта крык, што жыве Беларусь!». Верш пра «матку-зямлю – Беларусь» Янка Купала змясціў у сваім першым зборніку «Жалейка» 1908 года. Гэты крык, што «жыве Беларусь!», у адрозненні, напрыклад, ад быццам таямніцы перадаванага паўстанцамі 1863-1864 гадоў пароля («Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна!») быў вымаўлены на ўвесь голас і тут жа быў пачуты.

Верш «Гэта крык, што жыве Беларусь!» (1905-1907) Крыніца: «Жалейка» (1908)

Няхай жыве Беларуская Рэспубліка

Рэвалюцыя была задушана ў крыві. Галоўным яе здабыткам для беларусаў стала з’яўленне газеты «Наша доля» (напачатку забароненай царскімі ўладамі), а затым шматгадовае выданне «Нашай нівы», якая зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў свядомасці тутэйшага народу.

Аб тым, што крык Янкі Купалы не проста быў пачуты, але і падхоплены, засведчылі старонкі «першай беларускай газеты з рысункамі». Так, у нумары 9-10 за 10 (23) сакавіка 1911 года з’явіўся артыкул «З нашага жыцця», у якім пісалася:

З нашага жыцця. Наша ніва. 10 сакавіка 1911

«Расце беларускі нацыянальны рух; будзяцца да новага ўласнага жыцця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць сваё нацыянальнае імя нашыя мястэчкі і гарады. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоней, лугоў і лясоў, і ў песнях народных песняроў грыміць, што «жыве Беларусь!» Хутка родзіцца вотклік песням гэтым у сэрцы кожнага незагубіўшага свайго сумлення беларуса. Уваскрасае беларускі народ і голасна гамоніць пра свае чалавечыя правы».

Картка дэлегата Усебеларускага сходу ў снежні 1917 года. Крыніца: Радыё Свабода

Так вокліч «Жыве Беларусь!» з крыку паэта стаўся заяваю пра абуджэнне беларусаў як народу, росту яго нацыянальнай свядомасці. Трапна і прароча падкрэслівалася, што ён адгукаецца ў «сэрцы кожнага незагубіўшага свайго сумлення беларуса». Таму нездарма, што пасля падзення Расейскай імперыі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі, вокліч Янкі Купалы трансфармаваўся з лозунга ў палітычную заяву: «Няхай жыве вольная Беларусь». У такой форме ён у сакавіку 1917 года ў Петраградзе быў вышыты золатам на некалькіх бел-чырвона-белых сцягах, выкананых па праекту архітэктара Клаўдыюша Дуж-Душэўскага і разасланых у разнастайныя беларускія арганізацыі.

«Няхай жыве Беларуская Рэспубліка» гучала на першым Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года і далей ужо ўжывалася ў дачыненні абвешчанай у 1918 годзе Беларускай народнай рэспублікі. «Няхай жыве незалежная Беларусь» была змешчана на першай старонцы штодзённай газеты «Беларусь», якая выходзіла ў Менску ў снежні 1919-ліпені 1920 года. Трансфармаваны вокліч «Жыве Беларусь!» выкарыстоўваўся і ў БССР у міжваенны час. Як, напрыклад «Няхай жыве ордэнаносная Совецкая Беларусь!».

Газета «Беларусь» Крыніца: Беларуская энцыклапедыя.

У час другой сусветнай вайны вокліч «Жыве Беларусь» выкарыстоўвалі як тыя, хто пайшоў на супрацу з нацысцкай Германіяй, так і савецкія партызаны, нават выдаваўся аднайменны часопіс. Найбольш вядомы прыклад – «Партызанскі марш» Пімена Панчанкі і першыя старонкі «Савецкай Беларусі», дзе як раз прысутнічае непасрэдна купалаўская форма «Жыве Беларусь» і «Жыве». «Няхай жыве вольная Беларусь», «Няхай жыве свабодная Беларусь!» з’яўлялася на старонках шматлікіх партызанскіх выданняў, якія дзясяткамі тысячаў распаўсюджваліся па Беларусі. Аднак гэта не перашкодзіла МУС усё роўна ўнесці «Жыве Беларусь» у «пералік нацыстоўскай сімволікі і атрыбутыкі».

Партизанский марш с кличем «Жыве Беларусь!». Листовка, 1941–1944. Витебский областной краеведческий музей

Пасля вайны ў партызанаў ды жаўнераў Савецкай Арміі не ўзнікала ніякіх пытанняў датычна «Жыве Беларусь!» і тым больш у адносінах да яго не ўжывалася характарыстыка «калабарацыянісцкае вітанне». Нездарма яно з’яўляецца на плакатах і ў савецкі час.

Сяргей Раманаў «Няхай жыве Совецкая Беларусь у брацкай сям’і народаў СССР!» (1945)  Крыніца: Беларускі плакат 

У незалежнай Беларусі

У незалежнай Рэспублікі Беларусь вокліч «Жыве Беларусь» і адказ на яго «Жыве» («Жыве вечна!») зноў зрабіўся актуальным. У кастрычніку 1990 года выйшаў першы нумар «Народнай газеты», друкаванага органу Вярхоўнага Савету, на першай старонцы якой і быў змешчаны вокліч «Жыве Беларусь». Але з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ён стаў успрымацца як пазнака нязгоды з палітыкай рэжыму. З гэтай нагоды лукашэнкаўскія прапагандысты сталі раскручваць тэму ўжывання купалаўскага «Жыве Беларусь» калабарантамі.

Спецыяльна гэтаму ў падручніку па гісторыі Беларусі пад рэдакцыяй Яўгена Новіка 2012 года прысвяцілі адмысловую частку, але да забароны воклічу тады не дайшло. Усё змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі нават з «Народнай газеты» прыбралі «Жыве Беларусь». У чэрвені 2021 года МУС запусціла працэс прыняцця пастановы па забароне воклічу, аднак цікава тое, што тады ў праекце ў ліку «нацысцкіх» называўся і нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. У канчатковым варыянце дакументу, зацверджанага 28 кастрычніка 2022 года, ён адсутнічае. Магчыма, не апошняе месца заняло тое, што як патлумачыць, што сам Лукашэнка пад гэтым сцягам прыносіў прысягу і ў першы год яго кіравання менавіта бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным.

Гісторыя Беларусі, 2012. Пад рэд. Я. Новіка. Крыніца: История Беларуси, 1917-45 гг.: учебное пособие для 10 кл 

10 лістапада, у дзень савецкай міліцыі, на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явілася пастанова № 271  МУС, у якой за подпісам міністра Івана Кубракова пералічваюцца арганізацыі і сімволіка, названыя нацысцкімі. У спісе з 52 пунктаў пад № 4 вокліч «Жыве Беларусь» і адказ на яго «Жыве» прыраўніваецца да нацысцкага партыйнага прывітання «Хайль Гітлер». Важную ролю ў гэтым адыграў Ігар Марзалюк, які ў сваёй яшчэ не надрукаванай «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» змясціў адмысловы раздзел – «Дзяржаўныя сімвалы Беларусі». Але найперш тут бачыцца ўплыў усходняга суседа і яго «экспертаў», якія намагаюцца максімальна зачысціць прастору Беларусі ад усяго, што мае рысы супраціву расейскаму каланіялізму. Вокліч «Жыве Беларусь» – гэта як раз адна з праяваў нацыянальнай адметнасці беларусаў.

З  пастановы № 271 МУС ад 28 кастрычніка 2022 года. Крыніца: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

«Жыве Беларусь!» цяпер забаронены лукашэнкаўскім рэжымам. Няхай вас не ўводзіць у зман допіс, які шырока абмяркоўваўся ў сацсетках аб тым, што пра дадзены нацыянальны вокліч гаворыцца ў прывязцы з «падняццем правай рукі з выпрамленай далонню». Лукашэнкаўскія СМІ ўжо называюць «Жыве Беларусь!» «калабарацыянісцкім вітаннем» і таму нас чакае новая хваля рэпрэсіяў. Але гэта ніякім чынам не адмяняе першаснага сэнсу воклічу «Жыве Беларусь», ад якога ніякія пастановы МУС яго не пазбавяць, бо «ўваскрасае беларускі народ і голасна гамоніць пра свае чалавечыя правы».

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў