Першы энергаблок Беларускай АЭС дасюль не працуе, ён на рамонце праз дадатковыя працы і дыягностыку. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Як паведамляе Міністэрства энергетыкі, пастаноўлена правесці «дадатковыя працы і дыягностыку электрагенеравальнага абсталявання першага блоку станцыі з улікам досведу эксплуатацыі аналагічнага абсталявання на іншых АЭС».
«Мы павінны пераканацца ў тым, што ўсё абсталяванне і тэхналагічныя сістэмы будуць надзейна працаваць да наступнага планавага рамонту. Гэта вельмі важная задача», – сказаў Віктар Каранкевіч.
Паводле чыноўніка, выхад энергаблоку з планава-прымусовага рамонту – важны і адказны этап.
Міністэрства энергетыкі Беларусі абяцала яшчэ ў ліпені запусціць першы энергаблок БелАЭС, які застаецца ў «планавым рамонце» з 25 красавіка. Але гэтага не адбылося. 22 жніўня Міністэрства энергетыкі аб’явіла пра завяршэнне рамонту першага энергаблоку.
Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўвялі ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. Да аб’яднанай энергасістэмы краіны яго падключылі 3 лістапада 2020 года.
З моманту ўлучэння ў сетку і да першага планавага папераджальнага рамонту на першым энергаблоку выпрацавалі больш за 9,3 млрд кВт/г электраэнергіі. Але за гэты час яе неаднаразова адлучалі ад сеткі.
Сёлета таксама маюць запусціць другі энергаблок станцыі.
Алена Рувіна belsat.eu