Еўразвяз ці раскол і грамадзянская вайна? У Варшаве абмеркавалі, куды рухацца Беларусі


У варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі» 10 чэрвеня прайшла канферэнцыя «Reshape 2023», якую арганізаваў «Цэнтр новых ідэй» супольна з «Банкам ідэй». «Белсат» пераказвае, пра якія варыянты будучыні Беларусі размаўлялі на галоўнай сцэне.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня. Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская, Белсат.

Гэтай канферэнцыі 8 гадоў, але апошні раз у офлайн-фармаце яна праходзіла ў 2019 годзе ў Менску – пасля пачатку пандэміі перайшла ў онлайн-фармат. Як расказаў дырэктар па даследаваннях «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня, у онлайн-фармаце «цяжка будаваць сапраўдны дыялог», а беларусам «важна пагутарыць пра тое, дзе аказалася Беларусь і куды рухаецца» на чацвёрты год маштабных рэпрэсіяў і другі год вайны.

Канферэнцыя была падзеленая на тэматычныя секцыі. На бізнес-секцыі згадвалі Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжою ABBA і Беларускі бізнес-цэнтр у Польшчы, абмеркавалі «беларускасць» бізнесу эмігрантаў і этычнасць вядзення бізнесу ў Беларусі. На секцыі пра беларускі сегмент Youtube казалі пра тое, як ён змяніўся за два гады, як зрабіць шоў на сотні тысяч праглядаў і як зрабіць, каб беларусы глядзелі сваё.

Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

А вось што абмяркоўвалі на секцыях пра грамадства.

Беларусь не зможа быць «нейтральнай Швейцарыяй»

Дырэктар «Цэнтру новых ідэяў» Антон Раднянкоў распытаў кіраўніка даследчага цэнтру BEROC Паўла Данейку пра Беларусь у глабальным кантэксце. Данейка даводзіў, што пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне стаў «пунктам пералому» і для ягонага светапогляду, і для Беларусі, якая «ператвараецца з нацыі тутэйшых у нацыю, якая ганарыцца сабою».

Ідэалогія тутэйшых, паводле Данейкі, гэта «рабіце, што хочаце, толькі не лезьце ў маю хату». Беларусы былі гатовыя «сябраваць з усімі», падтрымліваць адносіны з усімі суседзямі і быць нейтральнымі, як Швейцарыя. Ды пачалася вайна, якая прымусіла паглядзець на суседзяў па-іншаму:

«Ёсць суседзі-вегетарыянцы і суседзі-людажэры».

Цяпер, даводзіць Данейка, увесь свет мусіць даведацца, што Беларусь – еўрапейская краіна, бо вайна дала разуменне Захаду, што Расея не ёсць еўрапейскай. Загучала «ідэя палітычна-абарончага характару» – Беларусь мае далучыцца да Еўразвязу. Данейка прызнаецца, што і сам да вайны лічыў «швейцарскі варыянт» ідэальным, але вайна прымусіла зразумець, што для Беларусі гэта адзіны шлях захавання незалежнасці. І як эканаміст ён падтрымлівае далучэнне да Еўразвязу яшчэ з адной прычыны: гэта трэба дзеля правядзення рэформаў, бо без еўразвязаўскай «дыктатуры ідэі рэформаў» Грузія, Малдова і Украіна адстаюць у эканамічным развіцці.

Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

А што рабіць, каб у Беларусі «пакрыўджаныя рэформамі» не скінулі ўладу рэфарматараў, якія папсавалі іхную галіну дзейнасці, як то неэфектыўныя ці неэкалагічныя вытворчасці? Данейка адказвае: патрэбныя інвестыцыі ў развіццё іншых галінаў і праграмы перанавучання.

Еўраінтэграцыя, таксама як прыватызацыя, гэта інструмент, якім трэба ўмець валодаць, падкрэслівае ён. Бываюць няўдалыя прыклады, як прыватызацыя ў Вугоршчыне ці «разгром польскага караблебудаўніцтва нямецкім капіталам». Трэба вывучыць чужы досвед і чужыя памылкі, а таксама разумець, што ўступленне ў Еўразвяз – «нармальны бізнес-працэс», пры якім трэба будзе бараніцца ад пэўных бізнес-групаў.

Hавiны
«Беларусы – еўрапейцы ў сабе, а не для сябе»: чаму мы выбіраем нейтралітэт і што з гэтым рабіць
2023.04.20 17:27

Няма расколу між тымі, хто з’ехаў і застаўся, але ёсць палярызацыя

Заснавальнік платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер, даследчыца «Цэнтру новых ідэяў» Леся Руднік і палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркавалі сувязь беларускай дыяспары з людзьмі ў Беларусі. Яны пагадзіліся, што няма расколу на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Палярызацыя, даводзіць Руднік, праходзіць па каштоўнасных лініях, і гэта варта прызнаць, каб працаваць над гэтым. Лібер расказвае, што са свайго боку бачыць, што беларусы добра ўзаемадзейнічаюць і дапамагаюць адзін аднаму незалежна ад геаграфіі, а палітычная палярызацыя якраз не дае працаваць разам.

Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ніводнаму пакаленню беларускай эміграцыі яшчэ не ўдавалася «стварыць другую Беларусь за мяжою», згадваў Дракахруст: дыяспара не адыгрывала значнай ролі, калі раней спрабавала паўстаць вольная Беларусь. Толькі ў падзеях пасля выбараў 2020 года, як заўважыў Лібер, тыя, хто з’ехаў, адыгрывалі большую ролю дзякуючы лічбавым тэхналогіям.

Дыяспара можа «ствараць сэнсы»: у 1884 годзе беларускія студэнты, якія ў Санкт-Пецярбурзе выдавалі газету «Гоман», не прыдумалі, як зрабіць новую рэвалюцыю, але «прыдумалі Беларусь» як асобную нацыю са сваёй ідэнтычнасцю. У 2020 годзе лозунг «далоў Лукашэнку» не даваў залежным ад сістэмы Аляксандра Лукашэнкі адказаў на пытанні, як жыць далей – не было праекту будучай Беларусі. Новая Беларусь пачнецца ў Беларусі і не пойдзе ад мігрантаў, даводзіць Дракахруст, але:

«Дыяспара можа зрабіць ідэйны падмурак рэвалюцыі».

Беларусь, заспакойвае ён, як чэшырскі кот з казкі: сам кот нібы знікае, а ўсмешка застаецца: гэта бачна па тым, як беларускія медыі ў эміграцыі не гатовыя станавіцца медыямі для эмігрантаў.

Юрый Дракахруст, Павел Лібер, Леся Руднік
Юрый Дракахруст, Павел Лібер, Леся Руднік. Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Але дыяспара мусіць зрабіць так, каб свет чуў галасы не толькі эмігрантаў і ўладаў, як гэта адбываецца цяпер, а каб «гучала Беларусь – нашая метраполія», кажа Дракахруст. Руднік адказвае, што людзі ў Беларусі самі павінны «захацець размаўляць» – тэхналогіі гэта дазваляюць, а дыяспары трэба спрыяць жаданню размаўляць. Лібер лічыць, што палітычныя сілы-та могуць прыдумаць супольны аб’яднальны план, у які «ўсе павераць», але пакуль гэтага не адбылася, простым беларусам трэба разбудоўваць гарызантальныя сувязі, якія сталі важнымі ў 2020 годзе. І каб «дацягнуцца да Беларусі», трэба пашыраць інструментарый – магчыма, нават карыстацца неэстэтычнымі «Аднакласнікамі».

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Грамадзянская вайна – не ў беларускім стылі

У абмеркаванні таго, куды рухаецца беларуская нацыя, бралі ўдзел палітычны аналітык Арцём Шрайбман, уладальніца лічбавага агенцтва «Reg Graphic» Надзея Зелянкова,  гісторык і аўтар перадачы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімох Акудовіч.

Яны прыйшлі да высновы, якую агучыла Зелянкова:

«Захоўвайце спакой і вастрыце косы».

Арцём Шрайбман, Цімох Акудовіч, Надзея Зелянкова і Рыгор Астапеня
Злева направа: Арцём Шрайбман, Цімох Акудовіч, Надзея Зелянкова і мадэратар дыскусіі Рыгор Астапеня. Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Зелянкова адзначае, што адрозненні між «старой Беларуссю і новай Беларуссю» кідаюцца ў вочы на візуальным узроўні: дзе дыктатура, там «непрыгожыя рэчы, непрыгожыя будынкі, непрыгожыя людзі», бо таталітарнае кіраванне прыводзіць да таго, што лаяльнасць важнейшая за крэатыўнасць. У беларусаў, верыць яна, ёсць розныя нацыянальныя ідэі, але праблема ў тым, што бракуе ўпэўненасці ў сабе, бо «нас няшмат абдымалі і казалі, якія мы малайчыны, таму нам падаецца, што мы мусім стаць нейкімі іншымі». Таму трэба вучыцца камунікаваць і распавядаць пра сябе.

Акудовіч жа кажа, што падзеленасць грамадства гэта нармальна, у большасці краінаў народ падзелены палітычнымі пытаннямі. Але ў беларусаў ёсць асаблівасць: апошнія паўтысячы гадоў амаль не было войнаў, у якіх беларусы б не ваявалі па абодва бакі супраць адно аднаго, ды не было грамадзянскіх войнаў між беларусамі без вонкавага прымусу – апошняе, што было падобна да грамадзянскай вайны, была хіба пасля смерці князя Вітаўта. Беларусы вечна ваююць адзін з адным, але не па сваім жаданні.

Штогадовая канферэнцыя Цэнтра новых ідэй пра будучыню Беларусі і яе месца ў глабальным свеце. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ды Акудовіч задаецца пытаннем: мо любая нацыя мусіць перажыць канфлікт, а грамадзянская вайна – хоць жахлівая, але прыкмета росту? А калі прымірыцца, мо канфлікт працягнецца, пакуль адзін бок не перамеле другі?

Шрайбман пагаджаецца ў тым, што падзел – рыса любога грамадства, але кажа, што каштоўнасны падзел беларускага грамадства не перарасце ў знішчэнне адзін аднаго. Ён прагназуе, што калі нагоды для падзелу – Лукашэнка, траўма 2020 года і вайна ва Украіне – адыдуць у гісторыю, то беларускае грамадства зробіць крок наперад: або будзе сварыцца праз нешта новае, або будзе «сшывацца». Ён сумняецца, што беларускае грамадства гатовае плаціць «татальны кошт» за перамогу над другім бокам. І ў Беларусі няма геаграфічнага падзелу на прыхільнікаў і праціўнікаў Лукашэнкі, «вёска ад гораду не аддзеліцца і бацькі ад дзяцей не аддзеляцца».

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

Можна быць смялейшымі ў прасоўванні еўрапейскага выбару

Акудовіч заўважае, што нельга казаць аб тым, што ў беларусаў «адна душа» і што яна павінна абавязкова быць «заходняй»: балты і славяне, Літва і Русь – заўсёды ў гісторыі Беларусі былі розныя ідэнтычнасці і розныя мовы, адна з якіх была беларускай. Каб сшыць гэта ў адно, трэба прайсці праз нешта страшнае. Але праблема ў тым, што калі ты «заходнік», то ты любіш Захад і хочаш быць беларусам, а калі «ўсходнік», то можаш «праваліцца ў рускі мір і не разумееш, як быць усходнім беларусам». Ён заклікае «дапамагчы арганізавацца ўсходу», каб той зажыў сваім жыццём, бо асноўныя рысы беларускай ідэнтычнасці сфармаваныя «заходнікамі», а «ўсходніку ў гэтым няўтульна».

Арцём Шрайбман і Цімох Акудовіч
Арцём Шрайбман і Цімох Акудовіч. Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Шрайбман лічыць, што цяпер варта артыкуляваць еўрапейскі выбар. Цяпер незразумела, якім будзе рэгіён і якой будзе Расея па заканчэнні вайны ва Украіне. Пакуль Расея не дазволіць быць Беларусі не тое, што празаходняй, а нават нейтральнай, але па заканчэнні вайны, магчыма, беларусам можна будзе стаць больш амбіцыёзнымі. Цяпер еўрапейскі выбар трэба прасоўваць не таму, што ён будзе абавязкова падтрыманы, а таму, што гэта створыць сэнсы для будучай дыскусіі. І пакуль усё роўна няма электаральных кампаніяў, «можна быць смялейшымі», каб у будучай дыскусіі кампраміс быў «бліжэй да нас»

Суразмоўцы дапусцілі, што ў Беларусі адна дыктатура зменіцца наступнай – «ну, будзем змагацца далей». Ядро прыхільнікаў Лукашэнкі ўжо стала мацнейшым, кажа Акудовіч, бо займела агульнага ворага: «раней мы былі ворагам Лукашэнкі, а цяпер мы разбурылі іхную Беларусь». У іх з’явіліся гучныя галасы, але не з’явілася лідараў, без Расеі яны не змогуць арганізавацца.

Reshape 2023
Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Шрайбман адзначае, што палярызацыя можа дайсці да гвалтоўнай фазы, але без вонкавага фактару беларусы не пойдуць на беларусаў:

«Зможам пабудаваць інстытуты, не будзе расейскага ўварвання – грамадзянскай вайны не будзе».

Зелянкова ж  прагназуе, што «калі зменіцца сітуацыя, зменяцца і меркаванні». Беларусы ў апытаннях пераважна кажуць, што яны або на баку Украіны, або за нейкі нейтралітэт. Нейкі адсотак падтрымкі Уладзіміра Пуціна ёсць нават у Эстоніі, дзе вольны доступ да інфармацыі. Таму лічбы ў Беларусі пазітыўныя і добрыя: беларусы хочуць, каб Украіна перамагла, і гэта рэжым «на іншым баку».

Агляд
Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?
2023.05.12 10:23

Алесь Наваборскі. Фота: Міра Ляселішская belsat.eu

Стужка навінаў