«Лукашэнка тут увогуле ні пры чым». Экс-амбасадар Украіны распавёў, чаму Беларусь не ваюе


Былы ўкраінскі амбасадар у Менску Ігар Кізім у эфіры праграмы «Обычное утро» патлумачыў, чаму беларуская армія не ўступіла ў вайну супраць Украіны, і ў чым быў пралік афіцыйнага Кіева адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Фота: Ihor Kyzym / Facebook

Ігар Кізім не згодны з меркаваннем, што Беларусь не ўступіла ў вайну супраць Украіны дзякуючы Аляксандру Лукашэнку. Паводле дыпламата, насамрэч галоўная прычына – гэта пазіцыя беларускага народу.

«Я лічу, што Лукашэнка тут увогуле ні пры чым. Думаю, галоўны фактар – беларускі народ, які ніколі не пачне ваяваць супраць украінскага народу. Я верыў у гэта, калі быў у вашай краіне, і дагэтуль веру. Беларускі народ – мірны народ, у якога ў менталітэце закладзены такі антываенны складнік, і ён вельмі моцна пераважае. Акрамя гэтага, у нас па вялікім рахунку няма нічога, што магло б справакаваць такую вайну, у нас няма ні тэрытарыяльных, ні моўных, ні культурных прэтэнзіяў адзін да аднаго. Гэта факт, які нельга ігнараваць.

Калі ў замбаваных расейцаў ёсць вялікаімперскія думкі, пра спрадвечна рускія землі і іншую лухту, то ў беларусаў гэтага няма. І растлумачыць цяпер беларускаму абывацелю, навошта яму ісці ва Украіну, таму ж Лукашэнку будзе нашмат цяжэй, чым Пуціну засмечваць мазгі расейцам. Лукашэнка не самазабойца, ён выдатна ўсё разумее», – сказаў дыпламат.

«Калі беларускае войска будзе ўцягнутае ў баявыя дзеянні, то праз некалькі дзён гэтая зброя можа быць павернутая супраць самога Лукашэнкі», – перакананы Кізім.

Дыпламат упэўнены: большасць беларусаў супраць вайны з Украінай. Што тычацца чыноўнікаў, то з іх боку адразу пасля пачатку вайны Кізім адчуў разгубленасць, насцярожанасць і, «скажу больш, неразуменне дзеянняў беларускага кіраўніцтва».

«Я адчуваў нейкую салідарнасць з боку многіх чыноўнікаў, з кім я сустракаўся і працаваў. Гэта факт», – адзначыў ён. Праўда, былі і тыя, хто казаў «вы самі вінаватыя». «Але ў большасці адчувалася безвыходнасць: ты ж разумееш, што мы не можам не падтрымліваць афіцыйную палітыку. Але калі што – я трымаю кішэні нешта і я заўсёды за вас», – распавёў Кізім.

Што тычацца тагачаснага кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, то, паводле ўкраінскага дыпламата, ягоны «светапогляд пасля 2020 года дрэйфаваў у іншы ад Украіны бок». «Сам Макей змяняўся ў апошнія гады. Ён станавіўся ў большай ступені чалавекам той сістэмы, якая пачала стварацца ў Беларусі пасля 2020 году», – адзначыў былы амбасадар.

Кізім канстатаваў, што да 24 лютага 2022 году галоўнай задачай афіцыйнага Кіева было не дапусціць агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Менавіта таму, нягледзячы на драматычныя падзеі 2020 году, Украіна працягвала супрацу з рэжымам Лукашэнкі ў розных сферах. «Наш пралік складаўся ў тым, што мы недаацанілі страх Лукашэнкі страціць сваю ўладу і такое задзейнічанне расейскага фактара ў гэтай сітуацыі», – адзначыў ён.

Аналітыка
Ці актуальна для Беларусі пагроза ўступлення ў вайну супраць Украіны?
2023.11.28 17:05

Нагадаем, рэжым Лукашэнки выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. У лютым – сакавіку 2022 года з Беларусі разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў, а аж да верасня Расея выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны. Беларускі бок таксама пастаўляў расейскаму войску тэхніку і боепрыпасы.

У нашай краіне дасюль застаюцца расейская вайскоўцы.

Інтэрв’ю
«Напісаў Макею: сяброўству канец». Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі распавёў пра першыя дні вайны
2023.10.02 19:24

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў