Дзяржава занепакоілася ўзроўнем тлушчу ў арганізме пенсіянераў


На выставе-кірмашы “Для тых, каму за 50” у сталічным Палацы мастацтваў пенсіянерам прапаноўвалі працаваць, піць зёлкі і спраўдзіць узровень тлушчу.

З 7 па 10 лістапада чыноўнікі зладзілі для людзей сталога ўзросту разнастайныя кансультацыі. Тут можна было спраўдзіць ціск, даведацца пра магчымасці санаторнага аздараўлення і пачуць парады натарыюса.

Самыя доўгія чэргі стаялі да юрыстаў, колькі чалавек звярталіся па дапамогу псіхолагаў і ў гарадскі цэнтр занятасці. Як высветлілася, у намёце апошняга пенсіянеры намагаюцца знайсці не камп’ютарныя курсы, а менавіта працу.

Гандляры ж выставілі тавары, як найбольш патрэбныя людзям за 50. Попытам карысталіся зёлкі, мёд, цёплыя шкарпэткі. Дарэчы, прадаваліся ня толькі беларускія тавары, але нават адзенне з Кастрамы й Арыенбургу. Як заўсёды на падобных кірмашах, тут можна было набыць прадукцыю розных праваслаўных супольнасцяў.

Працавала таксама цырульня. Але найбольш нечаканай прапановай было бясплатнае вымярэнне колькасці тлушчу ў арганізме. У якасці забавы й адпачынку наведвальнікі ярмаркі маглі згуляць у марскі більярд. Адказныя за гэты сектар з задавальненнем гуляюць самі, але сцвярджаюць, што пенсіянеры падыходзілі сюды вельмі ахвотна.

belsat.eu

Стужка навінаў