Камунальны экспромт


Лукашэнка развівае ідэю дыферэнцыяваць аплату паслугаў ЖКГ.

«Мы думаем: як вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі з камуналкаю», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 верасня, адказваючы на пытанні журналістаў у Горках, паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

„Мы не зможам узяць у сярэдняга чалавека сёння і нават у наступным годзе 100 % платы за камунальныя паслугі. Ён проста не заплаціць”, – патлумачыў галава краіны.

Мне шмат хто з бізнесменаў, якія маюць за год даход ад 2 млн да 20 млн долараў, казаў: што ім заплаціць! У іх дамы добрыя, кватэры добрыя, плоцяць 200 долараў за камунальныя паслугі. Ён што, 400 долараў не заплоціць? Гэта ўжо 200 %, а я казаў пра 120 %. Ды ён і 300 % заплоціць. Але гэта трэба ўлічыць кожнага чалавека”, – сказаў Лукашэнка.

„Вядома, калі мы бабахнем 150 % доктару, для яго гэта будзе занадта. А ў нас 350 тысячаў, пад 400 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў і бізнесменаў. Яны ж могуць заплаціць нават крыху больш за 100 %, – мяркуе кіраўнік дзяржавы. – Але гэтых людзей трэба ведаць. Трэба зарганізаваць гэты ўлік, і яны дапамогуць, яны проста дапамогуць”, – дадаў афіцыйны лідар.

Няхай багатыя дапамогуць. Часова.

„Гэта не значыць, што мы павінны дыферэнцыяваць паслугі паводле заробку: у каго 300 долараў — той 20 %, у каго 500 долараў — той 80 % павінен плаціць, хто 1000 долараў атрымлівае на месяц — той павінен плаціць 150 %. Не! Але з той прычыны, што быў экспромт, то мы цяпер думаем: а як жа вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі з камуналкаю. Гэта часовы перыяд”.

„Будзе ў нас сярэдні заробак пад тысячу долараў, мы забудзем гэтую праблему. Людзі будуць плаціць самі за сябе”, – супакоіў Лукашэнка.

Да таго ж кіраўнік дзяржавы зазначыў, што некаторыя беларусы сёння „не цэняць ні газу, ні вады, ні цяпла… А гэта ж велізарныя грошы. Ну, ёсць у нас сёння палёгка з прыродным газам, нафту без мыта з Расеі атрымліваем, мы якраз з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэтую праблему, але гэта ж часова. Заўтра ж мы будзем на еўрапейскім узроўні, як і летась былі. Таму да гэтага трэба рыхтавацца. Калі ты гэта спажываеш, трэба быць гатовым плаціць”, – сказаў прэзідэнт.

12 верасня на нарадзе з урадам Лукашэнка запатрабаваў ад прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча ўвесці дыферэнцыяваную аплату за паслугі ЖКГ. „Міхаіл Уладзіміравіч, мне ўжо надакучыла ад вас слухаць гэтыя просьбы. Ай, Аляксандр Рыгоравіч, $ 5 мала — давайце 10, 15. Людзі сёння з вады на хлеб перабіваюцца, некаторыя. А вы — дайце, дайце. Давайце зробім так: багаты чалавек 120–150 % няхай плоціць камунальныя выдаткі, бедны чалавек, з якога ўзяць сёння няма чаго, – 25–30 %. І мы вырашым праблему”.

belsat.eu

Стужка навінаў