Лідары польскай апазіцыі падпісалі кааліцыйнае пагадненне і вылучылі Туска ў прэм’ер-міністры


Лідары трох польскіх апазіцыйных партыяў – «Грамадзянскай кааліцыі», «Трэцяга шляху» і «Новых левых» афіцыйна падпісалі кааліцыйнае пагадненне. Яны будуць мець большасць месцаў у Сейме – 248 з 460. Кандыдатам на пост прэм’ер-міністра партыі вылучылі былога кіраўніка ўраду  Дональда Туска, які цяпер узначальвае «Грамадзянскую кааліцыю».

Лідары польскай апазіцыі падпісалі кааліцыйнае пагадненне.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

«З сённяшняга дня мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за нашую радзіму. Пагадненне – гэта набор арыенціраў для нашай супрацы пасля атрымання ад прэзідэнта краіны магчымасці фармавання ўраду», – заявіў Туск.

Лідар «Грамадзянскай кааліцыі» зазначыў, што для апазіцыйных палітыкаў было важна заключыць пагадненне менавіта перад Днём незалежнасці Польшчы 11 лістапада.

«Гадавіна незалежнасці нас моцна абавязвае. Паказваем, што для Польшчы можна працаваць хутка, зладжана, у гармоніі, нягледзячы на розніцу ў поглядах», – сказаў Туск.

За пасаду прэм’ер-міністра Туск будзе змагацца з дзейсным прэм’ер-міністрам Матэушам Маравецкім – ягоную кандыдатуру прапанаваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Маравецкі займае гэтую пасаду з 2017 года, з’яўляецца сябрам партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), якая фармавала ўрад з 2015 года.

Меркаванні
Калі будзе новы ўрад і хто будзе кіраваць Польшчай?
2023.11.08 15:33

У панядзелак 13 лістапада павінна адбыцца першае паседжанне новага складу польскага Сейму. Пасля гэтага цягам 14 дзён павінен быць сфармаваны новы ўрад, што Дуда даручыў зрабіць Маравецкаму.

Склад ураду павінен быць зацверджаны Сеймам. Калі Сейм не зацвердзіць новы склад ураду, то права высунуць кандыдат на пост прэм’ер-міністра атрымае большасць у ніжняй палаце, якое і прадстаўлена «Грамадзянскай кааліцыяй», «Трэцім шляхам» і «Новымі левымі».

На парламенцкіх выбарах у Польшчы, якія прайшлі 15 кастрычніка, большасць галасоў атрымала партыя «Права і справядлівасць». Аднак у апазіцыйных партыяў сумарна будзе больш месцаў у парламенце.

У ніжняй палаце Сейму «ПіС» атрымаў 194 месца, апазіцыйная кааліцыя – 248. У верхняй у «ПіС» 34 месца, у апазіцыі – 66.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў