Вікторыя Азаранка згуляе ў дабрачынным тэнісным матчы на падтрыманне Украіны


Найлепшая беларуская тэнісістка і 20-ая ракетка свету Вікторыя Азаранка возьме ўдзел у дабрачынным матчы на падтрыманне Украіны, які пройдзе 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны, паведамляе спартовы партал «Sports business journal».

Вікторыя Азаранка.
Фота: Wikimedia Commons

«Яна вельмі хутка адказала. Яна сказала: «Гэта выбар тэнісіста, і я хачу згуляць», — сказала дырэктарка чэмпіянату «US Open» Стэйсі Эластэр.

Спаборніцтвы арганізуе тэнісная асацыяцыя ЗША USTA. Гэта частка самай вялікай спартовай ініцыятывы збору сродкаў для Украіны. У межах кампаніі USTA ахвяруе прынамсі 2 мільёны долараў ва Украінскі фонд дапамогі. Таксама плануюць збіраць сродкі цягам усяго турніру праз тэлепраграмы і на сайце турніру.

Як паведамляе партал, арганізатары плануюць запрасіць іншых гульцоў з Расеі і Беларусі ды іхных прадстаўнікоў, а таксама звернуцца з прапановаю да гульцоў з Украіны.

Днямі Вікторыі Азаранцы не далі візу ў Канаду, праз што яна прапусціць турнір у Таронта. Цяпер беларуская тэнісістка жыве ў асноўным у Злучаных Штатах.

Hавiны
Вікторыя Азаранка не паедзе на турнір у Таронта праз праблемы з канадскаю візаю
2022.08.08 10:35

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну Вікторыя Азаранка напісала ў Instagram з гэтай нагоды: «Я глыбока расчараваная дзеяннямі, якія цягам апошніх пары дзён адбыліся супраць Украіны. Сумна бачыць, наколькі шмат нявінных людзей пакутуюць ад такога гвалту. З ранняга дзяцінства я бачыла, як украінскі і беларускі народы дружалюбна ставяцца адзін да аднаго, падтрымліваюць. Цяжка назіраць гвалтоўны падзел, які адбываецца цяпер, замест падтрымкі і спачування адзін аднаму».

У пачатку траўня праз агрэсію ў бок Украіны федэрацыі тэнісу Расеі і Беларусі былі выключаныя з Міжнароднай федэрацыі тэнісу, зборныя каманды гэтых краінаў дыскваліфікаваныя.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў