Калі абвесцяць у вышук Лукашэнку? Што набліжае суды за рэпрэсіі ў Беларусі


З 2020 года беларускія дэмакратычныя сілы імкнуцца хаця б за мяжой прыцягнуць да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі. Пытанне крымінальнага пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі зноў набыло актуальнасць пасля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Але ніводнага ордару ў дачыненні тых, хто катуе і пераследуе беларусаў, няма дагэтуль. Калі іх чакаць і што гэтаму замінае?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт галоўнага саюзніка Аляксандра Лукашэнкі – прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай у пытаннях правоў дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх вінавацяць у ваенным злачынстве – незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею падчас уварвання РФ ва Украіну.

Гэтую тэму адразу падхапілі і беларускія дэмакратычныя сілы. Напрыклад, падчас візіту ў ЗША абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла пра неабходнасць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі, як тое было з выдачай ордару на арышт Пуціна. Каментуючы тады гэтыя заявы, экспертка Atlantic Council Ганна Любакова адзначыла, што ў новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека адносна сітуацыі ў Беларусі рэпрэсіі наагул параўнаныя са злачынствамі супраць чалавечнасці. Паводле яе, «такімі выразамі такія арганізацыі проста не раскідваюцца». Тым больш, што «ёсць за што» ўтварыць і адмысловы міжнародны трыбунал.

Hавiны
УВКПЧ ААН бачыць у падзеях у Беларусі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці
2023.03.18 10:22

Агулам жа, як кажа Ціханоўская, сабраных 18 тыс. доказаў «дастаткова, каб пачаць папярэдняе расследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі».

«Настала чарга рэжыму Лукашэнкі»

На ордар з Пуціным у сваіх дзеяннях спасылаюцца і іншыя краіны. Гэтак, урад Літвы 5 красавіка ўхваліў ініцыятыву Міністэрства юстыцыі краіны – прыцягнуць улады Беларусі да адказнасці за міграцыйны крызіс. Іх вінавацяць у невыкананні палажэнняў Пратаколу аб незаконным увозе мігрантаў сушаю, морам і паветрам, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. Справу плануюць перадаць у арбітраж ці Міжнародны суд.

«Пасля Пуціна настала чарга рэжыму Лукашэнкі ўзяць на сябе адказнасць», – заявіла міністарка юстыцыі Эвэліна Дабравольская.

Як адзначыла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце, ініцыюючы ў Міжнародным судзе справу супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з міграцыйным крызісам, Літва не толькі абароніць свае інтарэсы, але і прыцягне ўвагу міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў чалавека.

Метадычна і сістэмна

Таксама і ў пракуратуры Польшчы ўжо ідуць расследаванні крымінальных справаў, звязаных з захопам і прымусовай пасадкай грамадзянскага самалёту «Ryanair», стварэннем міграцыйнага крызісу на межах з Еўразвязам і катаваннямі і гвалтам у дачыненні грамадзянаў Беларусі. 24 сакавіка свае паказанні пракурору Нацыянальнай пракуратуры Польшчы пачаў даваць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады, старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

«Расследаванне прасоўваецца, і прасоўваецца метадычна і сістэмна. Усе гэтыя справы цяпер на стадыі дачы паказанняў пацярпелымі і сведкамі. Усе паказанні фіксуюцца і дапаўняюцца дакументамі і доказамі. Мною таксама прадстаўленая ўжо частка паказанняў і доказаў для пракурора», – паведаміў палітык «Белсату», адзначыўшы, што больш распавесці не можа з прычыны таямніцы следства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Паводле яго, толькі за катаванні і гвалт у Беларусі ў межах універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі ў Польшчы вядзецца больш за дзясятак расследаванняў, і абвінавачанні ў гэтых справах павінны быць у выніку «выстаўленыя не толькі выканаўцам злачынстваў, а і самому арганізатару – Лукашэнку».

Аднак канкрэтную дату перадачы справы ў суд пакуль называць рана, бо «неабходна дапытаць некалькі соцень, нават некалькі тысячаў чалавек, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, ад спецслужбаў». Але Латушка ўпэўнены, што гэтыя крымінальныя справы дойдуць да суда. Больш за тое, на ягоную думку, «яшчэ падчас следства будуць атрыманыя ўсе прававыя падставы для выдачы пастановы і абвяшчэння ў вышук Лукашэнкі».

«У Польшчы такія справы не вядуцца завочна, таму такія ордары будуць выдадзеныя, і датычныя да злачынстваў асобы будуць рана ці позна затрыманыя ў трэціх краінах і дастаўленыя ў суд у Польшчу», – падкрэсліў Павел Латушка.

Кіраўнік НАУ адзначыў, што дэмакратычныя сілы разам з польскімі і літоўскімі адвакатамі імкнуцца да таго, каб у выпадку з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі справа вялася пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, а ўсе расследаванні заставаліся пад адзіным наглядам і былі аб’яднаныя ў адно міжнароднае расследаванне.

Павел Латушка заклікаў пацярпелых падаваць заявы пра пачатак крымінальных справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі адносна злачынстваў рэжыму ў «пракуратуры тых краін, дзе вы цяпер знаходзіцеся», або звяртацца ў НАУ ці праваабарончыя арганізацыі.

«Дадатковы трэк»

Арцём Праскаловіч, адказны ў НАУ за пытанні ўнутранай палітыкі і дзяржаўнага кіравання, у каментары «Белсату» адзначыў, што найбольш прасунуліся справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы, Літве і Чэхіі. Але, дадаў ён, «дэмакратыя ўсё робіць грунтоўна, але вельмі павольна, тым больш у такіх складаных справах».

«Аналагаў беларускага фармату няма на сённяшні дзень. Гэта асноўная складанасць», – заявіў ён.

Паводле яго, вялікія зрухі ў пытанні прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці адбыліся ў сувязі з прызнаннем парламентам Чэхіі тэрарыстычнымі арганізацыямі КДБ і ГУБАЗіК. Ідзе праца дзеля прыняцця адпаведнай рэзалюцыі і з польскімі дэпутатамі. Таксама Арцём Праскаловіч назваў вялікім дасягненнем рэзалюцыю Еўрапарламенту ад 15 сакавіка, якая прапанавала дзяржавам Еўразвязу выкарыстоўваць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і «рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, якія нясуць адказнасць або датычныя да сістэматычнага гвалту, рэпрэсіяў і злачынстваў супраць чалавечнасці».

Таксама дэмакратычныя сілы супольна з партнёрамі ў Польшчы і Літве «падключаюць дадатковы трэк» – пачатак справаў у дачыненні беларускіх суддзяў. Прапаноўваецца лічыць іх непасрэднымі саўдзельнікамі злачынстваў супраць чалавечнасці і дамагацца прыцягнення іх да адказнасці з дапамогай інструментаў універсальнай юрысдыкцыі.

Інтэрв’ю
«У нашай базе больш за 200 суддзяў». Літва расследуе злачынствы супраць чалавечнасці ў судах Беларусі
2023.03.27 09:03

«На сённяшні дзень, калі нікога не збіваюць адкрыта на вуліцах, парушэнні правоў чалавека, парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў, здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці адбываецца ў СІЗА і турмах. І да гэтага непасрэдна датычныя суддзі, бо яны адназначна разумеюць, што выносяць неправасудныя прысуды», – паведаміў прадстаўнік НАУ.

Паводле яго, з аднаго боку прыцягнуць іх да адказнасці прасцей, бо іхныя прозвішчы стаяць пад канкрэтнымі прысудамі, з іншага боку – складаней, бо суддзі наўпрост не катуюць людзей.

Палітычныя цяжкасці прававых пытанняў

Тым не менш, Арцём Праскаловіч прызнаў, што пытанне прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі мае не толькі юрыдычны, але і палітычны бок. Паводле яго, «любы пачатак крымінальнай справы – гэта палітычны мэсэдж, кожная краіна дзесяць разоў думае, як гэта можа паўплываць».

І нават пры дастатковай прававой фактуры ўлады краінаў паралельна ацэньваюць магчымыя прававыя наступствы:

«Гэта вялікая гульня, дзе задзейнічаныя ўсе сферы, і прыняцце такога рашэння ў крымінальнай справе пацягне за сабой нейкія змены ў эканамічных стасунках, можа паўплываць на баявыя дзеянні ва Украіне. Любое такое рашэнне – гэта сігнал рэжыму Лукашэнкі. І пралічваюцца рэакцыі ў адказ на такое абвастрэнне сітуацыі».

Які сэнс такіх справаў?

Арцём Праскаловіч падкрэсліў, што пачатак такіх крымінальных справаў за межамі Беларусі важны, бо «ніхто не павінен застацца непакараным», і хаця б «нашчадкі павінны ведаць пра ролю чалавека ў рэпрэсіях супраць свайго ж народу».

«Калі б мы не верылі, мы б гэтым не займаліся. І нашую веру падмацоўвае тое, што цяпер зрухі адбыліся, а значыць, мы па сутнасці дамагаемся свайго», – адзначыў прадстаўнік НАУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота беларускіх палітвязняў на акцыі салідарнасці з Беларуссю ў Лондане, Вялікая Брытанія. 8 жніўня 2021 года.
Фота: Henry Nicholis / Reuters / Forum

Паводле яго, судовыя працэсы над нацысцкімі злачынцамі, якія працягваюць да сёння, над прадстаўнікамі рэжымаў з Афрыкі або ваеннымі злачынцамі з былой Югаславіі – «найбольш яскравы прыклад таго, што рана ці позна правасуддзе і справядлівасць наступяць».

«Людзі дзесяцігоддзямі жывуць у іншых краінах, але іх усё адно знаходзяць і выдаюць законным судам», – заявіў суразмоўца.

Ён падкрэсліў, што калі віна прадстаўнікоў рэжыму, датычных да злачынстваў, будзе даказаная, то яны «ўсё жыццё да канца сваіх дзён будуць жыць пад страхам пакарання». І ў выпадку падзення рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі ім «бегчы няма куды», бо іх «будуць шукаць па ўсім свеце і выдадуць, калі затрымаюць».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў