З БелАЭС усё добра? У Беларусі зняпраўдзілі звесткі Літвы пра расколіны на корпусе рэактара


Міністэрства энергетыкі Беларусі выступіла з заявай, у якой зняпраўдзіла звесткі літоўскай выведкі адносна расколінаў на корпусе Беларускай АЭС. «Інфармацыя Літвы пра БелАЭС – мэтанакіраваная акцыя для дыскрэдытацыі праекту», – заявілі ў ведамстве.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Паводле Мінэнерга, «разгорнутая чарговая інфармацыйная кампанія, скіраваная на фармаванне негатыўнага стаўлення да БелАЭС праз раздзіманне ўяўнай пагрозы станцыі для міжнароднай супольнасці». У ведамстве назвалі звесткі Літвы «нічым не пацверджанымі», задача якіх – «ускалыхнуць грамадскую думку, палітызаваць сітуацыю, дыскрэдытаваць нашую краіну на сусветнай арэне».

У ведамстве назвалі бяспеку «абсалютным прыярытэтам на ўсіх этапах будаўніцтва і эксплуатацыі атамнай станцыі». Там заявілі, што рамонт станцыі ў 2022 годзе быў планавым і праходзіў у штатным рэжыме. У выніку яго «не было выяўлена ніводнага дэфекту, які ўяўляе пагрозу для ядравай і радыяцыйнай бяспекі – тым больш, які патрабуе дэмантажу рэактара».

Больш за тое, заявілі ў Міністэрстве энергетыкі, нягледзячы на «гучныя выкрыцці» з-за мяжы, Беларусь рыхтуецца ўвесці ў працу другі энергаблок БелАЭС.

Hавiны
Літоўская выведка: У корпусе рэактару на БелАЭС знайшлі расколіны
2023.03.09 17:38

Між тым літоўская выведка паведаміла, што ў 2022 годзе Беларусь і расейскі «Росатом» схавалі ад грамадскасці інцыдэнты і дэфекты рэактарных сістэмаў, што адбыліся на першым і другім блоках АЭС. Паводле звестак выведкі, у траўні 2022-га на АЭС у Астраўцы былі знойдзеныя расколіны ў зварных швах корпуса рэактара аднаго з блокаў. На думку спецыялістаў, якасна выправіць дэфекты можна было б толькі пасля дэмантажу рэактара, але з палітычных матываў такі варыянт нават не разглядаўся.

Тэхнічныя праблемы перашкодзілі своечасова запусціць другі блок электрастанцыі, які меўся быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ летась. Гэтак, у лютым хімічны склад вады ў першым цыркуляцыйным контуры, што ахалоджвае рэактар энергаблоку, быў зменены – ён быў забруджаны смоламі.

Раней паведамлялі, што ў красавіку 2022 года на БелАЭС адбылося апрамяненне персаналу, але афіцыйна інфармацыі не публікавалі.

А 6 сакавіка 2023 года Лукашэнка прызнаў, што падчас будаўніцтва БелАЭС былі хібы, выпраўленне якіх зацягнула тэрміны здачы ў эксплуатацыю. Аднак якія менавіта, не сказаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў