Чаму Лукашэнка так спяшаецца ў ШАС?


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Чжан Мінам заявіў, што Беларусь мае намер выканаць усе працэдуры для ўступлення ў ШАС да чэрвеня 2023 года. Куды спяшаюцца афіцыйныя ўлады і якія рэальныя мэты пераследуе Беларусь, імкнучыся найхутчэй стаць паўнапраўным членам арганізацыі? Спыталі экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / Sputnik / Kremlin Pool Photo / AP / East News

«Спадар генеральны сакратар, вы ведаеце нашу мэту. Для таго каб юрыдычна стаць паўнапраўным членам арганізацыі, у Беларусі павінны быць праведзены пэўныя юрыдычныя працэдуры. Мы павінны далучыцца да тых рашэнняў, якія былі прыняты раней у ШАС. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную мэту – прайсці гэты шлях на працягу бягучага года да саміту ў Дэлі. Гэта хуткі тэмп, сур’ёзны тэмп. Але калі вы нас падтрымаеце, гэта будзе добры вопыт для іншых. Тым больш, зʼяўляючыся наглядальнікам, мы сурʼёзна рыхтаваліся да ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Таму мы адназначна зможам па тэрмінах укласціся да чэрвеня – да таго моманту, як у Дэлі мы зноў сустрэнемся», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка падчас сустрэчы з Чжан Мінам. 

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў бачыць некалькі матываў паскарэння працэдуры ўступлення ў ШAС. Па-першае, ён лічыць, што Лукашэнка «ляціць туды, дзе прымаюць»: на Усход, на Поўдзень, бо шляхі на Захад зараз адсечаныя. Таму ён шукае новыя рынкі і палітычнага прызнання.

Другі матыў больш стратэгічны, пра які ўслых не гаворыцца: знаходзіцца сам-насам з Крамлём Лукашэнку зараз не вельмі прыемна. «Афіцыйны Менск упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі знаходзіцца ў такой эканамічнай, геапалітычнай і ваеннай залежнасці ад Расеі, якой ніколі і не было».

«Лукашэнка лезе на Усход і шукае там новага старэйшага брата ў асобе Кітая. ШАС – гэта такая арганізацыя, дзе Кітай з’яўляецца лідарам, гэта, можна сказаць, «пракітайская» арганізацыя», – адзначыў аналітык.

Але, як мяркуе Віталь Цыганкоў, думкі Лукашэнкі пра тое, што Кітай зможа абараніць Беларусь і стаць для яе нейкім «парасонам», вельмі наіўныя: «Калі, умоўна кажучы, Расея захоча анексіраваць Беларусь, ніякі Кітай за яе не будзе ўступацца».

Палітычны аглядальнік @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі таксама лічыць, што цяпер зацікаўленасць Лукашэнкі да ўступлення ў ШАС падвысілася. «Гэта частка ягонай вялікай геапалітычнай гульні ў новых умовах пасля пратэстаў 2020 года і пасля таго, як рэжым аказаўся саўдзельнікам агрэсіі». У выніку гэтага заходні вектар супрацоўніцтва знік і ўзрасла залежнасць ад Расеі, што для Лукашэнкі вельмі дыскамфортна. Таму афіцыйны Менск шукае яшчэ адну апору ў выглядзе Кітая, які дамінуе ў ШАС, адсоўваючы ў бок Расею.

«У пэўным плане інтарэсы Менска і Пекіна тут супадаюць і з’яўляюцца блізкімі, бо Кітай хоць і не хоча, каб Расея зусім развалілася, але імкнецца яе аслабіць і замацаваць свае пазіцыі. Я думаю, што ў пэўнай ступені для гэтага пастараюцца выкарыстоўваць і Лукашэнку. Але тут трэба адразу адзначыць, што ён апынаецца паміж двух агнёў, бо Пекін далёка, а Масква значна бліжэй, і, канечне, Лукашэнка будзе на яе ў кожным разе азірацца», – адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Нагадаем, што ШАС – гэта міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе. Сваімі галоўнымі задачамі яна абвясціла ўмацаванне стабільнасці і бяспекі на прасторах дзяржаваў-удзельніц, барацьбу з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, а таксама развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, энергетычнага партнёрства, навуковага і культурнага ўзаемадзеяння. На сённяшні дзень у ШАС уваходзяць Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан, Пакістан, Індыя і Іран.

Беларусь падала афіцыйную заяўку на ўступленне ў арганізацыю ў ліпені 2022-га, а ўжо праз два месяцы, 16 верасня, на саміце ў Самаркандзе было абвешчана, што ШАС пачала працэдуру надання Беларусі статусу паўнапраўнага сябра.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў