Улады Беларусі задумалі вырабляць беларускае марозіва ў Кітаі


Міністэрства эканомікі Беларусі прасоўвае ідэю вытворчасці беларускага марозіва ў Кітаі. На форуме ў Шанхаі 7 лістапада пастанавілі даць старт вытворчасці марозіва ў правінцыі Ляў-Нін супольна са слуцкім прадпрыемствам.

Марозіва «Слуцкага сыраробнага камбінату»
Марозіва Слуцкага сыраробнага камбінату. Калаж : Complimilk.com

Дэталяў дамовы беларускі і кітайскі бакі не раскрываюць. Ды летам на сустрэчы з кітайскімі інвестарамі ў Пекіне прадстаўнікі Беларусі падпісалі пагадненні, у ліку якіх – супольная вытворчасць малочнай прадукцыі Слуцкага сыраробнага камбінату і кітайскай «Baimen» у правінцыі Ляў-Нін.

Улады тады збіраліся не проста пастаўляць сухое малако за мяжу, а будаваць у іншых краінах невялікія заводы для яго перапрацоўвання. Аляксандр Лукашэнка казаў, што «свет галадае», таму «любыя дзяржавы патрацяць грошы на тое, каб накарміць людзей», а ў Беларусі ж назапасіліся вялізныя аб’ёмы прадукцыі на складах, «малочкі» на той момант ляжала на амаль 400 млн долараў.

Выданне «Office.Life» нядаўна публікавала вынікі апытання кіраўнікоў малочных заводаў. Яны казалі, што сухое малако сапраўды не карысталася попытам, але калі рабіць з яго сумесі для марозіва ці запяканак, дык ніша можа развівацца, бо «Кітаю патрэбныя ў агромністай колькасці гатовыя сумесі, іх бяруць для марозіва ў Казахстане і Узбекістане».

Пакуль жа, паводле звестак дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу «БелТА», 60 % экспарту беларускай малочнай прадукцыі ў Кітай складае якраз сухое абястлушчанае малако, 30 % – малочная сыроватка, 9,2 % – сухое цэльнае малако.

Аб’ёмы вонкавага гандлю Беларусі даўно засакрэцілі, аб іх ёсць толькі ўрыўкавыя звесткі. Улады Беларусі пастаянна шукаюць новыя рынкі, як то ў Венесуэле, Зімбабвэ, Іране, Экватарыяльнай Гвінеі… Пакуль жа сальда вонкавага гандлю адмоўнае: Беларусь больш імпартуе з-за мяжы, чым экспартуе за мяжу.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў