Лукашэнка зноў збліжаецца з Іранам


Магамад Махбэр, першы віцэ-прэзідэнт Ірану, завітаў у Менск. І першым чынам сустрэўся за Лукашэнкам. Кантакты з Тэгеранам той навязаў яшчэ падчас свайго першага тэрміну. Але супраца паміж краінамі то ажыўлялася, то зноў згасала. Цяпер, падобна, чарговае ажыўленне. Разам з Махбэрам прыехалі міністры, адказныя за іранскую прамысловасць, гандаль, руднікі, нафту і сельскую гаспадарку. Менск таксама выказвае зацікаўленасць супрацоўнічаць у шэрагу кірункаў – ад гандлю да транспарту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Таваразварот паміж краінамі летась вырас утрая параўнальна з 2021 годам. Праўда, побач з беларуска-кітайскім і беларуска-расейскім гандлем лічбы мікраскапічныя – 100 мільёнаў долараў. У Ірану Беларусь купляла арэхі, садавіну, гародніну і лекі.

«Вось такімі дробязямі адзін аднаму дапамагаць – магчыма, неяк пракульгаюць. А куды кульгаюць? Магчыма, сам Іран не разумее. Іранскае кіраўніцтва, маю на ўвазе», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Беларусь прадае Ірану калійныя ўгнаенні, лесаматэрыялы, сінтэтычныя ніткі ды – увага – «спецыфічныя тавары». Пад гэтаю назваю звычайна хаваюць вырабы вайсковага і падвойнага прызначэння. Іран можа быць зацікаўлены ў пашырэнні менавіта вайсковай супрацы, мяркуе вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Лукашэнка ў Іране
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Ірана Эбрагім Раісі паціскае руку прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку пасля сумеснай прэс-канферэнцыі ў Тэгеране, Іран, 13 сакавіка 2023 г.
Фота:Iran’s President Website/WANA (West Asia News Agency)/Handout

«Не выключаю нават магчымасці атрымання тэхналогіяў вытворчасці балістычных ракет. У сваю чаргу, атрымліваючы яшчэ савецкія тэхналогіі ад Беларусі, Іран можа ўдасканаліць свае балістычныя ракеты. Абмен тэхналогіямі ракетнымі», – разважае Аляксандр Каваленка.

«Яны могуць пастаўляць у Беларусь беспілотнікі, нейкія кампаненты ўзбраенняў. І такім чынам унікаць абвінавачанняў, што яны робяць гэтыя пастаўкі беспасярэдне ў Расею», – кажа дырэктар украінскага Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў Ігар Сэмывалос. Іран апраўдваецца не перад Захадам, а перад сваймі суседзямі – удакладняе эксперт.

«Беларусь – гэта ж іншая незалежная дзяржава. Хіба мы не маем права з ёй працаваць? А там, на глабальным Поўдні, ніхто асабліва не будзе разбірацца, што Беларусь – гэта, па сутнасці, акупаваная Расеяй тэрыторыя», – кажа Ігар Сэмывалос.

Рэжым Лукашэнкі імкнецца актывізаваць стасункі не толькі з Іранам. Пасля размовы з Махбэрам самаабвешчаны прэзідэнт прымаў у сябе кіраўніка МЗС Венесуэлы Івана Хіля Пінто. У падобных сустрэчах ёсць не толькі эканамічны, але і палітычны падтэкст, мяркуе Яўген Красулін.

«Узаемная падтрымка, як бы гэта ні гучала скептычна, на міжнароднай арэне, у міжнародных інстытутах – гэта вельмі істотна і вельмі сур’ёзна», – кажа Яўген Красулін.

У выніку размовы Лукашэнка абвясціў пра «перазагрузку» беларуска-венесуэльскіх стасункаў і нават прыгадаў пра планы супрацы, якія яны абмяркоўвалі яшчэ з нябожчыкам Уго Чавэсам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»