Чаму ў Лукашэнкі прыгадалі пра Венесуэлу?


У Беларусь завітаў міністр замежных справаў Венесуэлы Іван Хіль Пінто, дзе сустрэўся са сваім менскім калегам. А заўтра атрымае аўдыенцыю ў Лукашэнкі, чые публічныя кантакты з уладамі Венесуэлы пасля 2019 года абмяжоўваліся дзяжурнымі віншаваннямі са святамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стасункі Менску і Каракасу актыўна развіваліся з 2006-га года. Уга Чавэс – тагачасны прэзідэнт Венесуэлы – і Аляксандр Лукашэнка дэманстравалі сяброўства і ездзілі адзін да аднаго ў госці. Беларускія дзяржаўныя медыі трубілі пра супольныя праекты. Апафеоз эканамічнай супрацы прыпаў на 2010 год, калі Лукашэнка, пасварыўшыся з Масквою, дамовіўся з Чавэсам пра пастаўкі ў Беларусь венесуэльскай нафты.

«Такія пастаўкі эканамічна немэтазгодныя, і былі знойдзеныя іншыя формы. Лукашэнка вярнуўся да Расеі – і тэма Венесуэлы проста знікла, яна не была больш патрэбная Лукашэнку, яе не трэба было выкарыстоўваць для шантажу Расеі», – кажа кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка.

Рэжым Лукашэнкі дагэтуль вінен Венесуэле за пастаўкі нафты паўтара мільярда долараў – пісалі беларускія журналісты-расследавальнікі. Па смерці Чавэса яго замяніў пераемнік Нікаляс Мадура. З ім Лукашэнка таксама таварышаваў.

У 2014-м годзе Венесуэлу накрылі палітычны ды эканамічны крызісы. Масавыя антыўрадавыя пратэсты, санкцыі з боку ЗША, трохзначная інфляцыя. Большасць насельніцтва застаецца за рысаю беднасці. Больш за 6 мільёнаў венесуэльцаў уцяклі ад галечы за мяжу. Супольныя з Беларуссю праекты пачалі глухнуць. МЗС Беларусі, аднак, абяцае ўсё паправіць і вінаваціць Захад.

Нікаляс Мадура на паседжанні беларуска-венесуэльскай камісіі. Беларускі бок прадстаўляе Віктар Шэйман. Каракас, Венесуэла. 17 снежня 2021 года.
Фота: NicolasMaduro / Twitter

Алейнік нават паразважаў пра магчымасць беспасярэдняга авіязлучэння з Венесуэлай. Чаму ў Менску раптам схамянуліся і прыгадалі пра супрацу з краінаю, што месціцца больш як за дзевяць тысяч кіламетраў ад Беларусі?

«Відавочна гэта спроба прарваць міжнародную ізаляцыю – яна ёсць і яна эфектыўная. Таму, я думаю, візіт адбыўся з ініцыятывы беларускага боку», – мяркуе Уладзімір Астапенка.

Дый варыянтаў, каго яшчэ можна завабіць у Менск, падобна, не так шмат.

«У Лукашэнкавай улады вельмі абмежаваны набор патэнцыйных замежных эканамічных партнёраў, таму яны ўвесь час тасуюць гэтую калоду, спрабуючы нешта зрабіць з гэтым наборам дыктатарскіх рэжымаў», – кажа спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Яшчэ адзін цікавы нюанс: Каракас мае шанцы на нармалізацыю стасункаў з Захадам, бо ЗША зацікаўленыя ў венесуэльскай нафце. Але ёсць умова: правядзенне сумленных прэзідэнцкіх выбараў у гэтай паўднёваамерыканскай краіне.

«Могуць быць знятыя санкцыі з Венесуэлы з боку ЗША ў 2024 годзе, таму яна можа быць патэнцыйным кур’ерам, пасярэднікам паміж Беларуссю і Захадам, Беларуссю і Амерыкай», – мяркуе Алесь Чайчыц.

Пакуль рэжым Лукашэнкі спрабуе ўзмацніць кантакты з краінамі гэтак званай «далёкай дугі»: Азія, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. Так, заўтра ў Менск прылятае першы віцэ-прэзідэнт Ірану Магамад Махбэр. З гэтаю краінаю рэжым Лукашэнкі раней таксама меў доўгую паўзу ў стасунках.

Валянцін Васіленка, «Белсат»