БРЦ: Лукашэнка застаўся вінны Венесуэле амаль паўтара мільярда долараў


Беларускі расследавальніцкі цэнтр публікуе новае расследаванне, паводле якога афіцыйны Менск не разлічыўся за пастаўкі нафты з Венесуэлы на суму паўтара мільярда долараў.

Супраца Беларусі з Венесуэлай пачалася больш за 10 гадоў таму, яшчэ ў час прэзідэнцтва Уга Чавэса. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру атрымалі копію дакументу, датаванага вераснем 2015 года, які рыхтавалі да нарады прэмʼер-міністра Беларусі. Ён пацвярджае, што ўлады Беларусі зусім і не збіралася вяртаць Венесуэле амаль $ 1,5 млрд.

Калі сцісла, там гаворыцца, што Менск пастанавіў «разглядаць запазычанасць не як беларускі доўг, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла».

Крыніца: Беларускі расследавальніцкі цэнтр
Крыніца: Беларускі расследавальніцкі цэнтр

Генеральны дырэктар Беларускай нафтавай кампаніі Міхаіл Касцечка ў тэлефоннай размове з журналістамі заявіў, што не ведае, пра якую запазычанасць ідзе гаворка.

Але ў дакументах, якія ёсць у БРЦ, дакладна сказана, што гэта за доўг і адкуль ён узяўся. Размова пра дзевяць мільёнаў тонаў нафты, якая па дамоўленасці з Венесуэлай пачала пастаўляцца ў Беларусь падчас «энергетычнай вайны» з Расеяй.

Падрабязней з расследаваннем можна азнаёміцца на сайце Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Доўгая гісторыя сяброўства

Нашая журналістка Кацярына Андрэева пісала пра асаблівыя дачыненні Менску і Каракасу яшчэ ў далёкім 2017 годзе.

Першая дамова паміж афіцыйным Менскам і Каракасам была падпісаная дваццаць гадоў таму, аднак беларуская амбасада з’явілася там толькі ў 2007-м, пасля сустрэчы Лукашэнкі з тагачасным венесуэльскім лідарам Уга Чавэсам. Адносіны з Чавэсам склаліся цёплыя: дзякуючы «сябру Уга» таваразварот усяго за два гады перажыў рэзкі рост – замест ранейшых 6 мільёнаў долараў беларускія пастаўкі склалі 173,1 мільёна.

Гандлявалі тэхнікай вытворчасці МАЗ: трактарамі, грузавікамі, самазваламі і дэталямі да іх. У Венесуэлу ішлі беларускія калійныя ўгнаенні, сухое малако, а беларусы ехалі працаваць на супольныя прадпрыемствы – зборачны цэх СП «Мазвен», «VeneMinsk Tractores» і «Maquinarias Barinas». Акрамя таго, дзяржаўная кампанія «Белзамежбуд» занялася будаўніцтвам жылых дамоў у Каракасе.

У склад адмысловай беларуска-венесуэльскай камісіі увайшоў даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, які ў сярэдзіне двухтысячных узначальваў Савет бяспекі. Імаверна, менавіта ён адказваў за самыя «далікатныя» аспекты гандлю.

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс (справа) размаўляе з Віктарам Шэйманам (злева). Каракас, сталіца Венесуэлы, 3 кастрычніка 2011 г.
Фота: Abn / Zuma Press / Forum

У 2011 годзе Лукашэнка і Чавэс дамовіліся, што Венесуэла будзе пастаўляць да 10 мільёнаў тонаў сырой нафты за год на рэгулярнай аснове цягам трох гадоў.

Беларуска-венесуэльскі дыялог квітнеў усцяж да смерці «сябра Уга» ў 2013 годзе.

З новага расследавання робіцца зразумелым, што за мінулыя пазыкі Менск так і не разлічыўся.

Пасля смерці Чавэса Венесуэла сутыкнулася з вельмі вострым палітычным і эканамічным крызісам. Нягледзячы на вялікія запасы нафты, зараз гэта адна з найбяднейшых краінаў Лацінскай Амерыкі. Мільёны венесуэльцаў былі вымушаныя пакінуць краіну.

АА belsat.eu

Стужка навінаў