«Мы не проста прыходзім і прадаем сваю тэхніку, сваё абсталяванне. Мы ствараем тэхналогіі, мы навучаем людзей, мы намагаемся максімальна забяспечыць сервіз, суправаджэнне», – заявіў намеснік старшыні Савету Міністраў Лукашэнкі Пётр Пархомчык.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Дзякуючы рынку афрыканскіх краінаў урад Беларусі плануе павысіць агульны паказнік экспарту харчоў да 10 мільярдаў долараў штогод. Летась было 8,3 мільярдаў.
«У перспектыве можна сабе чакаць, што гэта так і будзе. Афрыка – вялікі рынак, людзей шмат, сельскагаспадарчая прадукцыя там будзе запатрабаваная. Таму гэты рынак трэба асвойваць, тым болей у дадзенай сітуацыі. Але эфект не будзе імгненны», – паведаміў эканаміст Алесь Чайчыц.
Цяпер Беларусь пастаўляе харчы ў 7 краінаў: Гану, Егіпет, Кот-д’Івуар, Маўрытанію, Нігерыю, Сенегал і Уганду.
«Па ўзроўні эканамічнага развіцця гэтыя краіны адстаюць ад усяго свету. Эканамічны рост там нераўнамерны. Нельга сказаць, што там адбываецца выбуховы рост. Няма там і “эканамічных тыграў”», – дадаў Алесь Чайчыц.
Экспартаваць плануюць і тэхніку. Толькі ў Зімбабвэ паводле кантракту адправяць 131 пажарную машыну, больш за 3 тысячы трактароў і 80 камбайнаў. У Зімбабвэ, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Анголе, Егіпце і Алжыры працуе беларуская кар’ерная тэхніка, ідуць перамовы з Кеніяй ды Марока. Толькі Расея спісала краінам Афрыкі 23 мільярды долараў пазыкаў у лютым. Дык ці змогуць яны расплаціцца за імпартаваную тэхніку?
«З краінамі Афрыкі асаблівасць гандлю такая: калі ў іх няма грошай, то аплату можна браць правам на здабычу карысных выкапняў», – заявіў кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Стась Івашкевіч.
Раней журналісты-расследавальнікі паведамлялі пра афшорную кампанію, афіляваную з бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам і сынам Віктара Шэймана Сяргеем, якая займалася здабычаю нафты ў Зімбабвэ. Вядома і пра кампанію «Сохра» бізнесоўца Аляксандра Зайцава, якая прадае карʼерныя самазвалы для здабычы алмазаў. Паводле Станіслава Івашкевіча, выгады з новых Афрыканскіх кантрактаў атрымаюць не беларускія прадпрыемствы.
«У гэтых здзелках Беларусі з Афрыканскімі краінамі Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае свае паўнамоцтвы як кіраўніка дзяржавы, каб асабіста лабіяваць гэтыя праекты. Ён выдае іх за ўзаемавыгадныя міждзяржаўныя праекты, але выглядае так, што плаціць Беларусь, а выгады атрымліваюць эмірацкія альбо сейшэльскія афшоры гаманцоў Аляксандра Лукашэнкі», – дадаў Стась Івашкевіч.
Гандаль з гэтым рэгіёнам звязаны і з цяжкасцямі з гледзішча лагістыкі. Дастаўляць прадукцыю ў сённяшніх умовах магчыма толькі праз марскія парты Расеі.
Андрэй Сульжыц, «Белсат»