«Лакальны праект». Аляксандр Фрыдман пра супрацу Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі


Аляксандр Лукашэнка займеў новага сябра. На гэты раз – афрыканскага дыктатара – прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янга, якога ў некаторых брытанскіх і афрыканскіх медыях нават празвалі канібалам. Палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што іншых магчымасцяў міжнародных кантактаў у Лукашэнкі няшмат, ды і Афрыканскі кантынент асабліва цяпер выглядае для яго вельмі прывабна са шматлікімі рэсурсамі і нафтай, каторыя, праўда, убачыць яму хутчэй за ўсё не давядзецца. Пра гэта аналітык распавёў «Белсату» ў жывым эфіры.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Менавіта з такімі мэтамі ён выходзіў на такія краіны, як Зімбабвэ, паспрабаваў праз Зімбабвэ пайсці далей, у кірунку Мазамбіку. Ну, пакуль, відаць, у гэтым накірунку не атрымалася. Таму вырашылі ўхапіцца за тое, што ёсць яшчэ», – кажа Фрыдман.

У сваю чаргу, падкрэслівае суразмоўца «Белсату», для Абʼянга магчымая супраца з Лукашэнкам і гэты візіт у Еўропу – таксама прэстыжна і цікава.

«Але мне падаецца, што гэта такі лакальны праект. Нейкім плацдармам для прасоўвання беларускіх інтарэсаў у краінах Афрыцы гэтая краіна стаць не зможа, бо яна проста маленькая, ну, і добрай рэпутацыяй таксама не карыстаецца».

Да ўсяго, паводле палітычнага аналітыка, у Экватарыяльнай Гвінеі досыць роўныя адносіны з ЗША і з Іспаніяй, чыёй калоніяй яна была раней, таму антыкаланіяльная рыторыка Лукашэнкі на гэтай сустрэчы і прапанова паставак зброі з Беларусі сталася недарэчнай. Разлічваць на тое, што Абʼянг на гэта пойдзе, не прыходзіцца, мяркуе Фрыдман.

Тэадора Аб’янг.
Фота: POOL / Reuters / Forum

«Абʼянг прыйшоў да ўлады ў 79-ым годзе. Ён па-ранейшаму яе захоўвае. Ён хоча перадаць гэтую ўладу свайму сыну, які зараз з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны. У яго атрымалася стабільна, так, жорстка, крывава, але стабільна захаваць свой рэжым з 79-га года. І ён, зразумела, не зацікаўлены ў тым, каб там з’явіліся нейкія замежныя вайскоўцы, у якіх ён хутчэй будзе бачыць пагрозу свайму рэжыму», – кажа эксперт.

Самым жа цікавым у магчымай супрацы з Беларуссю для Экватарыяльнай Гвінеі Аляксандр Фрыдман бачыць развіццё медычнага кірунку: атрыманне афрыканцамі адукацыі і туры ў нашую краіну на лекаванне. Праўда, з невялікаю агаворкай:

«Магчыма, будуць дамоўленасці пра тое, каб нейкія функцыянеры з Экватарыяльнай Гвінеі атрымлівалі медычную дапамогу на тэрыторыі Беларусі. Але мне гэта падаецца хутчэй малаверагодным, паколькі афрыканскія лідары пры ўсёй сваёй прыхільнасці да Беларусі альбо Расеі, калі гаворка ідзе пра іхны ўласны стан здароўя і медычныя паслугі, яны ўсё ж аддаюць перавагу еўрапейскім краінам».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў