У Беларусь прыляцеў кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі


У Беларусь з афіцыйным візітам прыбыў прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янг. Ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам для падпісання двухбаковых дакументаў, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янг падчас святкавання Нацыянальнага дня незалежнасці.
Фота: Амбасада Экватарыяльнай Гвінеі

Па інфармацыі прэс-службы, падчас візіту прэзідэнта афрыканскай краіны адбудуцца «афіцыйныя перамовы, падпісанне двухбаковых дакументаў, наведванне прадпрыемстваў і азнаямленне з патэнцыялам беларускіх вытворцаў».

«Гэты візіт з’яўляецца працягам курсу Беларусі на актывізацыю супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента», – заявілі ў прэс-службе.

Тэадора Абʼянг сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім і пашыраным складах. Па выніках сустрэчаў плануецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў, накіраваных на развіццё міждзяржаўных адносін.

Візіт прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янга ў Беларусь.
Фота: belta.by
Візіт прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янга ў Беларусь.
Фота: belta.by

Візіт прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусь быў запланаваны на 25-26 чэрвеня, аднак яго адмянілі, бо за дзень да гэтага адбыўся мяцеж Прыгожына.

Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, зрынуўшы дыктатарскі рэжым свайго роднага дзядзькі. Ён знаходзіцца ва ўладзе, калі не ўлічваць манархаў, рэкордная колькасць часу – з 1979 года, усяго больш за 44 гады. Цяпер яму 81 год. За час знаходжання ва ўладзе было здзейснена некалькі спроб ваеннага перавароту, зараз у краіне квітнее культ асобы прэзідэнта.

На 2006 год багацце Аб’янга ацэньвалася ў 600 млн долараў, а ён сам займаў восьмае месца ў спісе найбагацейшых кіраўнікоў свету.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў