Новы праект Аляксандра Зінгмана: медыі апублікавалі падрабязнасці загадкавай угоды паміж Кеніяй і Беларуссю


Паводле выдання The Weekly Review, кенійскі ўрад збіраецца набыць беларускіх трактароў і іншай тэхнікі на 320 мільёнаў долараў. І здавалася б, што тут такога, калі б не некалькі акалічнасцяў, на якія звярнулі ўвагу калегі з Reform.by. А справа ў тым, што ўгода мае быць праведзеная праз кампанію AFTRADE DMCC.

Што ж гэта за такая кампанія? AFTRADE DMCC зарэгістравана ў ААЭ бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам, блізкім да Віктара Шэймана. Ён з’яўляецца ганаровым консулам Зімбабвэ ў Менску і займаецца збытам беларускіх тавараў у краіны Афрыкі. Іншая ягоная кампанія Zim Goldfields, якой ён валодае разам з сынам Віктара Шэймана і зімбабвійскім урадам, займалася здабычай золата ў Зімбабвэ. Акрамя таго, засвяціўся бізнесовец і ў Конга, дзе ў 2021 годзе быў затрыманы па падазрэнні ў продажы зброі былому прэзідэнту гэтай краіны. І вось, падобна, Кенія мае стаць чарговай афрыканскай дзяржавай, да якой праявіў цікавасць Аляксандр Зінгман.

Аляксандр Зінгман. Фота: ex-press.by
Аляксандр Зінгман, уладальнік кампаніі AFTRADE DMCC.
Фота: ex-press.by

Так, сярод тэхнікі, якую збіраецца набыць кенійскі ўрад, побач з трактарамі значацца высокахуткасныя самаходныя кормаўборачныя камбайны, самазвалы і рознае абсталяванне.

Угода ўжо сама па сабе даволі рызыкоўная для Кеніі, бо Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі. Тым не менш кенійскі ўрад ідзе на такі крок. Ажыццявіць яе збіраюцца праз 18 месяцаў, і яна мае стаць найбуйнейшым імпартам трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Кенію цягам апошніх гадоў. Але галоўнае пытанне: адкуль урад знойдзе такія вялікія сумы для фінансавання ўгоды? Бо імпартаваць тэхніку збіраецца дзяржаўная крэдытная арганізацыя Agricultural Finance Corporation (AFC), якая апошнім часам мае істотныя фінансавыя цяжкасці.

Пасля падрабязнага вывучэння дакументаў стала зразумела, што старшыня AFC звяртаўся ў генеральную пракуратуру і прасіў аб дапамозе ў складанні міжурадавага пагаднення паміж Кеніяй і Беларуссю, мяркуючы пры гэтым, што праект на шмат мільёнаў долараў будзе фінансавацца па льготным крэдыце Беларусі.

Зінгман увайшоў у спіс кенійскай дэлегацыі, якая 27 лютага – 3 сакавіка наведала з візітам Катар.
Фота: cnyakundi.com

Згадка пра яшчэ адну крыніцу фінансавання вынікае з дакументу кабінету міністраў «Нацыянальная праграма механізацыі сельскай гаспадаркі, якая павінна быць рэалізавана AFC». Сярод іншага там ёсць агаворка пра тое, што фінансаваннем праграмы будзе займацца Trade Development Bank (TDB): «Праграма будзе фінансавацца за кошт крэдытнай лініі ад Банка развіцця гандлю (TDB) тэрмінам на сем гадоў з чаканай працэнтнай стаўкай не больш двух і трох працэнтаў». У іншым раздзеле дакумента гаворыцца, што фінансаванне праекту будзе весціся за кошт крэдытнай лініі, арганізаванай паміж Кеніяй і Беларуссю на ўмовах (G-to-G). І нарэшце ў яшчэ адным раздзеле Нацыянальнай праграмы гаворыцца, што «фінансаванне будзе арганізавана Банкам гандлю і развіцця Comesa, акцыянерам якога з’яўляецца ўрад Беларусі».

Як адзначае Reform.by, «панафрыканскі банк Trade and Development Bank of COMESA з’яўляецца партнёрам Банка развіцця Беларусі. Па аналагічнай схеме ў 2019 годзе планавалася экспартнае фінансаванне сумесных праектаў Беларусі і Зімбабвэ».

У сваю чаргу, журналісты The Weekly Review звязаліся з TDB, дзе ім сказалі, што «не атрымліваюць ніякіх заявак і не ўдзельнічаюць у якіх-небудзь абмеркаваннях фінансавання імпарту сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі. На дадзены момант нічога не абмяркоўвалася».

У гэтай сувязі рэдакцыя The Weekly Review задае слушныя пытанні аб тым, хто з’яўляецца гэтай таямнічай крыніцай мільёнаў долараў, якая настолькі ўплывовая для таго, каб ствараць гэтыя структуры, падпісваць мемарандумы аб узаемаразуменні для апраўдання такога маштабнага праекту? А таксама якія паўнамоцтвы і магчымасці мае контрагент у Дубаі, каб дзейнічаць ад імя Беларусі. Бо, як сцвярджае выданне, менавіта кампанія Aftrade DMCC, якая будзе здзяйсняць шматмільённую ўгоду з беларускага боку, базіруецца ў Дубаі і была створана ў 2017 годзе грамадзянамі Беларусі (у прыватнасці, Аляксандрам Зінгманам). Яе назва фігуруе амаль ва ўсёй перапісцы, уключаючы мемарандум Кабінету міністраў і пісьмо старшыні кампаніі AFC.

Aftrade DMCC у якасці кошту паслуг за правядзенне ўсёй угоды, сума якой ацэньваецца ў 320 мільёнаў долараў, плануе атрымаць 5 мільёнаў долараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў