Па БТ паказалі пранк з Вольгі Кавальковай. Ці праўда яна згадзілася браць расейскія грошы?


Дзяржаўная тэлевізія Беларусі 7 верасня паказала прапагандысцкі фільм «Изнанка», у якім загрымаваная вядоўца вяла перамовы з лідаркай фракцыі Каардынацыйнай рады «Шчаслівая нацыя» Вольгай Кавальковай. З матэрыялу мусіла вынікаць, што Кавалькова пагадзілася ўзначаліць беларускую апазіцыю і весці кампанію на расейскія грошы, атрыманыя за абяцанне аддаць беларускія заводы.

Вольга Кавалькова (злева) і загрымаваная супрацоўніца БТ Екацярына Ціхамірава. Скрыншот: АТН / Youtube

Паводле фільму, размовы пачаліся 25 лютага 2023 года і адбываліся ў розны час, прынамсі да 8 жніўня, і гэта былі «доўгія размовы, амаль дзвюх сябровак». У 26-хвілінным фільме асноўны час прамаўляюць аўтары: вядоўца беларускай тэлевізіі Аляксандр Харавец нібыта бярэ інтэрв’ю ў Екацярыны Ціхаміравай, якая і выканала галоўную ролю ў розыгрышы.

З 26 хвілінаў відэа толькі 6 з невялікім хвілін – словы самой Вольгі Кавальковай. Размовы з ёй запісаныя праз відэасувязь. Гісторыя злепленая з размоваў у розныя дні (што БТ не адмаўляе), а рэплікі, мяркуючы з інтанацыяў і пабудовы сказаў, часам абрэзаныя на сярэдзіне. З мантажу аўдыё і відэа немагчыма ўпэўнена сказаць, ці адказвала Кавалькова на тыя пытанні і прапановы, што былі агучаныя ў эфіры.

Мы уважліва паслухалі, што ў фільме сказала сама Кавалькова, а не вядоўцы, і вось што пачулі:

  • Урывак 1. Кавалькова расказала, што не ўзгадняе свае інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, бо «было б дзіўна, калі б у нас толькі адна моцная жанчына была».
  • Урывак 2. Кавалькова са смехам казала, што ёй было б цікава паразмаўляць з людзьмі, якія маюць на яе амбіцыі: паводле БТ, хтосьці (голас зменены, фразы відавочна абрэзаныя і змантаваныя) казаў, што «нашыя партнёры» гатовыя аказаць дапамогу ў прасоўванні Кавальковай як палітыка, ледзьве не «новага лідара беларускай апазіцыі».
  • Урывак 3. Кавалькова пагадзілася «падумаць над канцэптам» чагосьці. Чаго, сваім голасам не казала, але вядоўцы БТ заяўляюць, што прасілі скласці яе смету на паўгода – колькі трэба ёй грошай на самастойную палітычную кампанію. БТ заяўляе, што Кавалькова налічыла 510 тысяч еўра. Кавалькова пасля гэтага, не згадваючы сумаў і мэтаў, кажа, што гэта «той аб’ём, каб рэалізаваць усе ідэі, якія могуць прывесці да нейкага выніку», бо «адныя паездкі не прывядуць да нейкага выніку».
  • Урывак 4. Кавалькова казала, што нейкія рэчы плануюць рэалізоўваць па другім разе. Яна затым адзначала, што каб у сённяшняй няпростай сітуацыі рэалізоўваць нейкія стратэгіі, патрэбны рэсурс, у тым ліку чалавечы. Таксама Кавалькова казала, што патрэбны перагляд нейкай стратэгіі, але «офіс не гатовы яе пераглядаць», а яна адчувае, што людзі гэта бачаць і губляюць інтарэс да апазіцыі, бо тая займаецца або «верхнеўзроўневымі», або зусім унутранымі працэсамі.
  • Урывак 5. Кавалькова расказвала, што хтосьці абмяркоўвае свае перспектывы і пытанні адносна Еўразвязу і міжнародных дамоваў. Яна выказала асцярогу, што праз год-паўтара ў людзей будзе яшчэ больш расчаравання, калі не будзе канкрэтных вынікаў, бо ў апазіцыі, што сфармавалася пасля 2020 года, «больш за палову шляху пройдзена» да чагосьці неназванага. Яна казала, што «мы» (хто, незразумела) не могуць паказаць нейкі вынік, а калі прадстаўляюць вынік, то гэта «сваркі ці ўнутраныя разборкі». У мінулыя два гады, казала Кавалькова, ейным асноўным мэсэджам было тое, каб Ціханоўская і Павел Латушка прыходзілі кудысьці (неразборліва, але падобна да «в правительство») са сваімі ідэямі і атрымлівалі зваротную сувязь. У іх (каго, няма пэўнасці – фраза абрэзаная) быў страх, казала Кавалькова: «Навошта прыходзіць, бо мы самі ведаем?» І гэты хтосьці баяўся крытыкі ад кагосьці.
  • Урывак 6. Кавалькова, запэўнівае, што адчувае сілы і заўсёды іх адчувала, у тым ліку ў 2020 годзе.  Паводле БТ, так яна адказвала на пытанне аб тым, ці гатовая яна ўзначаліць апазіцыйны рух. Кавалькова (пасля чарговага абрэзанага фрагменту) кажа, што з кімсьці (паводле БТ, з Ціханоўскай) не мае такіх адносінаў, «што мы сябруем прама», і што яна не ўвайшла ў офіс у 2020 годзе, не хацела тады быць у нейкай камандзе, а заўсёды мела пазіцыю самастойнага палітыка. Яна выказвала меркаванне, што мала ў каго ёсць здольнасці стаць самастойным лідарам (перад тым казала «той жа Латушка»), бо часта людзі ёсць выканаўцамі, а не носьбітамі ідэяў і стратэгіяў. На думку Кавальковай, пасля 2020 года ў беларускай апазіцыі не вырасла ніводнага лідара. Паўла Латушку яна наўпрост назвала «самым канфліктным у дэмакратычнай супольнасці», са смехам дадала, што «адзіны чалавек, якога ён баіцца, гэта я».
  • Урывак 7. Кавалькова казала, што «ёсць вельмі шмат прагматычных людзей» і (пасля абрэзанага кавалку размовы) што «Латушка, хутчэй за ўсё, не, а вось Франак, мне здаецца, дастаткова прагматычны» (гаворка пра дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку). Таксама Кавалькова казала, што «палітыка – справа рызыкоўная», што ў ёй без рызыкаў немагчыма, але яна сама заўсёды атрымлівала вынік, калі рызыкавала.
  • Урывак 8. Кавалькова згадала, што ў 2019 годзе, калі абмяркоўвалася «паглыбленне інтэграцыі» Беларусі ў Расею, яна брала ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі, але тое не былі пратэсты супраць Расеі як такой.
  • Урывак 9. Кавалькова кажа, што не бачыць у нечым «агромных праблем». Паводле БТ, гэта быў адказ на пытанне аб тым, ці не будзе для яе праблемай тое, што фінансаванне будзе ад расейскіх элітаў расейскімі рублямі.
  • Урывак 10. Кавалькова адзначае, што нейкую інфармацыю можа ведаць толькі малая колькасць людзей. Таксама яна кажа, што хтосьці аб нечым негатыўна выказваецца і што ў старой беларускай апазіцыі ёсць «негатыўныя моманты» адносна расейскай апазіцыі і Расеі агулам – яна раіць «з некаторымі людзьмі быць паасцярожней». Затым (пасля абрэзанага кавалку размовы) Кавалькова адзначае, што бачыць сваёй задачай зрабіць штосьці канфідэнцыйным. Кавалькова таксама казала, што цяпер яна сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», але калісьці пасля 2020 года палітычнае поле ў Беларусі будзе зусім іншым. Таксама паказалі асобныя фрагменты фразаў: у адным Кавалькова кажа, што цяпер у турме сядзіць адзін з лідараў БХД Павел Севярынец, у другім – што камусьці «яму» гатовая  «гэты праект аддаць».
  • Урывак 11. Кавалькова расказвае, што «палітыкам зарабіць нельга», бо ніхто ў свеце не стане падтрымліваць «палітыка як палітыка»: Еўразвяз фінансуе ініцыятывы і праекты грамадзянскай супольнасці.
  • Урывак 12. Кавалькова сумняецца: нешта магчыма, але яна не ведае, ці гэта добры варыянт, бо ў Польшчы і ў Еўразвязе «доступ да інфармацыі ёсць, трэба прадстаўляць справаздачы». Паводле БТ, яна гэтак адказвала на пытанне аб магчымасці рэгістрацыі нейкай арганізацыі «пад праект нашага ўзаемадзеяння».
  • Урывак 13. Кавалькова пагаджаецца: «Мы ў мінулы раз таксама такую выснову зрабілі». Паводле БТ, ёй казалі, што грашовы перавод небяспечны, а самы бяспечны спосаб перадачы грошай – наяўнымі. Таксама, паводле БТ, ёй прапаноўвалі падвезці грошы бліжэй да мяжы. Кавалькова перапытала (аб гэтым ці не, няма пэўнасці), «у Беларусі?», і сказала, што «ў Беларусі ёсць, канешне». Затым, паводле БТ, яе спыталі, ці задаволіць яе атрыманне грошай у расейскіх рублях. Кавалькова (на гэта ці не) сказала, што «не ведае, што будзе з імі рабіць» і што ў ейнай сітуацыі нейкі варыянт не падыходзіць, а штосьці (паводле БТ, атрыманне сумы ў еўра) было б для яе зручней.
  • Урывак 14. Кавалькова ківае і на развітанне кажа: «Добрага дня!»
  • Урывак 15. Кавалькова смяецца: калі цікавіць нешта канкрэтнае, як нейкае канкрэтнае прадпрыемства, пра гэтае канкрэтнае трэба размаўляць. Паводле БТ, яе пыталі аб магчымасці прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў «нашым шэфам», калі Кавалькова прыйдзе да ўлады. Затым Кавалькова кажа, што «таксама гэта разумее».

Вядоўца рэзюмуе: «Вось так мы купілі ручную прэзідэнтку». Ды наўпроставай згоды Кавальковай узяць расейскія грошы ці аддаць беларускія заводы не паказвае.

Што кажа пра гэта сама Кавалькова

Вольга Кавалькова расказала «Белсату», што спачатку на яе выйшаў праз Facebook нібыта прадстаўнік тэлеканалу «Дождь» і ўзяў інтэрв’ю, а таксама расказаў, што ёсць цікавасць да яе ад сталых партнёраў з дэмакратычнай супольнасці. У той перыяд яна камунікавала з рознымі расейскімі ініцыятывамі пасля леташняга «World Liberty Forum» у Вільні. Затым на яе выйшла дзяўчына, якая прадставілася Вольгай і сказала, што працуе памочніцай Міхаіла Хадаркоўскага – некалі алігарха, затым палітвязня, а цяпер аднаго з вядомых расейскіх апазіцыянераў.

Па словах Кавальковай, першая размова ёй падалася дзіўнай, таму яна вырашыла больш не кантактаваць з Вольгай. Праз месяц тая зноў напісала – папрасіла расказаць пра тое, як прайшлі слуханні ў Каардынацыйнай радзе, каб падзяліцца карысным досведам.

Вольга Кавалькова ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У апошнюю размову, кажа Кавалькова, яна ўжо разумела, што камунікацыя небяспечная, таму яна і смяялася з таго, што адбываецца, і давала шмат такіх адказаў, якія ў матэрыял не ўвайшлі. Кавалькова таксама сцвярджае, што пра гэтыя размовы расказвала іншым паплечнікам і пытала, ці можна праверыць суразмоўцу.

«Мы размаўлялі ў асноўным пра тое, як беларускі досвед можна абмеркаваць разам з расейцамі, зрабіць нейкія івэнты, якія могуць быць для аднаго і другога боку карысныя і важныя», – заяўляе Кавалькова.

Яна заяўляе, што ў матэрыяле БТ ейныя адказы наклалі на зусім не тыя пытанні, на якія яна рэагавала. На ейную думку, з размоваў БТ не змагло набраць шмат матэрыялу, таму давялося шмат «наразаць і ўстаўляць» ейныя словы. Абмеркаванняў пра спонсарства ейнай палітычнай кар’еры не было, заяўляе Кавалькова, а былі толькі аб тым, каб зрабіць нейкую імпрэзу ці сустрэчу аб супрацы дэмакратычных сілаў, рэгіянальнай бяспецы, пашырэння беларускага досведу.

«Мне адгукнулася, што яны сказалі, што якраз іхная каманда падтрымлівае негвалтоўныя метады, што ім цікава было б стасавацца на гэтым падмурку. Для мяне гэта каштоўнасць, гэта было важным для пачатку камунікацыі», – тлумачыць Кавалькова.

Яна лічыць важным весці размовы з расейскімі дэмакратычнымі сіламі, калі тыя падзяляюць тыя ж каштоўнасці. Кавалькова падкрэслівае, што лічыць недастатковай цяперашнюю камунікацыю беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў: у беларусаў ёсць прыклад, як яднацца, а змена рэжыму ў Расеі важная таксама і для Беларусі.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Гэта, лічыць Кавалькова, мусіла быць адным са стратэгічных кірункаў, але цяпер беларуская дэмакратычная супольнасць лічыць «ай, не, не будзем стасавацца» з расейцамі. Яна ж бачыць важным абмеркаванні з аднадумцамі і з Расеі, і з іншых краінаў, каб рэгіён стаў у выніку больш бяспечным і каб з боку Расеі больш не было агрэсіі.

Канфліктаў з Латушкам ці Вячоркам, пераконвае Кавалькова, у яе няма: проста кожны мае свае погляды, якія могуць адрознівацца, а адказы вырваныя з кантэксту.

«Але гэта не азначае, што мы раз’яднаныя: гэта азначае проста, што ў нас ва ўсіх розныя меркаванні. І канешне, задача і сённяшняга рэжыму, і прапагандыстаў, і Расеі, я думаю, у тым, каб усе былі раз’яднаныя, каб не было агульнага цэнтру», – тлумачыць яна.

На думку Кавальковай, мэтай матэрыялу БТ было раз’яднанне беларускіх дэмакратычных сілаў, але каб паказаць такую карцінку, як хацелі аўтары, давялося шмат «далепліваць» ад сябе.

Агляд
Сорак хвілін абсурду, кошт якога – 15 гадоў: што не так з фільмам ОНТ пра аналітыка Андрэя Паротнікава
2023.08.30 09:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў