Беларускі памежны камітэт паведаміў пра закрыццё Літвою пункту пропуску «Мядзінінкай»


Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі сцвярджае, што Літва спыніла рух транспарту праз пункт пропуску «Мядзінінкай – Каменны Лог». Камітэт не ведае, чаму памежнікі суседняй краіны прынялі такія захады, аднак адразу заявіў пра адказнасць літоўцаў «за абвастрэнне сітуацыі на мяжы і стварэнне чэргаў».

Закрыты памежны пераход «Мядзінінкай – Каменны Лог» на літоўска-беларускай мяжы. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: Telegram-чат «Граница Беларусь-ЕС»

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што а 13-й гадзіне паводле менскага часу Літва «у аднабаковым парадку спыніла афармленне асобаў і транспартных сродкаў у пункце пропуску «Мядзінінкай – Каменны Лог».

Кіроўцам параілі абіраць альтэрнатыўныя маршруты.

«Уся адказнасць за пагаршэнне сітуацыі на мяжы і ўтварэнне чэргаў ляжыць на літоўскім баку», – заявілі ў ведамстве.

Інфармацыю пра закрыццё гэтага памежнага пераходу пацвярджаюць у чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы. Там з’яўляюцца непацверджаныя звесткі пра агароджу, якую паставілі на дарозе літоўскія службы. Там цалкам спыніўся рух у абодвух кірунках.

У чатах таксама паведамляецца, што прычынаю інцыдэнту стаў мігрант, якога не пусцілі ў Літву і потым не пусцілі назад у Беларусь. Мужчына нібыта сеў на нейтральнай паласе, і літоўскія памежнікі спынілі працу.

Памежная ахова Літвы сітуацыю пакуль не пракаментавала.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 14:00 у чарзе ў пункце Каменны Лог – 190 цяжкавікоў, чаргі легкавікоў і аўтобусаў няма.

Напярэдадні, 7 ліпеня, Літва часова ўзнавіла кантроль на межах унутры ЕЗ у звязку з самітам NATO, які адбудзецца ў Вільні 11–12 ліпеня.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў