Віцэ-спікерка Алена Жываглод пайшла з Каардынацыйнай рады. Ейнае месца, магчыма, заняў Рудзік


Алена Жываглод вечарам 7 лютага паведаміла чальцам Каардынацыйнай рады, што складвае паўнамоцтвы. Ян Рудзік заявіў, што раз віцэ-спікерка сышла, то пасада віцэ-спікера пераходзіць да яго. Спікер Андрэй Ягораў у гэтым не ўпэўнены.

Святкаванне Дня Волі ў Варшаве, Польшча. На здымку (пасярэдзіне) – Ян Рудзік. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У ноч на 8 лютага Ян Рудзік паведаміў у тэлеграм-канале «Моладзевы наступ», што становіцца віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады. Былая віцэ-спікерка Алена Жываглод склала з сябе паўнамоцтвы, а Рудзік вырашыў, што ў такім выпадку Статут Каардынацыйнай рады робіць яго віцэ-спікерам, бо ён заняў трэцяе месца на выбарах спікера.

Алена Жываглод пацвердзіла «Белсату», што склала з сябе паўнамоцтвы і цалкам выйшла з Каардынацыйнай рады, бо 8 лютага мусілі скончыцца паўнамоцтвы ўсёй Каардынацыйнай рады. Але Каардынацыйная рада 8 лютага ўнесла змены ў Статут і працягнула свой мандат да першага дня агульнага пасяджэння наступнага складу.

Ды спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў даў такі каментар: прамой нормы, якая рабіла б Рудзіка віцэ-спікерам, няма, «таму пытанне абмяркоўваецца».

Рудзік спасылаецца на пункт 4.2.2 Статуту КР. Ды гэты пункт кажа, што віцэ-спікер – той, хто заняў другое месца на выбарах спікера, і што віцэ-спікер займае пасаду спікера ў выпадку змушанай адсутнасці апошняга, а пасаду віцэ-спікера тады займае той, хто заняў наступнае (трэцяе) месца на выбарах спікера. Пра выпадак, калі менавіта віцэ-спікер сам пакідае пасаду, Статут не кажа.

Шчыра кажучы
Пра звальненне Пратасевіча, прычыны сыходу з Nexta, далучэнне да палка Каліноўскага – на паліграфе Ян Рудзік
2024.01.17 12:14

Ян Рудзік у каментары «Белсату» заявіў, што стаў віцэ-спікерам КР і атрымаў пацвярджэнне гэтага ад сакратарыяту КР.

Выбары ў КР, якія планавалася правесці ў лютым, пакуль не арганізавалі, дату і спосаб галасавання не назвалі. Але Рудзік мяркуе, што, раз выбары не зладзілі, КР працягвае паўнамоцтвы:

«Праз тое, што арганізацыя выбараў, як на мой погляд, з самага пачатку была такая даволі мёртванароджаная ідэя, прадказальна, гэтая ўся справа зацягваецца. Таму, адпаведна, праз тое, што бюракратычная сістэма не можа так проста ўзяць і знікнуць, яна працягвае свае паўнамоцтвы да таго моманту, пакуль выбары не адбудуцца. Таму мяркую, што віцэ-спікерам я надоўга».

Рудзік не ўпэўнены, што выбары ў цяперашнім фармаце – добрая ідэя. Прапанова Аб’яднанага пераходнага кабінету правесці прамыя прапарцыйныя выбары паводле адкрытых спісаў яму падаецца «абсурднаю». Адпаведна, кажа Рудзік, ён не думае, што арганізацыю выбараў трэба прыспешваць – і што наогул гэтыя выбары варта праводзіць.

Ужо некаторы час Рудзік знаходзіцца ў складзе медыягрупы палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны. Таму ён не ўпэўнены, ці варта яму ўплываць на выбары ў Каардынацыйную раду: маўляў, калі з’язджаў у полк, абвясціў, што праца ў КР яму «ўжо не вельмі цікавая». Але «лёс усё роўна туды закідвае».

«Мабыць, трэба паглядзець нейкі іншы варыянт, які насамрэч па сваіх выніках зрабіў бы з Каардынацыйнай рады прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў, а не філію Офісу Ціханоўскай», – разважае Рудзік.

Ён абяцаў пракансультавацца з паплечнікамі з «Руху беларускіх нацыяналістаў», палітычнаю групаю палка Каліноўскага і з Зянонам Пазняком, якога называе сваім настаўнікам. Праз некалькі дзён Рудзік абяцаў сказаць, якія мае планы на Каардынацыйную раду і ці мае іх наогул.

Жываглод – не першая дэлегатка, якая пакінула Каардынацыйную раду: дзевяць дэлегатаў у снежні напісалі петыцыю за роспуск КР, восем з іх пакінулі КР.

Каментар
Што не так з Каардынацыйнаю радаю? За месяц пайшлі васьмёра дэлегатаў, ёсць петыцыя за роспуск
2024.01.05 16:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў