Злучаныя Штаты дадуць Украіне касетныя боепрыпасы. Няўжо яны не забароненыя?


Пакуль праваабаронцы вінавацяць Расею ў бесчалавечным выкарыстанні касетных боепрыпасаў, у Злучаных Штатах цыркулююць чуткі аб перадачы такіх снарадаў Украіне. Расказваем, што гэта за боепрыпасы і чаму яны «недазабароненыя».

Абноўлена. Злучаныя Штаты анансавалі перадачу Украіне касетных боепрыпасаў. Дарадца прэзідэнта Джэйк Саліван растлумачыў: рызыкі для мірных жыхароў ад захопу Расеяй новых тэрыторыяў пераважваюць рызыкі ад выкарыстання касетных боепрыпасаў.

Касетная бомба
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Касетная бомба CBU-87B на самалёце F-16 падчас праверкі эфектыўнасці боепрыпасаў. Авіябаза Эглін, ЗША. 31 жніўня 1982 года.
Фота: Combined Military Service Digital Photographic Files / Picryl.com

Доўгі шэраг амерыканскіх і міжнародных выданняў 6-7 ліпеня расказвае, што ЗША дадуць Украіне касетныя боепрыпасы. На момант публікацыі афіцыйнага анонсу не было.

Як піша «Associated Press» са спасылкай на ўласныя крыніцы, адміністрацыя прэзідэнта ЗША мае анансаваць гэта 7 ліпеня ў межах чарговага пакету дапамогі Украіне на $ 800 млн – разам з бронемашынамі «Bradley» і «Stryker», снарадамі да сістэмаў HIMARS і да гаўбіц. «Reuters» сцвярджае, што ЗША збіраюцца перадаць касетныя снарады менавіта для 155-мм гаўбіц. «The Washington Post» называе канкрэтны боепрыпас: M864, які вырабляецца з 1987 года.

Снарад M864. У сярэдзіне – субснарады M42 або M46. Выява: man.fas.org

Што такое касетныя боепрыпасы

Касетныя або кластарныя боепрыпасы – гэта тыя, якія пры выбуху раскідваюць меншыя боепрыпасы. Гэта як дывановае бамбаванне, толькі ў меншых маштабах: не адзін снарад ляціць у адну кропку, а мноства снарадаў раскідваецца па вялікай плошчы. Згаданы амерыканскі снарад M864 можа несці 24 або 48 меншых снарадаў (субснарадаў), падобных да ручных гранатаў. Яго можна выкарыстоўваць супраць бранятэхнікі, механізаваных групаў, шырокіх умацаваных плошчаў. M864 могуць выстрэльваць на далёкасць да 29 км, раскідваць меншыя снарады на плошчу да паўгектара – амаль як футбольнае поле.

Упершыню такія снарады сталі масава выкарыстоўваць нацысты ў Другой сусветнай вайне: SD-2 або «бомба-матылёк» раскрывалася ў палёце і раскідвала да сотні меншых боепрыпасаў. Такія бомбы выкарыстоўвалі спачатку супраць Злучанага Каралеўства, а потым і супраць Савецкага Саюзу.

Савецкая бомба РРАБ
Савецкая бомба РРАБ, якую фіны называлі «хлебным кошыкам Молатава». Фінляндыя. 1940-я гады.
Фота: sa-kuva.fi

Адначасова з нацыстамі СССР выкарыстоўваў касетныя боепрыпасы ў меншых маштабах у нападзе на Фінляндыю. Бомбы РРАБ, якія мелі асноўны боезарад і раскідвалі яшчэ з сотню запальвальных снарадаў. Фіны называлі тыя савецкія бомбы «хлебнымі кошыкамі Молатава» – хадзіла легенда, што савецкі народны камісар замежных справаў нібыта заяўляў, што Хельсінкі не бамбяць, а раскідваюць галодным фінам хлеб.

Пазней свае касетныя боепрыпасы распрацавалі ЗША, СССР, Італія і іншыя – агулам тры дзясяткі краінаў. Снарады могуць быць запальвальныя (у тым ліку з белым фосфарам ці напалмам), хімічныя, супрацьпяхотныя ці супрацьтанкавыя. Ёсць касетныя боепрыпасы, якія раскідваюць міны, а ёсць тыя, якія раскідваюць драты, каб выклікаць кароткія замыканні ў электрасетках. Ёсць і снарады, якія могуць раскідваць прапагандысцкія ўлёткі. Існуюць таксама «разумныя» касетныя боепрыпасы, у якіх субснарады маюць уласныя сістэмы навядзення, але пакуль яны не маюць шырокага распаўсюду.

Hавiны
«Гэта дакладна быў белы фосфар», – беларускі ваяр Урбановіч пра абстрэлы ў Бахмуце
2023.05.12 14:34

Хто і чаму іх забараняе

З касетнымі боепрыпасамі дзве асноўныя праблемы. Па-першае, праз вялікую плошчу рассейвання яны нясуць высокую пагрозу не толькі цэлі, а і ўсяму навокал цэлі. Па-другое, субснарады далёка не заўсёды выбухаюць, калі трэба, і могуць дзясяткамі гадоў ляжаць у зямлі як непрадказальныя міны – або чакаць дзяцей, якія знойдуць тое, што могуць успрыняць як «цацку».

У 2009 годзе на Мальце 11-гадовы хлопчык знайшоў цікавую «жалезку», а тая аказалася субснарадам нямецкай «бомбы-матылька» з Другой сусветнай – у гэтым выпадку ўсё скончылася добра, але гэткае рэха даўняй вайны заставалася смяротна небяспечным. Толькі ў Косаве за 24 гады з тамтэйшай вайны 178 чалавек падарваліся на субснарадах касетных бомбаў. Як паказвае выпадак з Мальты, косаўцам яшчэ доўга давядзецца баяцца невядомых «жалезак».

Паводле звестак Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжу, можа не выбухаць да 40 % субснарадаў. Глабальна большасць ахвяраў касетных боепрыпасаў – мірныя жыхары, якія складаюць, паводле розных падлікаў, да 90 % пацярпелых, калі не больш.

Тэст амерыканскай сістэмы WCMD кампаніі «Lockheed Martin» – спроба ператварыць некіраваныя касетныя боепрыпасы ў больш дакладную зброю праз карэктаванне на вецер:

Да нядаўняга часу касетныя боепрыпасы ніхто не забараняў. Толькі ў 2008 годзе была распрацаваная Канвенцыя па касетных боепрыпасах, якая набыла моц летам 2010-га. Краіны-падпісанты абавязаліся не ўжываць боепрыпасы пэўных параметраў (не ўсе касетныя, але пераважную большасць), не распрацоўваць іх і не вырабляць, не захоўваць і не перадаваць іншым.

На 2023 год канвенцыю ратыфікавалі 111 краінаў, падпісалі і пакуль не ратыфікавалі яшчэ 12. Ад падпісання канвенцыі адмаўляюцца Бразілія, Грэцыя, Егіпет, Злучаныя Штаты, Ізраіль, Індыя, Іран, Кітай, Пакістан, Паўночная Карэя і Паўднёвая Карэя, Польшча, Расея, Румынія, Сінгапур, Турэччына. У ліку падпісантаў няма і Беларусі, і Украіны. За адмову падпісаць канвенцыю, як і за ўласна выкарыстанне касетных боепрыпасаў, санкцыяў ці іншых пакаранняў не ўводзяць, але выкарыстанне касетных боепрыпасаў можа разглядацца як ваеннае злачынства ў пэўных абставінах – як то ў населеных пунктах. Але выкарыстанне такіх зарадаў у полі, дзе няма цывільных, не лічыцца ваенным злачынствам.

Адмова ад канвенцыі не значыць, што краіна выкарыстоўвае касетныя боепрыпасы. Так, Польшча сцвярджае, што ніколі іх не ўжывала апроч як на вучэннях, і нават пра выкарыстанне касетных боепрыпасаў на палігонах апошні раз паведамлялася больш за 10 гадоў таму. Але ад запасаў такіх боепрыпасаў Польшча не адмаўляецца, бо не бачыць ім альтэрнатывы ў справе нацыянальнай абароны, хоць прызнае гуманітарныя праблемы.

Злучаныя Штаты ў 2017 годзе абавязаліся не выкарыстоўваць касетныя боепрыпасы, у якіх не выбухае звыш 1 % субснарадаў, а экспарт такіх снарадаў забаронены з 2009 года (але прэзідэнт можа рабіць выключэнні з забароны). Самі Штаты апошні раз выкарыстоўвалі касетныя боепрыпасы ў Емене ў 2009 годзе, апошні раз выраблялі ў 2016-м.

Паводле «Reuters», амаль усе запасы касетных боепрыпасаў ЗША маюць каэфіцыент неспрацоўвання вышэй за 1 %. На брыфінгу, аб якім расказвала «Associated Press», амерыканскі генерал Пэтрык Райдэр казаў, што не разглядаецца перадача Украіне старых боепрыпасаў, у якіх не выбухае звыш 2,35 % снарадаў, а для перадачы пільна адбіраюць боепрыпасы з як мага меншым каэфіцыентам неспрацоўвання.

Разбор
«F-16» – што за самалёты чакае Украіна і дзе можа іх выкарыстаць?
2023.05.22 16:29

Чаму іх хочуць даць Украіне

Як піша «The New York Times», перад прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам стаіць дылема: ці рызыкі пераважваюць тое, што ва Украіны могуць скончыцца боепрыпасы, патрэбныя для наступу.  Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі настойвае, што касетныя боепрыпасы – найлепшы сродак супраць расейскіх войскаў, якія акапаліся ў траншэях.

«Politico» сцвярджае, што погляды адміністрацыі Байдэна на гэтае пытанне змяніліся за апошні год, бо Украіна разыходуе запасы звычайнай зброі (запасаў якой у Расеі на парадкі больш), а касетныя боепрыпасы будуць карысныя ў любой наступальнай аперацыі, але ў ЗША застаюцца сумневы адносна «еднасці саюзнікаў».

Украінскі паліцыянт разміноўвае расейскі снарад РБК-500
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі паліцыянт разміноўвае расейскі снарад РБК-500 з касетнымі супрацьтанкавымі боепрыпасамі. Гарадняцкая грамада Чарнігаўскай вобласці, Украіна. 11 траўня 2022 года.
Фота: npu.gov.ua

Яшчэ адна прычына перадаць Украіне такія боепрыпасы – тое, што іх у вайне ва Украіне ўжо даўно і актыўна выкарыстоўвае Расея, якая лічыць іх шкоднымі «толькі пры няправільным выкарыстанні». Праваабаронцы таксама вінавацяць Украіну ў выкарыстанні касетных боепрыпасаў, але камісія пры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў бачыла прыкметы выкарыстання касетных боепрыпасаў Украінай толькі ў некалькіх выпадках атак на ізюмскім напрамку.

Украінская дэпутатка Аляксандра Усцінава, паводле «Associated Press», тлумачыла, што ўкраінскім сілам і так даводзіцца разміноўваць вялікія тэрыторыі, вызваленыя ад расейскай акупацыі, таму субснарады ад выкарыстання Украінай касетных боепрыпасаў не створаць новай праблемы.

Аналітыка
Поспехаў украінскага наступу амаль не відаць на мапах. Як гэта перажываюць украінцы?
2023.06.30 20:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў