МАЗ хоча «Volvo»

Пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой заявіў у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу, што МАЗ гатовы заняць пустыя плошчы новенькага заводу «Вольва» ў Калужскай вобласці і запусціць там вытворчасць цяжкавікоў, аўтобусаў ці электратэхнікі. Было адчуванне, што амбасадару ўсё роўна, што менавіта там запускаць, галоўнае – «заняць». І, здаецца ж, дарослы мужчына, пры гальштуку. Салідны такі. Давайце задумаемся, да чаго б магло прывесці такое развіццё падзеяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: East News

Завод цяжкавікоў шведскай кампаніі «Volvo» адкрыўся ў крызісным 2009 годзе і выпускаў тэхніку не толькі пад уласнаю маркай, але яшчэ і пад маркаю «Renault». Заяўлены аб’ём вытворчасці – 15 тысячаў штук за год. Гэта быў першы завод камерцыйнай аўтатэхнікі, адкрыты замежнымі вытворцамі ў Расеі.

Нягледзячы на розніцу ў коштах, «Volvo» актыўна выцясняла з Расеі МАЗ, і ў 2021 годзе прадала на гэтым рынку 5,8 тысячы цяжкавікоў, заняўшы 4-е месца. МАЗ быў пятым з вынікам 5,5 тысячы. Трэба, вядома, памятаць, што для шведаў рынак Расеі перыферыйны – не больш за 2 % у агульным абʼёме продажаў, для беларусаў жа саюзная Расея – рынак збыту ключавы.

Пачалася вайна, і «Volvo» заявіла пра закрыццё бізнесу. Ужо больш за год завод прастойвае, вецер гуляе па цэхах, і тут мы: «Добры дзень!» Што будзе, калі беларускіх менеджараў дапусцяць да кіравання гэтым прадпрыемствам? Умовы і кошт давайце пакуль апусцім, не так гэта істотна. Ну, вось уявім, заўтра ў Калузе высаджваецца беларускі дэсант. І?

«Volvo», вядома, не пакінула магчымасці вырабляць уласныя якасныя і сучасныя мадэлі. З чаго б? Дый калі б пакінула – камплектавальных жа ўсё роўна няма. Значыць, трэба будзе запускаць нешта, што ўжо вырабляецца ў Беларусі. Гэта значыць, наймаць персанал, укладвацца ў абаротныя сродкі, наладжваць працу канвеера.

Ці будзе такая вытворчасць таннейшая, чымся ў Беларусі? З чаго б? Камплектавальныя тыя ж, спосаб арганізацыі, тэхналагічныя працэсы – беларускія, кошт персаналу – больш высокі. Ну так, можна крыху заашчадзіць на транспартавых выдатках і толькі, але ўкладанні спатрэбяцца, і не маленькія.

Ці паўплывае гэта на абʼём продажаў «МАЗаў» у Расеі? Якім чынам? Сёння і КамАЗ, і МАЗ разгромна прайграюць канкурэнцыю кітайскім вытворцам. Нягледзячы на аднаўленчы рост расейскага рынку, доля МАЗу на ім сціскаецца: цягам чатырох першых месяцаў прададзеныя толькі 2000 цяжкавікоў. То бок за год добра калі на 6000 выйдзем.

Кітайцы мацнейшыя, яны ўжо займаюць каля 50 % рынку ў Расеі, таму яшчэ адна вытворчая пляцоўка праблемы ніяк не развязвае. Вырабляючы нешта ў Калузе, прыйдзецца адмаўляцца ад вытворчасці такога ж абʼёму ў Менску. Дзіўная была б стратэгія.

Таму ідэя, пры ўсёй сваёй прыгажосці, бессэнсоўная. Дый сам канцэрн «Volvo» пакуль не збіраецца камусьці нешта дарыць. Афіцыйна ён шукае пакупнікоў на свае расейскія актывы, і прэтэндэнты ёсць. Першы з іх – якраз кітайскі канцэрн «FAW», актыўна развіваецца на расейскім рынку. Яму пляцоўка патрэбная, і ён, у адрозненне ад Дзмітрыя Крутога, гатовы заплаціць нейкія грошы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі, гатовыя да транспартавання на стаянку «FAW Jiefang» на паўночным усходзе Кітаю.
Фота: Xu Chang / Xinhua News Agency / Forum

Дый калі не кітайцы, то чаму не КамАЗ? Ну, раз ужо пляцоўка пустуе. З якой прычыны расейскія ўлады павінны зрабіць выбар на карысць МАЗу, маючы магутнага мясцовага вытворцу? Нагадаю: КамАЗ мала таго, што мае выручку ў 3-4 разы вышэйшую, чымся МАЗ, дык яшчэ і ёсць прыбытковым прадпрыемствам, у адрозненне ад нашага даўно пацямнелага «фамільнага срэбра».

Само па сабе існаванне МАЗу ў беларускай эканоміцы сёння бессэнсоўнае. Ён, вядома, усё яшчэ забяспечвае працаю блізу 14 тысяч працаўнікоў, але ўжо доўгія гады за яго працу плоцяць беларускія падаткаплатнікі. І плоцяць столькі, што танней было б папрасіць заводцаў проста сядзець па дамах і плаціць ім заробак – толькі б не працавалі, не наносілі шкоды бюджэту.

І такія ініцыятывы пасла толькі адцягваюць увагу ад сапраўдных праблемаў.

Дык можна ж там, у Калузе, аўтобусы мазаўскія вырабляць, тыя, што самыя загараюцца. Каб забяспечыць незабыўным адчуваннем падарожжа «з агеньчыкам» не толькі жыхароў гораду на Няве, але і іншых расейскіх мястэчак.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў